Іпэшны пшык

Мітынг пратэсту прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы Мінска сабраў аж траіх ІП і тры дзесяткі журналістаў. Лідэры прадпрымальніцкіх рухаў за «акцыяй» назіралі з розных бакоў праспекту.

Мітынг пратэсту прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы Мінска сабраў аж траіх ІП і тры дзесяткі журналістаў. Лідэры прадпрымальніцкіх рухаў за «акцыяй» назіралі з розных бакоў праспекту.

Напрыканцы мінулага года прадпрымальнікі правялі страйк і мітынг з патрабаваннем пакінуць у сіле пункт 3 прэзідэнцкага Указу № 285, дзеянне якога спынялася 1 студзеня 2009 года, аб ільготных умовах увозу тавараў з трэціх краін. 24 снежня Лукашэнка падпісаў Указ № 703, у адпаведнасці з якім умовы ўвозу тавараў паходжання з трэціх краін з тэрыторыі Расіі засталіся ранейшымі. Разам з тым падвысіўся каэфіцыент стаўкі адзінага падатку з 1,5 да 2, павялічыліся базавыя стаўкі адзінага падатку — калі выручка ІП будзе перавышаць 20-кратную суму адзінага падатку, то з сумы такога перавышэння прыйдзецца даплачваць яшчэ 10 працэнтаў, да таго ж выплату ўсіх падаткаў і арэнднай платы прывязалі да курсу еўра.
 
 
12 студзеня прадпрымальнікі збіраліся правесці акцыю пратэсту, і не дзе-небудзь на водшыбе, а на Кастрычніцкай плошчы. Арганізатарам выступіў лідэр каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Аляксандр Макаеў. Аднак у анансаваны час на плошчу прыйшлі Ігар Леднік, прадпрымальнік з рынку Ждановічы і палітык Мікола Статкевіч. Развіцця падзей чакалі каля трыццаці журналістаў. Разам з імі за «акцыяй» з цікавасцю назіралі мінчане, якія коўзаліся на катку, супрацоўнікі міліцыі, начальнік упраўлення прадпрымальніцтва Мінгарвыканкама Аляксандр Каліноўскі, а таксама лідэр грамадскага аб’яднання прадпрымальнікаў «Перспектыва» Анатоль Шумчанка. Апошні прарочыў мітынгу правал, а яго арганізатараў у адным СМІ назваў «лузэрамі». Відаць, каб не быць прылічаным да кагорты названай катэгорыі, ён размясціўся на процілеглым баку праспекта. Праз паўгадзіны ад заяўленага пачатку на плошчы з’явіўся Аляксандр Макаеў. Нічога зразумелага наконт таго, чаму на анансаваную акцыю не прыйшлі людзі і чаму сам спазніўся, ён не змог сказаць.
 
— Вам не падаецца смешным: трыццаць журналістаў і тры прадпрымальнікі? — спыталі ў Макаева журналісты.
 
— Гэта зусім не смешна. Гэта паказчык сённяшняга грамадства. Можа, прадпрымальнікі вырашылі, што іх праблемы яшчэ не саспелі. Але мы лічым, што на плошчу трэба выходзіць не тады, калі будзе горача, а выходзіць на перамоўныя пляцоўкі. У нас ёсць свае прапановы ўраду, — адказаў Аляксандр.
Старшыня аргкамітэта па стварэнні грамадскага аб’яднання «За вольнае развіццё прадпрымальніцтва» Віктар Гарбачоў на мітынг 12 студзеня не прыйшоў, затое прапанаваў прадпрымальнікам правесці 25 сакавіка ў Дзень Волі «Марш пакрыўджаных і непачутых», быццам бы пад такімі словамі могуць падпісацца многія беларусы. Але каляпалітычныя і нацыянальна свядомыя колы прапанову сустрэлі ў штыкі: маўляў, не трэба блытаць Божы дар з яешняй і рабіць сабе піяр на акцыі, якая мае зусім іншую каштоўнасць.

Каментаваць