Пенсіянер — «адпрацаваны матэрыял» для «сацыяльна арыентаванай» дзяржавы? (відэа)

Дзяржаўныя службоўцы і разнамасныя прапагандысты афіцыйных СМІ не стамляюцца даводзіць паспалітаму люду, наколькі добра ў Беларусі жывецца простаму чалавеку, наколькі дбайна дзяржава апякуецца кожным грамадзянінам. 



Але калі ўспрымаць рэчаіснасць не праз карцінку ў тэлепрыёмніку, а зірнуць на жыццё ўласным вокам, вера ў словы афіцыйнай прапаганды губляецца.

У гісторыі жыхаркі Віцебску Таццяны Іванаўны Сушкевіч няма нічога незвычайнага. Працавала на дзяржаўным прадпрыемстве не адзін дзясятак год. Пакуль была патрэбная і магла аддаваць сілы дзяржаве — жыла параўнальна няблага: мела хай і невысокі, але стабільны заробак, карысталася якімі-ніякімі льготамі, мела дах над галавой. Але ўсё ўраз змянілася, калі сілы кабеты вычарпаліся і надышоў час ёй выйсці на пенсію...

Пенсійны век прынёс не толькі змяншэнне даходаў — рэч звычайная, да якой мусяць прыстасоўвацца ці не ўсе, хто «адпрацаваў сваё». Гэта на Захадзе, дзе «дзікі капіталізм», многія з выхадам на пенсію толькі пачынаюць жыць — займаюцца дабрачыннасцю, спортам, уласным здароўем, надаюць больш увагі свайму хобі, падарожнічаюць па ўсім свеце. У «сінявокай», улады якой абвясцілі краіну «сацыяльна арыентаванай», раскошу бестурботнага стылю жыцця могуць дазволіць сабе адзінкі — тыя, каму пашэнціла мець дзяцей з добрымі заробкамі, гатовых дапамагаць сваім старым, ды былыя дзяржчыноўнікі, якія за нейкія асаблівыя заслугі перад краінай маюць памер пенсіі, што ў разы перавышае звычайную.

Таццяне Іванаўне не пашчасціла: багатых дзяцей не мае, чыноўніцай не была. Але ў тым няма нічога асабліва страшнага — жывуць жа неяк іншыя на звычайную беларускую пенсію і не дужа скардзяцца. Толькі вось высветлілася, што, стаўшы пенсіянеркай, жыць жанчыне аказалася няма дзе.

Прапрацаваўшы на дзяржаву амаль усё сваё свядомае жыццё, Таццяна Сушкевіч так і не здолела набыць сабе ўласнае жытло. З 1982 года жыла ў ведамасным інтэрнаце — хай і не шыкоўныя ўмовы, але да іх прызвычаілася. Працуючы, не асабліва задумвалася пра будучыню. Верыла, што дзяржава не пакіне яе ля разбітага карыта — бо ж так хораша дыктары з экрану тэлевізару распавядаюць, як у краіне клапоцяцца пра кожнага жыхара...

Але афіцыйная прапаганда — адно, а рэчаіснасць — зусім іншае. Як толькі надышоў адпаведны ўзрост і з кабетай разарвалі працоўныя адносіны, адправіўшы яе на заслужаную пенсію, запатрабавалі вызваліць пакойчык, у якім яна пражыла больш за трыццаць гадоў. Адбыўся суд, які пастанавіў выселіць былую работніцу — бо новаму пакаленню працаўнікоў, якія поўныя сіл, каб працаваць на дзяржпрадпрыемстве, таксама недзе трэба жыць.

Дапамагчы новаспечанай пенсіянерцы, на якую знячэўку навалілася бяда, падахвоціўся праваабаронца Павал Левінаў. Ён параіў ёй звярнуцца да «народнага абранніка», дэпутата парламенту з Віцебску Сяргея Бохана. Але той ці то не захацеў, ці то не змог развязаць пытанне. Дапамог праваабаронца Таццяне Іванаўне таксама скласці скаргу на рашэнне суду аб яе высяленні, але і скарга не дала плёну.

Ёсць рашэнне суду — і бяздушныя шасцярэнькі механізму дзяржаўнай машыны закруціліся. У адзін далёка не цудоўны дзень у пакойчык Таццяны Іванаўны наляцелі судовыя выканаўцы. «Мы толькі выконваем загад, а акалічнасці справы нас не датычаць», — заявілі пекныя служэбніцы закону.

«А куды пажылой жанчыне цяпер ісці?» — паспрабаваў быў заступіцца за пенсіянерку праваабаронца Павал Левінаў, які прыбыў на месца. — «Не ведаем. Гэта — не наша справа. Быў суд, а мы толькі выканаўцы», — прагучаў адказ.

Здавалася б, усё правільна. Бо ўсё зроблена ў адпаведнасці з літарай закону. І суд меў рацыю — прымаў рашэнне згодна з кодэксамі, і судовыя выканаўцы — яны толькі выканалі загаданае ім. Дый гісторыя спадарыні Таццяны Сушкевіч зусім не ўнікальная — такіх гісторыяў, калі людзі адпрацавалі сваё і пасля былі выкінутыя на вуліцу, — тысячы.

Аднак становіцца страшна жыць у такой дзяржаве, якую ўлады чамусьці называюць «сацыяльна арыентаванай», і для якой насамрэч чалавек, які адпрацаваў усё жыццё на гэтую дзяржаву і ўжо нічога больш не можа даць ёй, — нішто. Бо заўтра на месцы «адпрацаванага матэрыялу», далейшы лёс якога ўжо не турбуе «выканаўцаў», што служаць дзяржаўнай сістэме, можаш аказацца і ты сам...

Віцебская вясна 

Каментаваць