Беларускія СМІ: пяць год «у законе»

Беларускаму закону аб СМІ 5 лютага споўнілася пяць год. Журналісцкая супольнасць вырашыла паглядзець, як гэты закон працуе, і што адбылося за гэты перыяд у медыяпрасторы.



Беларуская асацыяцыя журналістаў сумесна з міжнароднай арганізацыяй «Індэкс цэнзуры» правяла маніторынг сітуацыі са свабодай слова ў Беларусі. Як адзначыў прадстаўнік «Індэкса цэнзуры» Андрэй Аляксандраў, пяць год таму, перад прыняццем новага закона ў Беларусі была місія некалькіх міжнародных арганізацый, якія займаюцца праблемамі свабоды слова. «Тады таксама быў падрыхтаваны даволі станоўчы даклад, у якім былі адпаведныя рэкамендацыі беларускім удладам, што трэба зрабіць, каб прывесці сітуацыю са свабодай СМІ ў Беларусі ў нармальныя межы. На вялікі жаль, я вымушаны адзначыць, што сёлета, у новым дакладзе, рэкамендацыі амаль тыя ж самыя. Улады не зрабілі нічога з рэкамендаванага. І таму Беларусь ва ўсіх маніторынгах па свабодзе слова знаходзіцца на апошніх радках», — сказаў Аляксандраў.
 
 
Паводле яго, у айчынных журналістаў тры асноўныя праблемы. Першая праблема — даволі рэпрэсіўнае заканадаўства, якое не дазваляе развіваццца медыярынку ў Беларусі. Гэта звязана са складанай сістэмай рэгістрацыі СМІ. Прынамсі, за 2010 — 2012 гады ў рэгістрацыі было адмоўлена 105 новым газетам. Другая праблема — гэта эканамічны ўціск на незалежныя СМІ. У прыватнасці, 11 незалежных газетаў, уключаючы «Новы Час», не могуць распаўсюджвацца па падпісцы і прадавацца ў шапіках «Белсаюздруку». «Улады звыкла кажуць пра тое, што адмова ў распаўсюдзе — гэта пытанне ўзаемадносінаў суб’ектаў гаспадарання. Але мы памятаем, што ў 2008 годзе на хвалі «лібералізацыі» «Народная воля» і «Наша Ніва» у распаўсюд былі вернутыя палітычным рашэннем уладаў. Так што сітуацыя тут — выключна палітычная», — лічыць Андрэй Аляксандраў. Трэцяя праблема — фізічны ціск на журналістаў. Па падліках БАЖ, за апошнія тры гады было 265 фактаў, калі супрацоўнікі міліцыі ўмешваліся ў працу журналістаў, нават празмерна ўжываючы сілу. Не кажучы ўжо пра тое, што некаторыя журналісты, як Андрэй Пачобут, неаднаразорва аказваліся і пад крымінальным пераследам за сваю дзейнасць.
 
 
Намеснік старшыні БАЖ, юрыст Андрэй Бастунец адзначыў, што, можа, закнадаўства не было б такім кепскім, каб яно яшчэ не абцяжарвалася практыкай яго прымянення. Прыкладам, што тычыцца рэгістрацыі: у Законе аб СМІ былі нават нейкія палёгкі — зараз не трэба ўзгадняць размяшчэнне рэдакцыі з мясцовымі выканаўчымі органамі. Але ў рэгістрацыйных дакументах, якія зацверджаныя пастановамі Мінінфармацыі, поле для рэгістрацыі істотна звужана. Бо менавіта гэтымі пастановамі ўводзіцца абавязковае размяшчэнне рэдакцыі ў офісным памяшканні, альбо патрабаванне да рэдактара выдання мець абавязковы стаж кіраўніка СМІ не менш як 5 гадоў. Як у анекдоце: «Прэзідэнтам краіны можа быць чалавек, які мае як мінімум пяцігадовы стаж працы прэзідэнтам краіны».
 
