Першыя ідэі будучага мемарыялу ў Курапатах

Трэба добра асэнсаваць мінулае Курапатаў. Так вырашылі ўдзельнікі грамадскага творчага конкурсу «Курапаты — народны мемарыял» пад дэвізам «Праз Курапаты — да пакаяння» на лепшую ідэю ўвекавечвання ва ўрочышчы памяці ахвяраў бальшавізму і лепшы мастацкі твор па гэтай тэматыцы.

    План з трасай фрагменту “Дарогі смерці” у раёне Курапатаў


 

 

Круглы стол “Новыя знаходкі ды іхны ўплыў на канцэпцыю мемарыялізацыі Курапатаў і юрыдычны статус помніка” адбыўся днямі ў Мінску з удзелам сябраў аргкамітэту і журы конкурсу, арганізаваным грамадзянскай ініцыятывай “Эксперты ў абарону Курапатаў” пры падтрымцы 12 структураў грамадзянскай супольнасці.

 

Удзельнікі пасяджэння хвілінай маўчання ўшанавалі памяць Вацлава Адольфавіча Нямковіча, які шмат гадоў узначальваў грамадскае аб’яднанне “Хрысціянская злучнасць “Курапаты”.

 

Сябрам аргкамітэту і журы конкурсу была прадстаўлена раней не вядомая траса апошняй часткі былой “Дарогі смерці” ад шашы Заслаўе-Калодзішы да расстрэльных ямаў у Курапатах даўжынёй 485 метраў. Такім чынам, зараз вядомая ўся траса гэтай дарогі смутку бязвінных пакутнікаў ад цэнтру горада да месца забойства агульнай працягласцю ў 10.555 метраў.

Так зараз выглядае пачатак апошняга ўчастку “Дарогі смерці” пасля левага павароту з Заслаўскай шашы на Курапаты


 

Апроч таго, былі агучаныя раней не вядомыя факты, што ўдакладняюць гістарычную тапаграфію ўрочышча, лёсы ягоных ахвяраў, катаў і праведнікаў.

 

Сябра ініцыятывы, географ Аляксей Галіч звярнуў увагу на тое, што тая перыферыйная частка Мінскага ўзвышша, дзе месцяцца Курапаты, ёсць адзіным у межах горада помнікам геалогіі. У курапацкім лесе, у асноўным, растуць хвоі і яліны з дамешкам бярозы і асіны, а ў падлеску зафіксаваныя клёны і ясені. Каранёвая сістэма дрэваў і асаблівасці натуральнага дрэнажу спрыялі дастаткова добраму захаванню выгляду гэтага ляснога ўрочышча, сказаў спадар Аляксей. На ягонае меркаванне, археалагічнае вывучэнне пахаванняў, што знаходзяцца бліжэй да Заслаўскай шашы, дапаможа ўдакладніць даціроўку першых расстрэлаў у Курапатах.

 

Паводле словаў сябры ініцыятывы, археолага, кандыдата гістарычных навук, старшага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, першаадкрывальніка Курапатаў Міколы Крывальцэвіча, сучасныя метады археалагічных даследаванняў дазваляюць вызначыць сляды слупоў пабудоваў ва ўрочышчы, у тым ліку агароджы, варотаў і будкі для ахоўнікаў.


Прамаўляе Мікола Крывальцэвіч

 

Спадар Мікола прапанаваў стварыць у Курапатах своеасаблівую сцяну памяці. На ёй змясціць шыльдачкі з імёнамі тых ахвяраў, пра якія дазнаецца грамадства. А тысячы пустых шыльдаў будуць сведчыць пра адносіны дзяржавы да памяці пра бязвінна забітых людзей.

 

Сябра ініцыятывы, юрыстка Тамара Сяргей зазначыла, што сваімі адносінамі да Курапатаў дзяржава стварае пагрозу іх знішчэння. У гэтай сітуацыі грамадскасць мае поўнае права і павінна не толькі ахоўваць нацыянальную святыню, але і праводзіць яе мемарыялізацыю, падкрэсліла праваабаронца. Яна нагадала, што, згодна артыкулу 54 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, “кожны абавязаны берагчы гістарычна-культурную, духоўную спадчыну і іншыя нацыянальныя каштоўнасці”.

 

Сябра ініцыятывы, скульптар Алесь Шатэрнік прапанаваў узвесці ва ўрочышчы стэлу з высечаным на ёй тэкстам знакамітага артыкулу Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалева “Курапаты — дарога смерці” з прадмовай народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, што ўпершыню быў апублікаваны ў газеце“Літаратура і мастацтва” ад 3 чэрвеня 1988 году.

 

Сябры ініцыятывы, старшыня суполкі “Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў Генадзь Драздоў і культуролаг Вацлаў Арэшка звярнулі ўвагу на мастацкі патэнцыял вобразу Кураптаў і асаблівасці канцэпту конкурсу, а намеснік старшыні журы творчага спаборніцтва, акадэмік Радзім Гарэцкі засяродзіўся на тым, што правядзенне конкурсу стварае перадумовы для ўшанавання памяці ахвяраў бальшавізму ў іншых рэгіёнах Бацькаўшчыны.


Удзельнікі круглага стала

 

Сябра журы, намеснік старшыні аргкамітэту руху салідарнасці “Разам” Алесь Макаеў выказаў прапанову сябраў руху аб неабходнасці ўзвядзення ва ўрочышчы сцяны памяці ці кургану з тых камянёў, што складзе ў Курапатах 10-мільённая беларуская нацыя.

 

А сябра ініцыятывы, мастак Мікола Купава прапанаваў дабівацца ад уладаў пашырэння шырыні ахоўнай зоны ўрочышча да 300 метраў, першапачаткова ўхваленых Міністэрствам культуры, а потым двойчы звужаных цягам 11 гадоў спачатку да 120, а затым да 50 метраў з заходняга боку народнага мемарыялу. І трэба праектаваць мемарыял з улікам існавання 300-мятровай ахоўнай зоны, падкрэсліў мастак. На ягонае меркаванне, калі ў выніку адкрытага грамадскага конкурсу будзе вызначаны лепшы праект будучага мемарыялу, беларусы на свае ўласныя сродкі пабудуюць помнік сваім забітым продкам.

 

Як адзначыў сябра ініцыятывы, грамадскі дзяяч і мовазнаўца Вінцук Вячорка, людзі старэйшага і сярэдняга пакаленняў, якія сваім дзяцінствам зачапілі страшныя гады савецкага таталітарнага рэжыму, зрабілі шмат для таго, каб памяць пра Курапаты стала складнікам новага ўсведамлення беларускай ідэнтычнасці. “Вось чаму ўсе мы, у тым ліку і дасведчаныя мастакі, павінны перадаць эстафету гэтай памяці творчай моладзі, і, такім чынам, спрыяць вяртанню Курапатаў у народную свядомасць”, — падкрэсліў спадар Вінцук.


 Выступае Радзім Гарэцкі

 

Паводле яго словаў, дзеля наданню тэме Курапатаў узроўню экспертнай размовы запланаваны шэраг іншых круглых сталоў, у тым ліку па экалагічным і гідралагічным аспектам існавання ўрочышча, як помніка, горадабудаўнічага і прыроднага аб’екта, а таксама па пытаннях адукацыйнага патэнцыялу народнага мемарыялу, як гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння.

 

Вінцук Вячорка звярнуў увагу на тое, што запрошаныя на круглы стол чыноўнікі праігнаравалі яго. А гэта сведчыць пра тое, што ў справе мемарыялізацыі Курапатаў грамадскасць павінна спадзявацца, у першую чаргу, на сябе.

 


Каментаваць