Пешшу і без візы

У выпадку ўвядзення малога памежнага руху (МПР) амаль траціна беларусаў магла б больш свабодна вандраваць па памежжы. Адзін з магчымых сегментаў такога руху — беларуска-польская мяжа.

(Воданапорныя вежы ў Бяла-Падлясцы і Брэсце. І там, і там хацелі зрабіць то музей, то рэстарацыю. І там, і там нічога не атрымалася)



У выпадку ўвядзення малога памежнага руху (МПР) амаль траціна беларусаў магла б больш свабодна вандраваць па памежжы. Адзін з магчымых сегментаў такога руху — беларуска-польская мяжа.

(Воданапорныя вежы ў Бяла-Падлясцы і Брэсце. І там, і там хацелі зрабіць то музей, то рэстарацыю. І там, і там нічога не атрымалася)


Рух без руху

Запланаванае і абвешчанае ўвядзенне малога памежнага руху прадугледжвае для грамадзян Беларусі і Польшчы, што пражываюць у пяцідзесяці кіламетрах ад супольнай мяжы, магчымасць перасякаць яе паводле адмысловай Карты жыхара памежнай зоны. Карта выдаецца на працяглы тэрмін і каштуе няшмат, каля 20 еўра. Такой магчымасцю змаглі б карыстацца каля 1 мільёна 200 тысяч жыхароў Брэсцкай і Гродзенскай абласцей і каля 700 тысяч жыхароў Падляшскага і Люблінскага ваяводстваў у Польшчы.

Дакументы на беларуска-польскі памежны рух ужо больш за год ляжаць без руху ў адной з шуфлядаў вярхоўнай канцылярыі беларускіх уладаў.

«Якое ваша стаўленне да дамовы аб малым памежным руху? а) станоўчае; б) адмоўнае; в) вам усё роўна». Менавіта на такое пытанне я папрасіў адказаць людзей паабапал беларуска-польскай мяжы.

Маё апытанне не было рэпрэзентатыўным, але пэўнае ўяўленне пра настроі давала. Вынікі атрымаліся такія: у Бяла-Падлясцы адназначна «за» МПР выказаліся 3 чалавекі, 2 былі супраць, 5 выказалі абыякавасць. У Тэрэспалі: 6 — за, 1 — супраць, 3 — не вызначыліся. У Брэсце станоўча паставіліся да дамовы 14 чалавек, 2 — станоўча з агаворкамі, 1 не адказаў нічога, 3-х асобаў гэтая праблема ніяк не турбавала.

А вось Ян Байкоўскі, віцэ-стараста Бельскага павету, выказаў надзвычайную цікавасць да тэмы: «Памежны рух — шанец для эканамічнага развіцця. Мы гэта напэўна ведаем з досведу нашай заходняй мяжы і гісторыі развіцця прылеглых да мяжы рэгіёнаў як у Польшчы, так і ў Германіі. Мяжа — гэта карысць для абодвух бакоў… Польска-беларуская мяжа — гэта не толькі мяжа паміж дзвюма дзяржавамі. Гэта і мяжа Еўрапейскага саюза. Гэта робіць яе яшчэ больш важкай і перспектыўнай. Таму менавіта тут асабліва важна не прайсці міма выйгрышу. Важна, каб маглі вольна перасоўвацца прадпрымальнікі, моладзь, проста турысты. Нарэшце, каб не было праблем з цывілізаваным перамяшчэннем капіталаў. А іначай зноў паўстане нешта кшталту той «жалезнай заслоны», якая была ў часы супрацьстаяння ідэалагічных сістэм».

Людміла Жуковіч, намесніца старшыні Брэсцкага райвыканкама

Віцэ-стараста Бельскага павету  Ян Байкоўскі
 


Па меркаванні Байкоўскага, важна, каб можна было рухацца пешшу. Пра гэта сведчыць досвед польска-ўкраінскага памежнага руху. «Пад’ехаў да мяжы, пакінуў аўто — і на той бок. Там узяў таксі, калі трэба. Схадзіў у госці, парабіў справы — і назад да аўто. І гэта працуе», — лічыць пан Байкоўскі. Гэта, па яго меркаванні, вырашыць праблему шматгадзіннага стаяння ў аўтамабільных чэргах на мяжы.

Людміла Жуковіч, намесніца старшыні Брэсцкага райвыканкама, таксама адназначна выказалася за малы памежны рух: «Ён нам папросту неабходны. І гэта меркаванне абсалютнай большасці жыхароў Брэсцкага раёна. Надта падразае гэтае абмежаванне, ехаць на аўто за мяжу не часцей аднаго разу на 8 дзён. У нас, у Тамашоўцы, вялікі басейн. Ды і яшчэ шмат такога, чаго ў суседзяў няма. Раней туды з ахвотай прыязджалі палякі і ўкраінцы. Дзве стабільныя групы нават сфармаваліся. А цяпер не выпадае. Занадта шмат валтузні з дакументамі… Раней тая ж Тамашоўка і польскае Владава былі адзіным населеным пунктам. Праваслаўныя вернікі з усёй акругі хадзілі ў царкву. У Тамашоўцы царквы не было, бо не было патрэбы. А цяпер, каб схадзіць туды, трэба віза».

«Канешне, мы спрабуем наладзіць трывалы кантакт у інтарэсах людзей, — распавядала Людміла Васільеўна. — Існуюць дамовы аб супрацы паміж сельсаветамі, гмінамі, абмены дэлегацыямі. У Страдзічах штогод ладзіцца міжнародны трансмежавы марафон. Ёсць два велатурыстычныя маршруты, якія лучаць Берасцейшчыну з Владаўскім і Бельскім паветамі. Летам плануем адкрыць байдарачны маршрут па Бугу ад Тамашоўкі да Даманава для беларускіх, польскіх і ўкраінскіх турыстаў. З сямейным ухілам. Памежнікі далі дазвол. Маем пляцоўку, дзе доступ да ракі вольны. Але і ўмову нам паставілі: будуць парушэнні мяжы — закрыем».

Магчыма, атрымаецца больш цесна злучыць берагі Буга ў 2013 годзе, плануецца шматдзённы Фестываль культуры трох народаў. Праграма падтрыманая адміністрацыяй Еўрарэгіёна «Буг».

Узгадваю ацэнку МПР паміж Украінай і Польшчай, якую яшчэ ў 2010 годзе выказала генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Брэсце Анна Навакоўска. Перад заступленнем на пасаду ў Беларусі яна тры гады адпрацавала ва Украіне. Паводле спадарыні консула, за першы год МПР паміж Украінай і Польшчай Карту жыхара памежнай зоны з-за правапарушэнняў (дробную кантрабанду, выезд за межы гасцявой памежнай зоны) страціла вельмі нязначная частка ад усіх уладальнікаў гэтага бонуса. Большая ж частка законапаслухмяна карысталася новымі магчымасцямі.

Такім чынам, і мясцовыя жыхары, і мясцовыя ўлады зацікаўленыя ў адкрыцці малога памежнага руху. Няхай сабе акцэнты гэтай цікавасці не зусім супадаюць, але і там, і там разумеюць, што гэта спосаб для залагоджвання сацыяльнага напружання, звязанага з эканамічным крызісам і беспрацоўем. Пры існаванні МПР у людзей з’яўляюцца дадатковыя магчымасці пабудаваць (умацаваць) фінансавы падмурак свайго існавання. Зразумела, і гістарычныя, культурныя чыннікі таксама не апошнія. Дзіўна толькі адно: чаму мы гэтага руху дагэтуль не маем?
 

Каментаваць