Першы пайшоў!

Першы, які пайшоў на прэзідэнта, гэта, канешне, Аляксандр Лукашэнка. За яго новае вылучэнне на прэзідэнта за пяць дзён, калі верыць ягоным паплечнікам, сабрана ўжо 600 тысяч подпісаў. Але першы з апанентаў Лукашэнкі, які сабраў сто тысяч подпісаў за сваё вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты, стаў Уладзімер Някляеў.

Як паведаміла прэс-сакратар Някляева Юлія Рымашэўская, колькасць сабраных подпісаў на раніцу 13 кастрычніка склала 101 312. Збор подпісаў у падтрымку Уладзіміра Някляева будзе працягнуты, заявіла яна.



Першы, які пайшоў на прэзідэнта, гэта, канешне, Аляксандр Лукашэнка. За яго новае вылучэнне на прэзідэнта за пяць дзён, калі верыць ягоным паплечнікам, сабрана ўжо 600 тысяч подпісаў. Але першы з апанентаў Лукашэнкі, які сабраў сто тысяч подпісаў за сваё вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты, стаў Уладзімер Някляеў.

Як паведаміла прэс-сакратар Някляева Юлія Рымашэўская, колькасць сабраных подпісаў на раніцу 13 кастрычніка склала 101 312. Збор подпісаў у падтрымку Уладзіміра Някляева будзе працягнуты, заявіла яна.

Што ж, кампанія «Гавары праўду!» і яе актывісты недарма елі свой хлеб. Для іх не прайшлі бессэнсоўна зборы подпісаў за вырашэнне мясцовых праблемаў, за вуліцы Васіля Быкава ў Мінску і ў Гродне, за вылучэнне Някляева дэлегатам на Усебеларускі народны сход. Відавочна, што для кампаніі Някляева збор подпісаў — справа звыклая і звычайная. Хлопцы і дзяўчаты ўжо спрактыкавана сабралі за два тыдні сто тысяч подпісаў грамадзян. Што не можа не ўражваць — кампаніі «Гавары праўду!» споўнілася толькі 9 месяцаў!

Між тым, «сталыя» апазіцыйныя партыі і прэтэндэнты ў кандыдаты пакуль што адстаюць ад Някляева. За прэтэндэнта на прэзідэнцтва ад Партыі БНФ Рыгора Кастусёва на 11 кастрычніка было сабрана больш за 45 тысяч подпісаў. За Віталя Рымашэўскага сабрана каля 50 тысяч подпісаў. За Яраслава Раманчука сабрана больш за 70 тысяч подпісаў. Мікалай Статкевіч заявіў, што ў ягоную падтрымку сабрана 45–50 тысяч подпісаў. Але Статкевіч пакінуў выстаўленне пікетаў па зборы подпісаў на апошні тыдзень. У штабах Андрэя Саннікава і Алеся Міхалевіча лічбы пакуль не паведамляюць.

Відавочна, што Някляеў стаўся пэўным лідэрам перадвыбарчай гонкі сярод апазіцыянераў. Але яго могуць напаткаць сур’ёўныя непрыемнасці. 12 кастрычніка Гаспадарчы суд Мінска задаволіў іск Мінгарвыканкама аб пазбаўленні дзяржаўнай рэгістрацыі даследча-асветнай установы «Рух наперад», дырэктарам якой з’яўляецца прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі Уладзімір Някляеў. Тым самым Някляева пазбавілі легальнай «крышы», і зараз «Гавары праўду!» можна абвесціць «незарэгістраванай арганізацыяй».

Але гэта не вельмі моцны ўдар. На думку экспертаў, у сувязі з ліквідацыяй «Руху наперад» праблем ва Уладзіміра Някляева як прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта ўзнікнуць не павінна.

Справа ў тым, што пры падачы дакументаў на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы Някляеў у якасці месца працы ўказаў менавіта гэту ўстанову. Аднак, як патлумачыў БелаПАН эксперт у галіне выбарчага заканадаўства юрыст Сяргей Альфер, «адмова ў рэгістрацыі можа адбыцца толькі па прычыне падачы заведама непраўдзівых звестак». Някляеў жа «заведама непраўдзівых звестак» у ЦВК не падаваў — ён указаў дакладныя звесткі на той момант, калі падаваў дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. «Акрамя таго, ліквідацыя ўстановы — працэс дастаткова доўгі, і да яго заканчэння Някляеў застаецца дырэктарам «Руху наперад», — дадаў юрыст.

