Пятая газавая

Беларусь — Расія: пачалася пятая газавая вайна. Але вайна гэта выглядае, хутчэй, геапалітычнай, чым эканамічнай, і, як не дзіўна, Беларусь у ёй знаходзіцца ў больш выгаднай пазіцыі, чым Расія.

Нагадаем кароткую храналогію падзеяў.



Беларусь — Расія: пачалася пятая газавая вайна. Але вайна гэта выглядае, хутчэй, геапалітычнай, чым эканамічнай, і, як не дзіўна, Беларусь у ёй знаходзіцца ў больш выгаднай пазіцыі, чым Расія.

Нагадаем кароткую храналогію падзеяў.

15 чэрвеня. Расія дае Беларусі пяць дзён для таго, каб вызначыцца з аплатай доўгу за расійскі газ. Пра гэта заявіў прэзідэнт РФ Дзмітрый Мядзведзеў на сустрэчы з кіраўніком ААТ «Газпрам» Аляксеем Мілерам. Мядзведзеў зазначыў, што запазычанасць перад «Газпрамам» па разліках за газ сёлета складае каля 200 мільёнаў долараў.

16 чэрвеня. ААТ «Газпрам» папярэдзіў Мінск пра магчымае абмежаванне паставак газу з 21 чэрвеня ў выпадку нявыплаты доўгу. Скарачэнне паставак газа магчыма да 85 працэнтаў.

19 і 20 чэрвеня беларуская дэлегацыя спрабавала «разруліць» сітуацыю. Але ўсе перамовы скончыліся безвынікова. 21 чэрвеня Дзмітрый Мядзведзеў даручыў «Газпраму» пачаць абмежаванне паставак газу Беларусі, працягваючы пры гэтым кансультацыі з Мінскам па ўрэгуляванні доўгу. У гэты дзень пастаўкі блакітнага паліва ў Беларусь скараціліся на 15 працэнтаў.

Перамовы працягваліся. На працягу 21 чэрвеня высветлілася, што не толькі Беларусь мае запазычанасць перад «Газпрамам» за газ каля 190 мільёнаў долараў, але і Расія вінаватая Беларусі за транзіт каля 260 мільёнаў долараў. Нягледзячы на гэта, 22 чэрвеня пастаўкі расійскага газу ў Беларусь былі скарочаныя ўжо на 30 працэнтаў ад плана.

У адказ Аляксандр Лукашэнка робіць «ход канём». Ён не зважае на заявы Украіны пра гатоўнасць забяспечыць дадатковы транзіт газу ў Еўропу па сваёй тэрыторыі ў сувязі з канфліктам паміж Расіяй і Беларуссю, які можа паставіць пад пагрозу пастаўкі газу ў краіны ЕС. Беларускі прэзідэнт адразу распараджаецца перакрыць транзіт расійскага газу праз Беларусь.

Большасць экспертаў лічыць, што «газавы канфлікт» узнік на глебе таго, што Беларусь настойвае на адмене мытных пошлінаў на нафту і газ у межах Мытнага саюза ў поўным аб’ёме. Расія на гэта не пагаджаецца, а таму Беларусь адмаўляе ў падпісанні пагаднення па такім саюзе. І апошнія дзеянні «Газпраму» па «закручванні вентыля» для Беларусі якраз і звязваюцца са спробай прымусіць Беларусь падпісаць гэта пагадненне. А часу засталося не так ужо і шмат — Мытны саюз павінен уступіць у дзеянне з 1 ліпеня.

Сапраўды, сума ў 200 мільёнаў долараў для «Газпрама» не прынцыповая. Як пішуць на розных інтэрнэт-сайтах каментатары «газавага канфлікту», 200 мільёнаў долараў хопіць вярхушцы «Газпраму» на тое, каб пару-тройку разоў схадзіць у казіно. Тым больш, што Беларусь мела і значна большыя запазычанасці перад расійскім газавым холдынгам, і тады ўсё вырашалася без асаблівых праблем.

Але зараз Расія і «Газпрам» селі на ўласную «газавую іголку». У той час, калі Беларусь па вырашэнні мытнага пытання звярнулася ў Эканамічны суд СНД (то бок, вырашае праблемы цывілізаваным шляхам), «Газпрам» і расійскае кіраўніцтва дзейнічаюць надзвычай тапорна і ў сваім стылі. Чым яшчэ раз пацвярджае: энерганосьбіты для Расіі з’яўляюцца не таварам, а зброяй. Варта прывесці толькі гэты аргумент, каб Еўропа пераканалася ў тым, што Беларусь дзейнічае «адпаведна сітуацыі».

Аляксандр Лукашэнка ж, у сваю чаргу, паказвае і Расіі, і ўсяму свету, што на кожны вентыль «Газпрама» ў Беларусі знойдзецца свой вентыль. А «Газпрам» у чарговы раз страціць пазіцыі ў Еўропе як надзейны пастаўшчык энергарэсурсаў.

Дарэчы, Еўропа ўжо ўсхвалявалася. У сувязі з рознагалоссямі паміж Расіяй і Беларуссю па аплаце паставак і транзіту газу Еўракамісія арганізуе экстранную сустрэчу з экспертамі. Пра гэта паведаміла журналістам у Бруселі 22 чэрвеня Марлін Холцнер, прэс-сакратар еўракамісара па пытаннях энергетыкі Гюнтэра Этынгера. Яна таксама паведаміла, што ўлады Беларусі праінфармавалі Еўракамісію пра наяўныя праблемы 22 чэрвеня праз «механізм ранняга апавяшчэння». Паводле слоў Холцнер, у выніку газавай спрэчкі можа быць закранута 6,25 працэнта аб’ёму спажывання газу ў ЕС.

Так што зараз прыйшоў час чухаць патыліцу «Газпраму».

Калі казаць шчыра, ад гэтай «газавай вайны» найбольш выйграе Аляксандр Лукашэнка. Па-першае, ён становіцца абаронцам Беларусі ад расійскага шантажу, паказваючы сваю нязгібнасць і незалежнасць. Па-другое, ён моцна псуе імідж Расіі і «Газпраму» ў Еўропе. Па-трэцяе, імідж Расіі і «Газпраму» ён псуе не толькі ў Еўропе, але і ў самой Расіі. На розных расійскіх інтэрнэт-форумах ужо з’явіліся выказванні кшталту таго, што Мілер і Мядзведзеў у чарговы раз пайшлі з працягнутай рукой да «бацькі», каб ён ім грошай насыпаў. Варта зазначыць, што раней такія закіды гучалі выключна ў бок Аляксандра Лукашэнкі.

І, што не варта адкідаць у бок, перад прэзідэнцкімі выбарамі Лукашэнка зараз можа перакласці адказнасць за ўсе свае пралікі ў эканоміцы на Расію, якая ў чарговы раз стварыла нам складанасці і «паспрабавала паставіць нас на калені». Але мы, як звычайна, «у зямлянкі сыдзем, але на калені не станем».
 

Каментаваць