Пяць прычын, чаму турысты з Захаду не паедуць у Беларусь

Меркаванне беларускага прадпрымальніка, кіраўніка агенцыі адпачынку і забаваў Vilnius Relax Кірыла Атаманчыка аб тым, чаму заходнія турысты не паедуць у Беларусь і як можна выправіць існуючы стан рэчаў.  



Кірыл Атаманчык


Заходнія турысты не паедуць у Беларусь, таму што…  

Фота www.beresta.by

Існуюць візавыя абмежаванні

Шэнгенскае пагадненне і іншыя палёгкі пры перасячэнні мяжы паміж краінамі ЕС адвучылі заходніх турыстаў клапаціцца пра візавыя фармальнасці, губляць час на чэргі ў амбасадах і на мяжы. Наяўнасць візавага бар’еру паміж ЕС і Беларуссю істотна асаджае наведванне Беларусі заходнімі турыстамі. Якое можа быць выйсце? Спрашчэнне візавага рэжыму аж да звычайнага пашпартнага кантролю на мяжы.

Фота pressphoto.by

…У замежнікаў існуюць асцярогі адносна небяспекі ў Беларусі

Шмат разоў, працуючы з заходнімі турыстамі ў Літве, мы сутыкаліся з тым, што на прапанову «наведаць Беларусь» турысты задавалі пытанне насустрач: а ці бяспечна там? І гэта ўлічваючы той факт, што Беларусь з’яўляецца адным з лідараў па колькасці супрацоўнікаў правааховы на душу насельніцтва. Як бачым, наяўнасць вялікай колькасці людзей у форме ніяк не ўплывае на адчуванне бяспекі. Якое можа быць выйсце? Ствараць пазітыўны імідж бяспекі ў краіне.

…Слабы турыстычны сэрвіс

А чаму ён павінен быць моцным, запытаеце вы, калі ў краіне няма звыклых да добрага сэрвісу заходніх турыстаў, а для расіян і ўкраінцаў «і так сыйдзе»? Таму што наяўнасць добрай турыстычнай інфраструктуры (гатэлі, кафэ, рэстараны, прапрацаваныя турыстычныя маршруты і г.д.), а таксама лоўкостаў, як авія, так і аўтобусных, з’яўляецца неад’емнай часткай добрага адпачынку. Што ж рабіць? Не баяцца канкурэнцыі, інвеставаць у развіццё. У Беларусі шмат таленавітых і ініцыятыўных людзей, якія самастойна могуць усё зрабіць, калі ўлада не будзе замінаць ім. 

Фота odb-office.eu

…Do you speak English? — Што?

Пра Беларусь катастрафічна мала інфармацыі на ангельскай мове (ды і на любых іншых мовах). Калі і сустракаецца інфармацыя, то аб тым, што Беларусь — гэта «апошняя дыктатура Еўропы», ці звязаная з выбітнымі асобамі, як, напрыклад, Алексіевіч ці Азаранка, альбо з футбольным клубам «БАТЭ». Калі мы хочам зацікавіць заходніх турыстаў, то трэба быць больш актыўнымі ў прасоўванні сваёй краіны на розных мовах. Да таго ж інфармацыя ў горадзе, турыстычныя даведнікі і іншыя неабходныя для турыстаў даведкі павінны быць на ангельскай мове, а персанал як мінімум павінен валодаць базавым узроўнем ангельскай. 

Фота pressphoto.bу

…Усё гэта падводзіць нас да хіба што асноўнай праблемы Беларусі, а менавіта да таго, што ў Беларусі няма выразнага пазітыўнага іміджу

Заходнія турысты выдаткавалі б свой час і грошы на візы, змірыліся б з тым, што турыстычны сэрвіс тут «так сабе», прачыталі б што-небудзь пра сітуацыю ў Беларусі і г.д., каб быць больш дасведчанымі, але дзеля чаго? Беларусь — краіна-загадка, ад якой незразумела чаго чакаць. Гэта «белая пляма» на мапе Еўропы. Дэструктыўная ізаляцыя краіны ад цывілізаванага свету прывяла да таго, што Беларусь затармазіла развіццё  ўязднога турызму, мяркую, на адно ці два дзесяцігоддзі. І бяда ў тым, што прасвету пакуль што не бачна. Тут нам можна шмат чаму павучыцца ў нашых еўрапейскіх суседзей, якія гэтаксама, як і мы, жылі ў «камуністычнай казцы», але пасля развалу гэтай «казкі» змаглі прапанаваць турыстам з усяго свету сябе як адкрытую кнігу з прыгожымі малюнкамі, як змрочнымі, так і сапраўды цудоўнымі ды маляўнічымі. Беларусь жа толькі мае пераадолець гэты шлях. І чым раней мы гэта асэнсуем, тым лепш.

Даведка:

Кірыл Атаманчык — прадпрымальнік і грамадскі дзеяч. Родам з горада Жлобін Гомельскай вобласці (Беларусь). Больш за 8 гадоў жыве ў Літве. Бакалаўр турызму і рэкрэацыі, магістр культурнай спадчыны Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Кіраўнік агенцыі адпачынку і забаваў Vilnius Relax.

Абмеркаванне:

  • Cheslau
  • 2015-12-21 14:29:46
А што каментаваць? Усё напiсана як ёсць на самай справе.
  • ВР
  • 2015-12-21 16:04:17
"Беларусь — краіна-загадка, ад якой незразумела чаго чакаць. Гэта «белая пляма» на мапе Еўропы." Гэта не зусім так, але нават калі б было праўдай, чаму "загадкавасць"
няможна скарыстаць у мэтах турбізнэсу?



Агулам, уражанне ад тэкста: не варта ехаць у нецывілізаваную Беларусь, варта ехаць у цывілізаваную Літву. Назва агенцтва, якім кіруе аўтар, як бы намякае...



І яшчэ: фота жанчыны з чырвоным сцягам такое ўжо заезджанае... Яму мінімум 10 гадоў, і на вокладцы "Часу сэканд-хэнд" яно фігуравала. Не разумею, які сэнс публікаваць яго разам з фота
2015 г.
  • вока
  • 2015-12-22 21:40:47
А цяпер чакаем тэкст "Пяць прычынаў абавязкова наведаць Беларусь" ...ну, віза гэта наогул не прычына, каб адмовіцца ад паездкі)
  • Вінцук
  • 2015-12-22 21:48:29
А што пазітыўнага ёсць у Летуве!? У Вільні, па-за "Акропалісам" недагледжанасць і прыхаваныя грудкі шматгадовага смецця. Ля Вострай Брамы - усё прасклізлае, тынк паўсюдна
адвальваецца. Дзе ў іх англійская мова, хаця б на вакзале... П'янтосы ледзь не на кожным прыпынку. Увечары на вуліцах зусім няўтульна. Гэта так - эмацыйная заўвага аўтару.

Каментаваць