Пяць базавых велічынь — штраф для мастака Алеся Пушкіна

Сёння, 30 кастрычніка, суд Крупскага раёна аштрафаваў мастака Алеся Пушкіна.

За ўрок па гісторыі Слуцкага паўстання мастак Алесь Пушкін аштрафаваны на 5 базавых велічынь

30 кастрычніка суддзя Крупскага раёна разгледзела адміністратыўную справу Алеся Пушкіна па частцы 1 артыкулу 23:34.

Актыўны ўдзел Алеся Пушкіна ва ўроку гісторыі па тэме Слуцкага паўстання 1 верасня суддзя кваліфікавала як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства і адміністратыўнае правапарушэнне. За атрыманне паглыбленых ведаў сынам Міколам пра герояў Слуцкага паўстання мастак папоўніць дзяржаўную казну на 115 рублёў.

Сведкамі ў судзе выступілі Алесь Лагвінец і арганізатар урока Аліна Нагорная. Адвакат Вадзім Мушынскі дапамагаў адстойваць права на крэатыўнае падарожжа неардынарнага мастака па гораду Слуцку з партрэтамі герояў Слуцкага збройнага Чыну.

Мастак, яго сын Міколка і партрэт камандзіра 2-га Грозаўскага палка Лукаша Семянюка займалі месцы на лаве падсудных.

Васьмікласнік Мікола баяўся, што бацьку пасадзяць, таму, можна лічыць, задаволены выракам і з залы суда Мікола выйшаў вясёлым.

Алесь Пушкін з сынам Міколам

Сам Алесь Пушкін успрыняў прысуд Крупскага суда як адносна мяккі ў параўнанні з судовымі выракамі Слуцкага і мінскіх судоў па гэтай жа справе ў адносінах да іншых удзельнікаў “урока гісторыі”.  

Па словах Алеся Пушкіна, разгляд справы цягнуўся больш за 2 гадзіны, маладая суддзя доўга і ўважліва ўсіх выслухоўвала, вывучала рэчавыя доказы, пахваліла за партрэты, сказала, што добра малюе.


Яшчэ адзін аштрафаваны ўдзельнік урока, Алесь Лагвінец, распавёў, што суддзя прыслухалася да аргументаў сведкаў і адваката і таму вынесла даволі мяккі вырак.

— Зразумела, што мы настойвалі на тым, што гэта было невялічкае культурнае мерапрыемства для некалькіх чалавек, — падзяліўся інфармацыяй пра суд грамадскі актывіст. — Нават слуцкія міліцыянты, якія здымалі наш урок, ніводнага разу не папярэдзілі пра яго незаконнасць. Пры той сітуацыі з пагалоўнымі пакараннямі грамадскай актыўнасці мы і не чакалі апраўдальнага выраку.

Алесь Пушкін, нягледзячы на адносную мяккасць адміністратыўнага пакарання, не лічыць сябе правапарушальнікам і будзе абскарджваць штраф.

1 лістапада мастак зноў наведае горад Слуцк. На гэты раз — па адмысловаму запрашэнню суда Слуцкага раёна. У 16-00 тут пачнецца разгляд яго адміністратыўнага правапарушэння адпаведна завочнаму пратаколу ад 1 верасня.

Справа ў тым, што на часовым плоце каля будынка мясцовага краязнаўчага ўрока Пушкін пакінуў свой падарунак гораду Слуцку – уласнаручна намаляваныя 3 партрэты герояў Слуцкага збройнага чыну. Мясцовыя праваахоўныя органы, далёкія ад мастацкага крэатыву, расцанілі гэты падарунак як парушэнне правіл утрымання населеных пунктаў. Адначасова знакаміты мастак зможа пахадзіць па вуліцы Уласаўца і займее магчымасць азнаёміцца з архітэктурай будынкаў суда, міліцыі і пракуратуры — яны змешчаны на гэтай вуліцы зусім побач.



Чытайце таксама:

Супраць Алеся Пушкіна распачаты 3 справы



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць