«Пяць гадоў я наўпрост выкінула»

«Я была ўпэўнена, што аднойчы расплюшчу вочы і зразумею: О Божухна, як жа я раней не магла здагадацца, што маё месца — гэта (я думала, што Бог яго пакажа) Тады б я кінула ўсё і паступіла б туды, дзе і размеркаванне не падавалася б страшным»…


Чарговая гераіня нашай рубрыкі "Я працаваў па размеркаванню" — Жэня. Яна скончыла Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «інжынер-эканаміст» і паехала па размеркаванні. Аднак месца працы ёй не спадабалася, і яна здолела пераразмеркавацца.

Актрыса не атрымалася


Калі я пачала размову з Жэняй, адразу заўважыла яе экспрэсіўнасць. Дзяўчына за хвіліну магла некалькі разоў памяняць інтанацыі ў голасе, і кожны сказ напяваць усё новымі мелодыямі. «Добра было б ёй быць актрысай», — падумалася мне. Жэня нібыта прачытала мае думкі і стала распавядаць, што ў дзяцінстве марыла быць спявачкай альбо актрысай. Нават сама пайшла ў тэатральны гурток, але кар’ера чамусьці не склалася.

Аўтарытэтам для Жэні, як гэта часта здараецца, была старэйшая сястра. Яна здала ЦТ па матэматыцы на 99 балаў і абрала спецыяльнасць, звязаную з кампутарнымі сістэмамі. Пасля гэтага акцёрскія мары Яўгеніі канчаткова развеяліся: спецыяльнасць, атрыманая ва ўніверсітэце, павінна быць сур’ёзнай і важнай, а астатняму навучышся на курсах.

На ЦТ дзяўчына здавала матэматыку, рускую і англійскую мовы. Куды менавіта паступаць, Жэня думала вырашаць «па факце», галоўнае, каб гэта быў бюджэт. Дзяўчына набрала 330 балаў, таму выбіраць было з чаго. «Наргас я нават разглядаць не хацела, мне папросту не падабалася назва. Калі вучыцца, дык толькі ў БДУ. Тады я думала: эканамічная адукацыя ніколі не пашкодзіць».

Чаканне абуджэння


Але ў БДУ Жэня не паступіла і пайшла ў БНТУ. «Калі мне маці прапанавала разгледзець спецыяльнасць інжынера-эканаміста, я вельмі раззлавалася. Я была так радая развітацца з фізікай-матэматыкай, а тут зноў усё гэта на пяць гадоў. Але і суседзі сталі мяне пераконваць: маўляў, атрымаеш добрую спецыяльнасць, і столькі хлопцаў там будзеш бачыць, і мужа сабе знойдзеш! — Жэня іранічна ўсміхнулася. — Ну-ну!»

Універсітэт не спадабаўся дзяўчыне з першага ж дня. Напэўна, такое адчуванне з’яўляцца натуральным, калі паступаеш кудысьці, глушачы сваё «я». Жэня адчувала — гэта зусім не яе. Але на першым курсе закахалася, таму астатняе было без розніцы. Другі курс яна адыходзіла ад роспачы расстання. А пасля панеслася — моўныя, тэатральныя, цырульныя курсы, моладзевыя праекты, міжнародныя абмены студэнтаў… Жэня шчыра прызналася, што канспекты не пісала, лекцыі прагульвала: «Я была ўпэўнена, што аднойчы расплюшчу вочы і зразумею: «О Божухна, як жа я раней не магла здагадацца, што маё месца — гэта (я думала, што Бог яго пакажа)…» Тады б я кінула ўсё і паступіла б туды, дзе і размеркаванне не падавалася б страшным»…


«Я ж не «супер-ваў»


Азарэнне ўсё ж прыйшло да Жэні. Толькі заззяла яно іншымі прамянямі. Дзяўчына прачнулася і зразумела, што ўжо піша дыплом! Пяць гадоў прайшло, а яна яшчэ нібыта абітурыент, які знаходзіцца ў пошуку. Прыйшоў час думаць і пра размеркаванне. Яўгенія меркавала, што ўсе захочуць узяць яе да сябе маркетолагам альбо лагістам, і наогул, што сама справіцца з пошукам працы. Але ўсе гутаркі заканчваліся правалам. Ніхто не хацеў браць дзяўчыну без магчымасці звольніць, калі яна ўсё ж такі апынецца не «супер-ваў», як яна пра сябе думала.

