Перспектывы выбараў

15 лістапада адбылася прэсавая канферэнцыя місіі назіральнікаў АБСЕ на прэзідэнцкіх выбарах 19 снежня ў Беларусі. Першая і апошняя перад наступнай выніковай прэс-канферэнцыяй, якая чакае нас ужо пасля выбараў. Таму невялікая колькасць журналістаў у зале — 15–20 чалавек — выклікала шчырае здзіўленне.



15 лістапада адбылася прэсавая канферэнцыя місіі назіральнікаў АБСЕ на прэзідэнцкіх выбарах 19 снежня ў Беларусі. Першая і апошняя перад наступнай выніковай прэс-канферэнцыяй, якая чакае нас ужо пасля выбараў. Таму невялікая колькасць журналістаў у зале — 15–20 чалавек — выклікала шчырае здзіўленне.

Размова пачалася з прадстаўлення кіраўнікоў місіі (апрача яе кіраўніка амбасадара Герта Арэнса прысутнічалі яшчэ чатыры чалавекі). Місія будзе складацца з 40 доўгатэрміновых назіральнікаў і 400 кароткатэрміновых. Спадар Арэнс працаваў з падобнай місіяй у нашай краіне і раней — на выбарах у 2006 і 2008 гадах.

Пытанні журналістаў на прэсавай канферэнцыі распачаў нейкі расійскі госць. Ён прыгадаў пра выпадак, калі на адзін выбарчы ўчастак у яго краіне заявілася сапраўдная тыгрыца, і пацікавіўся ў амбасадара Арэнса, ці не здаралася ў ягонай практыцы назірання за выбарамі ў Беларусі падобнай весялухі. Цяжка сказаць, ці быў расійскі калега цвярозы, але Герт Арэнс цалкам цвяроза адказаў яму, што збольшага весялуха на выбарах яго не цікавіць.

Наступнае пытанне тычылася адной гіпотэзы, якая зараз вітае ў паветры. Згодна з ёй, нядаўні візіт міністраў замежных спраў Польшчы і Германіі быў звязаны з пэўнай палітычнай прапановай, якую тыя зрабілі беларускаму кіраўніку. І быццам бы, паслухаць яго адказ прыязджаў напачатку гэтага тыдня еўрапейскі камісар па пытаннях пашырэння ЕС і еўрапейскай палітыцы суседства Штэфан Фюле.

Сутнасць ідэі ў тым, што Лукашэнку разам з трохмільярдным крэдытам прапаноўваюць зноў “вытанчана выйграць бліжэйшыя выбары. Але да наступных парламенцкіх выбараў 2012 года, года, калі давядзецца плаціць асноўныя працэнты па набраных крэдытах (працэнты, якія Еўропа можа і панізіць) — правесці канстытуцыйную рэформу. Беларусь зробіцца парламенцкай рэспублікай, выбары 2012 года пройдуць карэктна і празрыста, а Лукашэнка стане кімсьці кшталту “англійскай каралевы — з усімі гарантыямі недатыкальнасці. Адным словам, пытанне зводзілася да наступнага: ці не пераўтвараецца ў такім выпадку місія назіральнікаў АБСЕ ў чыста тэхнічны акт. Адказ быў досыць кароткі і цікавы: спадар Арэнс заявіў… што АБСЕ ў палітыку не ўмешваецца.

Спадар Арэнс пачаў разважаць пра тое, што спецыялісты АБСЕ падрыхтавалі для беларускіх заканадаўцаў цэлы пакет па рэформе выбарчага права, і што многія прапановы Еўропы прымаюцца. І атрымаў пытанне: ці задавальняе яго хуткасць заканадаўчага прыняцця беларусамі еўрапейскіх парад? І зноў прагучаў завуаляваны адказ. Маўляў, глядзіце зробленыя на гэты конт сумесныя высновы аўтарства АБСЕ і Венецыянскай камісіі. Чытай: відавочна, не вельмі задавальняюць. Але спадар Арэнс стойка трымаўся ветлівага тону мовы дыпламатыі.

Якія абсалютна ясныя высновы можна зрабіць з трансляванай нам інфармацыі? Відавочна, нас чакаюць чарговыя “скрадзеныя выбары. Таму аптымістам варта да гэтага рыхтавацца, каб не перажываць рэзкую дэпрэсію. Аднак збіццё дэманстрантаў наўрад ці магчымае. Якая ж роля ў гэтай сітуацыі канкурэнтаў Лукашэнкі? Падаецца, становіцца актуальнай парада Зянона Пазняка: дзеля захавання маральнасці на гэтых выбарах неабходна здымацца з гонкі.
 

Каментаваць