Першы камень

Нацбанк абвяргае чарговую дэвальвацыю. Аднак курс рубля пасля першай дадатковай сесіі на Беларускай валютна-фондавай біржы, што прайшла 14 верасня, афіцыйна ўпаў амаль у тры разы ў параўнанні з пачаткам года.

Нацбанк абвяргае чарговую дэвальвацыю. Аднак курс рубля пасля першай дадатковай сесіі на Беларускай валютна-фондавай біржы, што прайшла 14 верасня, афіцыйна ўпаў амаль у тры разы ў параўнанні з пачаткам года.

Паводле вынікаў першай дадатковай гандлёвай сесіі на Беларускай валютна-фондавай біржы, курс долара ЗША склаў 8600 рублёў, еўра — 12100, расійскага рубля — 305 беларускіх рублёў. Курс долара на дадатковай сесіі перавысіў курс долара на асноўнай у 1,6 разы. Афіцыйныя курсы, устаноўленыя Нацбанкам на 15 верасня на асноўнай гандлёвай сесіі, склалі: долар ЗША — 5355 рублёў, еўра — 7320, расійскі рубель — 176,36 беларускіх рублёў.

Нацыянальны банк задаволены ходам таргоў на першай дадатковай сесіі на Беларускай валютна-фондавай біржы, але афіцыйна прызнаваць чарговую дэвальвацыю пакуль адмаўляецца. “Мы цяпер не гаворым ні пра якую дэвальвацыю беларускага рубля з той простай прычыны, што няма зыходных пунктаў. Ёсць афіцыйны курс, і нашая стратэгічная задача — зрабіць яго адзіным раўнаважным. А на якім узроўні ўдасца гэта ажыццявіць — вось для гэтага мы дадатковую сесію і адкрылі, — заявіў намеснік старшыні Нацыянальнага банка Тарас Надольны. Паводле яго слоў, многія прадаўцы валюты занялі пазіцыю чакання, таму прапанова была невялікай: менш як 5% ад дзённай экспартнай выручкі. Гэта прыкладна 8 мільёнаў долараў. Попыт перавысіў прапанову «ў некалькі разоў».

«Курс знаходзіцца на самай верхняй мяжы (8600 рублёў за долар ЗША) і пры росце прапановы будзе зніжацца», — мяркуе Надольны. Паводле яго слоў, Нацбанк не праводзіў інтэрвенцый, і прагназуецца збліжэнне афіцыйнага курсу з рынкавым на працягу паўтара–двух месяцаў.

Разам з тым чорны рынак адгукнуўся падвышэннем курсу — старыя каціроўкі перайшлі на біржу, а на “чорным рынку з’явіліся новыя. Напрыклад, еўра прапаноўваюць купіць ад 11200 беларускіх рублёў да 14650 за адзінку, долар — ад 8700 да 10700 рублёў. У абменніках валюта пакуль не з’явілася, і абменнікі плануюць прадаваць яе з абароту, то бок тое, што прынеслі і здалі грамадзяне.

Эксперт Леанід Злотнікаў мяркуе, што рэальны курс рубля цяпер назваць складана. “Рынкавы курс вызначаюць попыт і прапанова. Але на курс уплывае дзяржава праз інтэрвенцыі Нацыянальнага банка. Нацбанк таксама прадае валюту і збівае кошты на яе, збівае рэальны курс, — гаворыць эканаміст. Ён адзначае, што цяпер у краіне склалася ненармальная сітуацыя: ёсць валюта па рыначным курсе, а ёсць па заніжаным курсе Нацбанка, але толькі для асобных катэгорый спажыўцоў.

Дзяржаўная падтрымка валютнага курсу патрабуе істотных сродкаў, чаго цяпер у Беларусі няма. МВФ пакуль адмовіў у выдачы крэдыту на запыт беларускага ўраду. Выканаўчы Савет дырэктараў МВФ заявіў, што магчымасць прадастаўлення Беларусі новага фінансавання залежыць ад узмацнення жорсткасці макраэканамічнай палітыкі ўладаў і іх прыхільнасці структурным рэформам.

“Дырэктары падкрэслілі, што для атрымання фінансавай падтрымкі ад фонду спатрэбіцца прадэманстраваць прыхільнасць моцнай эканамічнай палітыцы і структурным рэформам, — гаворыцца ў распаўсюджаным паведамленні савета. Дырэктары заклікалі ўлады аднавіць знешнюю стабільнасць шляхам далейшага ўзмацнення жорсткасці падаткова-бюджэтнай і грашова-крэдытнай палітыкі.

Міжнародны валютны фонд падтрымлівае “пераход на плаваючы курс рубля, каб усталяваць адзіны абменны курс і забяспечыць магчымасць правядзення неабходнай знешняй карэкціроўкі. Аднак у МВФ таксама канстатуюць, што “Беларусь перажывае эканамічны крызіс, а высілкі, што былі зроблены ўладамі, “былі недастатковымі для аднаўлення даверу рынкаў. Ні Міжнародны валютны фонд, ні беларускія ўлады не могуць даць прагноз адносна зніжэння афіцыйнага курсу рубля, затое прагназуюць далейшую дэвальвацыю нацыянальнай грашовай адзінкі.

Гэта вынікае з заявы намесніка выканаўчага дырэктара МВФ па Беларусі Ёхана Прадэра і дарадчыка выканаўчага дырэктара Вадзіма Місюкаўца: «Ёсць пэўныя цяжкасці, звязаныя з прапановай супрацоўнікаў фонду неадкладна зрабіць абменны курс свабодна плаваючым пры адсутнасці інтэрвенцый з боку цэнтральнага банка, — адзначаецца ў заяве. — Супрацоўнікі фонду прызнаюць, што ўстанаўленне свабодна плаваючага курсу будзе прадугледжваць далейшую дэвальвацыю. Заклапочанасць выклікае той факт, што з улікам значнага адкладзенага попыту на замежную валюту ні ўлады, ні супрацоўнікі фонду не ў стане прапанаваць абгрунтаваныя прагноз маштабаў такой дэвальвацыі».

«Відавочна, што ва ўмовах свабодна плаваючага курсу і пры адсутнасці дастатковых рэсурсаў для згладжвання рэзкіх ваганняў рызыка парушэння функцыянавання вытворчасці ў сувязі з фармаваннем інфляцыйна-дэвальвацыйнай спіралі можа апынуцца такой жа, як і спрагназаванае супрацоўнікамі фонду парушэнне ва ўмовах дзейнага рэжыму абменнага курсу, — гаворыцца ў дакуменце.

Па курсе 8 600 рублёў за долар сярэдні заробак у Беларусі (1 564 500 рублёў паводле інфармацыі Белстату) за першае паўгоддзе складае каля 180 долараў, сярэдняя пенсія — 70 долараў. Памятаеце, у мінулым годзе некаторыя галасавалі за абяцанне заробку ў 500 долараў?

Каментаваць