Потым студэнтам было абвешчана, што, калі яны размяркоўваюцца ў прыватныя фірмы, то абавязаны выплаціць «дапамогу» БНТУ ў памеры апошняга года навучання. Пасля гэтага Жэня спыніла пошукі і стала чакаць прапаноў ад універсітэта. У выніку дзяўчыне паказалі адзіны варыянт на кафедры: навуковы інстытут (назву інстытута дзяўчына пажадала не агучваць), які выконвае даручэнні міністэрства.

«Мне сказалі, што я буду займацца навуковай дзейнасцю. Туды патрэбны быў, прынамсі, магістрант, але мне сказалі, што падыду і я. Канешне, бо заяўка на гэтае месца ляжала аж два гады! На пытанне «чаму?», загадчыца кафедрай адказала: навука — гэта для дарослых, а моладзі там сумна».

Дзяўчына схадзіла на гутарку. У Жэні запыталіся пра сярэдні бал і ці збіраецца яна ў дэкрэт. І сказалі, што будзе мажлівае пераразмеркаванне. Жэня вельмі добра запомніла менавіта гэта.


Праца, якую заядаеш салодкім


Першы дзень адпрацоўкі прайшоў у хваляванні: «Я ніколі не працавала на сур’ёзным месцы, таму мне падавалася, што трэба будзе рабіць нешта мега-важнае. Але ў першы ж дзень я зразумела: мега-важнае — не да мяне. Нам прыходзілі даручэнні з Міністэрства кшталту: «Напішыце, як усё кепска». Але кепска павінна быць не праз нашы памылкі. Альбо напісаць, як усё добра. Вось так цэлымі днямі і ламалі галаву, як прыдумаць «добрае» або «кепскае».

На працы Жэня проста сядзела, правярала пошту, чакала пастаноў, і рабіла выгляд, што яна робіць нешта важнае і значнае.

Кожны год інстытут, дзе працавала Жэня, павінен быў пісаць навуковую справаздачу на дадзеную міністэрствам тэму. Дзяўчына патлумачыла, што гэта нешта накшталт дыпломнай, за якую міністэрства пералічвае інстытуту грошы. Уся яе праца і заключалася ў напісанні справаздач і маніторынгаў: «Мне было вельмі сумна. Мне хацелася бачыць вынік маёй працы. Напрыклад, пекар спёк хлеб — хлеб набыў чалавек, чалавеку смачна — і ён шчаслівы…»

«У нас было заданне, якое павінны былі выконваць маладыя спецыялісты. Яно заключалася ў прыдумванні функцый міністэрству. Напрыклад, адна з функцый Міністэрства, якую прыдумалі, — сінтаксічная. Прыдумкі мы дасылалі. А нам зноўку давалі заданне прыдумляць новыя функцыі… Усе гэта спраўна выконвалі, а я — не бачыла сэнсу. Відавочна, што сістэма задання не ёсць слушнай, вынік будзе няправільным, і наогул гэта было падобна на ідыятызм! Я баялася, што я адна з такімі думкамі. Але ў выніку апынулася, што большасць лічыла, як і я, але добрасумленна ўсё выконвалі».

«У мяне пачалася дэпрэсія, якую я стала заядаць салодкім кожны дзень. Я ела вельмі шмат салодкага! Тады пачала займацца спортам — на працягу трох месяцаў я амаль кожны дзень хадзіла на трэніроўкі. Пасля забіла на гэта і зноўку сядзела і ела».

Жэнін заробак складаў 3 750 000 рублёў плюс квартальныя прэміі. З гэтых грошай дзяўчына набывала праязны, раз на два месяцы аплачвала моўныя курсы, адкладала па 10–20 долараў. Ежу набывалі бацькі. І на каву ды гарбату з сяброўкамі грошай хапала. Бывала і так, што бацькі пад канец месяца давалі грошы на праезд і ежу.

