Пернік за 50 долараў

Больш за ўсё пасля выбараў насельніцтва Беларусі дзівяць цэны. Яны падвышаюцца хутчэй, чым растуць заробкі.

У чым справа? Бо не могуць не здзіўляць высілкі дзяржавы, каб нарэшце накарміць народ лепей, чым ён некалі карміў сябе сам. Калісьці большасць беларусаў жылі на вёсцы ды парабкавалі на розных паноў ды камісараў. З цягам часу гараджан стала нашмат болей. Раней было як? Захацелася табе кілбасы, узяў нож — пайшоў і адрэзаў. Зараз — усё за грошы.

Больш за ўсё пасля выбараў насельніцтва Беларусі дзівяць цэны. Яны падвышаюцца хутчэй, чым растуць заробкі.

У чым справа? Бо не могуць не здзіўляць высілкі дзяржавы, каб нарэшце накарміць народ лепей, чым ён некалі карміў сябе сам. Калісьці большасць беларусаў жылі на вёсцы ды парабкавалі на розных паноў ды камісараў. З цягам часу гараджан стала нашмат болей. Раней было як? Захацелася табе кілбасы, узяў нож — пайшоў і адрэзаў. Зараз — усё за грошы.

З гэтай нагоды адмыслоўцы зрабілі каштарыс нашых запатрабаванняў. І прыйшлі да высновы, што, прыкладам, кавалю на дзень патрэбна есці па сто грамаў сала, а настаўніцы пачатковых класаў дастаткова і трыццаці.

Але настаўніцы патрэбны калготкі, якія ў сярэднім (вызначылі спецыялісты) псуюцца з хуткасцю 0,8 пары на месяц. А свае нагавіцы сярэдні каваль можа насіць нават 8 месяцаў, не здымаючы з ног. З дапамогай такіх падлікаў было вызначана, колькі хто павінен зарабляць.

Адпаведна, у незалежнай Беларусі быў вызначаны гарантаваны дзяржавай мінімальны «спажывецкі кошык» — у які паклалі ўсё патрэбнае для выжывання чалавека. Кошык быў такі ж невялікі, як і сярэдні заробак па краіне. Газета «СБ» — Беларусь сегодня» пад выбарчыя кампаніі звычайна прыводзіць адпаведныя разлікі. Маўляў, у чэрвені 1994 года сярэдні заробак у Беларусі складаў 30 долараў. Праз 16 гадоў Лукашэнка падвысіў яго да 480 долараў. У 16 разоў! Пляскайце ў ладкі, шчырыя беларусы! Раней вы плацілі за камунальныя паслугі, пілі-елі, жаніліся і паміралі за трыццаць долараў, а зараз — за 480! Паміраеце...

Учора зайшоў у краму: хлеб каштуе 1 долар, ліверная каўбаса 2 долара, сасіскі-сардэлькі 4 долары, каўбаса тыпу «адэскай» — 6 долараў, тыпу «кракаўскай» — 8 долараў, і вышэйшыя гатункі (сыравэнджаныя) — 10 і болей долараў. Для далейшых падлікаў трэба мець у кішэні калькулятар. Адносна таннымі застаюцца толькі соль і запалкі.

Такім чынам, за адзін, максімум два паходы ў краму гаспадыня сёння выдаткоўвае суму, эквівалентную сярэднемесячнаму заробку 1994 года.

Што казаць, мой ільготны (на самай справе) месячны праязны квіток на электрычку плюс абанемент на метро, аўтобус і тралейбус, каштуюць прыкладна 100 тысяч рублёў. 33 долары — болей, чым намінальны сярэднемесячны заробак у 1994 годзе па краіне.

Дарэчы, тагачасны беларускі прэм’ер Вячаслаў Кебіч «зарабляў» прыкладна 100 умоўных адзінак, а Лукашэнка праз пяць гадоў — 200. Што не змушала яго да эканоміі на кішэнных выдатках. Канькі, лыжы, клюшкі, амуніцыя, «мерседэсы» і новы «боінг». Але трэба ўлічыць, што брэнд «тата Колі» мае зорны статус.

Як казалі простыя людзі, каб па «перабудовачных» заробках былі тавары па «застойных» цэнах, нічога лепшага і не трэба.

Так разважаюць нават палітыкі пры ўладзе. Але, як той прапойца, які пакляўся з панядзелка не піць, друкуюць новыя грошы і ў аўторак. Ад панядзелка да панядзелка.

Гэту «прапазіцыю» можна ўдакладніць. За 2009 год рэальны заробак беларусаў зменшыўся на 0,4%. Крызіс. Хоць Лукашэнка і паспрабаваў яго падвысіць, і ўжо нават было надрукавана рашэнне ўрада аб павялічэнні з 1 лістапада 2008 года памеру мінімальнага тарыфу аплаты працы, Міжнародны валютны фонд не параіў гэтага рабіць. Каб не правакаваць інфляцыю. Паколькі МВФ тады выдаў Беларусі пазыку ў памеры 3 мільярда долараў, давялося паслухацца. Потым была дэвальвацыя, якая зменшыла доларавы эквівалент заробкаў на 20%, потым усё астатняе, добра і сумна вядомае.

Карацей, трэба было пачынаць жыць па сродках. Але няўмольна набліжалася дата чарговых выбараў. І кожны «дурань ці разумны» меў права спытаць, ці выканае Лукашэнка сваё абяцанне павялічыць намінальны сярэдні заробак да 500 долараў. Той адказваў станоўча. Праўда, спачатку народ кармілі абяцанкамі. А ў лістападзе, яшчэ болей у снежні, адчынілі скарбонку. У снежні параўнальна з лістападам намінальная налічаная сярэдняя заработная плата павысілася на 11,7%, або на 167,5 тысячы рублёў. Перадвыбарчы пернік важыў больш за 50 долараў.

Пасля гэтага можна было запытаць — хто ж супраць? Супраць выступіў ужо пасля выбараў новы старшыня ўрада Міхаіл Мясніковіч, які выказаў «глыбокую думку» студэнта-першакурсніка, згодна з якой рост заробку павінен адпавядаць росту прадукцыйнасці працы. А відавочна, што ў снежні яна не павысілася на 11,7%. Яго падтрымалі і прадстаўнікі МВФ у Беларусі. Лукашэнка, трэба меркаваць, цалкам з імі пагадзіўся. І супакоіў: я даў, я і назад забяру. Тыя 50 долараў, які на Каляды атрымаў сярэднестатыстычны беларус. Пачалі з тых, хто мае шкодныя звычкі. Гэта каб улагодзіць жонак, у якіх мужы выпіваюць. Павялічылі кошты на гарэлку, на цукар (каб гарэлку не гналі), на тытунь (каб меней палілі і даўжэй жылі).

Спіртовыя напоі даюць ад 12 да 20% спажывецкага таваразвароту. Кожны дзень жывая капейчына, якую людзі самі прынясуць. А далей — па прэйскуранту. Прычым рух не спыняецца. Ужо за першы тыдзень лютага тавары мяса-малочнай групы падаражэлі на 1,3–2%, садавіна-гародніна — на 5–6,5%, мука і крупы — на 4–5%. А колькі ўжо набрала грэчка!

Што будзе далей — пабачым. Як кажуць, у Бога дзён многа, а дасканаласць абмежаванняў не прызнае.

 

Каментаваць