 
«Рэгістрацыя СМІ — гэта ўвогуле нонсэнс, — лічыць Андрэй Бастунец. — Бо, не рэгіструючы выданне, мы тым самым парушаем міжнародныя дамовы, якімі мы ўзялі на сябе абавязак забяспечыць свабоду слова і свабоду сродкаў масавай інфармацыі».
 
 
Па-ранейшым праблемай застаецца і атрыманне акрэдытацыі для працы ў краіне замежных журналістаў. У сувязі з гэтым Бастунец вельмі жадае паглядзець, як гэтая акрэдытацыя будзе працаваць пад час Чэмпіянату свету па хакеі ў Мінске. «Ці сапраўды акрэдытаваныя журналісты будуць мець права пісаць толькі пра спорт, альбо ім будзе дазволена і нешта іншае», — адзначыў юрыст.
 
 
Адвольна ўлады скарыстоўваюць і іншае заканадаўства. Усім вядомая гісторыя з фотаальбомам «Прэс-фота Беларусі 2011», калі фотаздымкі былі прызнаныя «экстрэмісцкімі». Альбо факт закрыцця выдавецтва «Логвінаў» за выданне таго самага альбому: нягледзячы на тое, што, калі альбом друкаваўся, ён не быў прызнаны «экстрэмісцкім».
 
 
Карацей, БАЖ і «Індэкс цэнзуры» лічаць стан свабоды слова ў Беларусі не задавальняючым. І не пакідаюць спробаў гэты стан хоць неяк палепшыць.
 
 
Паводле Аляксандрава, аналітычны даклад і рэкамендацыі па паляпшэнні сітуацыі са свабодай слова будуць накіраваныя, найперш, у Міністэрства інфармацыі, а па-другое, у профільную каіісію Палаты прадстаўнікоў. Але на вялікі вынік Аляксандраў не спадзяецца. «Мы неаднаразова дасылалі прапановы, каб хаця б сустрэцца і абмеркаваць сітуацыю. Але ўлады, на жаль, ні на якія сустрэчы не ідуць: выклікаць уладу на дыялог не ўдаецца. Бадай, адзіны кантакт, які мы маем з уладамі — гэта кантакт Мінінфармацыі з офісам прадстаўніка АБСЕ па свабодзе СМІ Дуняй Міятавіч. З ёй яны нешта абмяркоўваюць. Пару тындняў таму я сам сустракаўся з Міятавіч. Яна мне паведаміла, што беларусь увогуле для яе з’яўляецца «любімай» краінай у справе свабоды слова. Прыкладам, хутка офіс АБСЕ і беларускія ўлады правядуць шэраг трэнінгаў і сустрэчаў з прадстаўнікамі сілавых органаў. Канешне, вельмі прыкра, што нам патрэбныя нейкія замежныя эксперты, каб патлумачыць нашым міліцыянтам, што біць людзей — гэта ўвогуле кепска, а журналістаў — яшчэ і супрацьзаконна», — скрушна адзначыў Аляксандраў.
 
 
Праўда, не ўсе высілкі БАЖу па хоць нейкім паляпшэнні сітуацыі, марныя. Нядаўна, напрыклад, БАЖ атрымаў ліст ад начальніка галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Усевалада Янчэўскага. Янчэўскі ў адказе на зварот БАЖу па магчымым рэгуляванні Інтэрнэта адзначыў, што плануецца прыцягнуць да працы над адпаведнымі прапановамі пра змены ў заканадаўстве прадстаўнікоў журналісцкіх арганізацый і інтэрнэт-супольнасцяў.
 
 
Зараз арганізацыя чакае, пакуль Янчэўскі запросіць іх на абмеркаванне магчымага рэгулявання інтэрнэту.
 
 
А пакуль што БАЖу застаецца ў чарговы раз рэкамендаваць спыніць усе формы эканамічнай дыскрымінацыі незалежнай прэсы, змякчыць Закон аб СМІ ў працэдуры рэгістрацыі і рэгулявання СМІ, забяспечыць роўны доступ усіх да інфармацыі і спыніць практыку адвольных затрыманняў журналістаў.

Каментаваць