З плюсаў працы Жэня вылучыла добры калектыў — з ёй працавалі жанчыны розных пакаленняў.


Пераразмеркаванне як выйсце


На сумнай і бессэнсоўнай працы Яўгенія павольна і безнадзейна праглядала вакансіі на «Tut.by». І пабачыла, што на адной фірме з’явілася вакансія, дзе патрабаваліся веданне мовы, актыўнасць і гэтак далей. Жэня вырашыла хаця б для асабістага досведу прайсці сумоўе. А ў выніку яна спадабалася кіраўніцтву, а кіраўніцтва спадабалася ёй. І, што ўзрадавала Жэню, — іх не спужала яе пераразмеркаванне. «Мне вельмі хацелася папрацаваць у гэтай кампаніі, якая займаецца IT-сферай, хацелася руху, цікавых нестандартных задач. Там неверагодна вялікая каманда і неверагодна вялікі офіс!» — усклікае дзяўчына. Натуральна, гэта зусім не тое, пра што Жэня марыла ўсё жыццё, але сабе яна даказала, што немагчымае магчыма.


Не баяцца шукаць і знаходзіць


За некалькі дзён Жэні трэба было звольніцца і пераразмеркавацца. Намеснік дырэктара сказала, што не хоча ламаць жыццё дзяўчыне і адпусціла яе, але без дазволу ўніверсітэта дзяўчыну звальняць не пагаджаліся. З універсітэтам у Жэні ўзніклі праблемы — доўга рыхтаваліся патрэбныя дакументы. Тым не менш, усё склалася на яе карысць.

«Кажуць, ні пра што не варта шкадаваць. А я шкадую, што адвучылася пяць гадоў. Можна сказаць, што я іх наўпрост выкінула. Не мела ўяўлення, што гэта за спецыяльнасць, кім я хачу быць і што мяне чакае. А пяць гадоў праляцелі незаўважна — і іх не вернеш. Усё ж лепш год не паступаць, не баяцца асуджэння, папрацаваць афіцыянтам або яшчэ кім-небудзь і падумаць, чаго ты хочаш ад гэтага жыцця. І ці патрэбная наогул табе вышэйшая адукацыя?» — кажа Яўгенія.

Жэня — гэта прыклад таго, што варта не баяцца шукаць сябе. Калі адчуваеш, што тое, што ты робіш, не тваё — кідай і ідзі далей.

Чамусьці я ўпэўнена, што і гэта працоўнае месца — не на ўсё жыццё. Але пакуль Жэні падабаецца, што яна працуе не ўпустую. У трохпавярховым офісе IT-кампаніі дзяўчына бачыць вынік сваёй працы. І ад гэтага хочацца працаваць, а не «выседжваць» восем гадзін — хаця і заробак не вышэй за папярэдні.


Абмеркаванне:

  • Святлана
  • 2016-06-28 18:37:13
Думаю, пісаць, што я думаю, ці не варта... Маладое пакаленне (цяперашняе) мяне не зразумее. Я пасля заканчэння медыцынскага вучылішча ў 1974 годзе па накіраванню трапіла працаваць медыцынскай сястрой ў псіхіятрычную бальніцу. Бальніца, хоць і мела назву абласная, знаходзілася ў вёсцы, сама вёска размешчана ў лесе. Да бліжэйшага раённага цэнтра кіламетраў 40. Цяжка ўявіць недасведчанаму чалавеку, што за месца псіхіятрычная бальніца, асабліва калі табе 18 гадоў і ў тваім аддзяленні 90 хворых... Нічога страшнага не здарылася... Працавала, нікога не "напрягала". Не задумвалася: падабаецца, не падабаецца. Палічыла, што гэта не маё праз некаторы час. Ну дык потым скончыла юрыдычную акадэмію ў Маскве. Змяніла ўсё ў сваім жыцці. Але першы жыццёвы вопыт патрэбен таксама. А цяпер столькі ляманту ў моладзі. Гэта ж жыццё! Трэба ж і цяжкасці пераадольваць, і з нечым мірыцца, штосьці трэба перацярпець, перачакаць.

Каментаваць