Між іншым, і Цэнтрвыбаркам незадаволены кампаніяй Някляева. «Да нас паступае вельмі шмат зваротаў практычна з усіх рэгіёнаў Беларусі ад грамадзян, якія знаходзяць у сваіх паштовых скрынях друкаваную прадукцыю пра Някляева, вырабленую за мяжой», — сказаў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік. Ён нагадаў, што агітацыя ў перыяд збору подпісаў забаронена. «Парушэнне заканадаўства ініцыятыўнай групай Някляева відавочнае. Нашы дастаткова ясныя намёкі, што распаўсюджваць агітацыйную прадукцыю нельга, пачутыя не былі», — сказаў ён.

Паводле слоў сакратара ЦВК, за дачасную агітацыю ініцыятыўная група можа быць папярэджана, а ў выпадку паўторнага парушэння заканадаўства — адменена яе рэгістрацыя.

Тым часам не спяць у шапку і іншыя прэтэндэнты на прэзідэнта. Яраслаў Раманчук днямі наведаў Польшчу, дзе меў сустрэчы на высокім узроўні. Ён сустрэўся з міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім, старшынёй сената Богданам Барусевічам, кіраўніком парламенцкага камітэта па міжнародных справах Анджэем Халіцкім.

Па выніках сустрэчы Раманчук паведаміў, што прыехаць у Беларусь для назірання за выбарамі плануе вялікая польская дэлегацыя, у якую ўвойдуць члены сената, сойму, а таксама актывісты НДА. «І Сікорскі, і Барусевіч, і Халіцкі сказалі, што калі ў выбарчых камісіях не будзе прадстаўнікоў зарэгістраваных дэмакратычных кандыдатаў, не будзе падліку галасоў, не будзе нармальнай сітуацыі з назіраннем, то падстаў для таго, каб лічыць выбары дэмакратычнымі, у Еўрасаюза таксама не будзе», — заявіў палітык.

Акрамя таго, ён атрымаў завярэнні ў тым, што «праграма Каліноўскага», падтрымка «Белсата» і радыё «Рацыя» польскім урадам будзе працягнутая. Таксама будуць працягнутыя і санкцыі ў адносінах беларускіх чыноўнікаў.

А пакуль прэтэндэнты ў прэзідэнты клапоцяцца пра выбары, беларускія парламентары вырашылі паклапаціцца пра маральнае аблічча беларускай моладзі. 12 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Мінску старшыня камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Здановіч заявіў пра небяспеку для беларускай моладзі заходняга ладу мыслення.

На думку Здановіча, для сучаснай Беларусі, якая знаходзіцца на стыку ўсходняй і заходняй цывілізацый, сёння важны выбар уласных каштоўнасцяў. «Асноўнай праблемай у сферы выхавання моладзі з’яўляецца тое, што пад уздзеяннем еўрапейскіх каштоўнасцяў на першае месца выходзіць прагматызм, жаданне пры найменшых намаганнях атрымаць як мага больш», — сказаў ён.

«Знешне прывабная ідэя пабудовы дзяржавы на еўрапейскіх каштоўнасцях тоіць у сабе небяспеку страты нацыянальных каранёў», — падкрэсліў Здановіч.

Цікава, чамусьці тая ж Польшча, Літва, Германія, Чэхія з уступленнем у Еўрапейскі саюз не крычаць пра «страту нацыянальных каранёў». Прыкладам, днямі ў Беларусі праходзяць канцэрты польскага танцавальнага калектыву «Мазовішэ». Нават у Беларусі праходзяць нацыянальныя дні краінаў Еўрасаюза.

І чаму жаданне «пры найменшых намаганнях атрымаць як мага больш» з’яўляецца заганным? Што, лепш было б, каб пры «найбольшых намаганнях, атрымлівалі б менш»? Дык тады Здановічу не месца ў парламенце. Хай пойдзе шпалы разгружаць.

Каментаваць