Пенсіянерам не дазволілі пікетаваць у цэнтры Мінска

Актывістам Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры з розных рэгіёнаў краіны не дазволілі 24 верасня пікетаваць у цэнтра Мінска. Пра гэта паведамляецца ў лісце намесніка старшыні Мінгарвыканкама Ігара Карпенкі ад 17 верасня на заяву 12 пенсіянераў ад 9 верасня.



Мэта акцыі — прыцягнуць увагу грамадства і дзяржавы да праблемы адпісак на звароты грамадзянаў у органы суду і пракуратуры, а таксама на бяздзейнасць кіраўніка дзяржавы па абароне канстытуцыйных правоў грамадзянаў. У пікетаванні меркавалі ўдзельнічаць да 20 чалавек з лозунгамі наступнага зместу: “У Канстытуцыі правы і свабоды на паперы, а нам яны патрэбныя ў жыцці!”, “Чыноўнікі і дэпутаты схаваліся ад народа за плотам адпісак” і “Патрабуем ад чыноўніцтва выканання Канстытуцыі краіны!”.     

Для таго, каб вырашыць праблему адпісак, якой грамадскія актывісты займаюцца з 2007 года, яны выкарыстоўваюць усе мажлівасці, дадзеныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гаворка ідзе пра калектыўныя звароты, спробы сустрэцца са службовымі асобамі падчас іх асабістых прыёмаў, а таксама пра пікетаванне, у тым ліку несанкцыянаванае, за што грамадскія актывісты былі не раз затрыманыя, асуджаныя і аштрафаваныя.

У 2011 годзе пасля сустрэчы актывістаў ініцыятывы з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімірам Макеем была створаная рабочая група па праблеме адпісак, вынікам працы якой па краіне сталі 333 адмененыя прысуды па крымінальных справах. Аднак праблема адпісак у поўным аб’ёме так і не была вырашаная, бо па Грамадзянскай ініцыятыве супраць беззаконня ў судах і пракуратуры былі перагледжаныя толькі 10 крымінальных справаў, у тым ліку 6 зняволеных былі рэабілітаваныя. Вось чаму актывісты ініцыятывы былі вымушаныя цягам наступных пяці гадоў сістэматычна звяртацца і прыходзіць у Адміністрацыю прэзідэнта, а таксама праводзіць пікетаванні ў цэнтры Мінска.

Дзякуючы намаганням актывістаў ініцыятывы 24 ліпеня была паўторна створаная рабочая група на чале з намеснікам дырэктара Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Жаўняком. Аднак рабочая група пакінула без разгляду праблему адпісак, і грамадзяне атрымалі ад намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Валеры Міцкевіча чарговую адпіску, што і стала падставай для заявы на пікетаванне.

Сваю адмову Ігар Карпенка матываваў тым, што ў час і на месцы, запланаваным 24 верасня пенсіянерамі для правядзення пікетавання, будуць праводзіцца масавыя перадвыбарчыя агітацыйныя мерапрыемствы кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.

У каментары НЧ актывіст ініцыятывы юрыстка Тамара Сяргей адзначыла, што заяву на правядзенне акцыі грамадзяне падалі за дзень да таго, як Цэнтрвыбаркам краіны афіцыйна аб’явіў кандыдатаў на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. “Такім чынам, мы першымі падалі заяву на масавае мерапрыемства. А паколькі, згодна Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, усе роўныя перад законам, дык сталічныя ўлады абавязаны былі аддаць перавагу нам. Апроч таго, для пікетавання мы назвалі канкрэтнае месца ў цэнтры сталіцы. І калі там на запланаваныя намі дату і час будуць праводзіцца перадвыбарчыя мерапрыемствы кандыдатаў у прэзідэнты, на маё меркаванне, гэта будзе сведчыць, што дадзеныя кандыдаты з’яўляюцца даверанымі асобамі Мінскага гарвыканкама”, — сказала юрыстка.

Яна зазначыла, што дзеянні Ігара Карпенкі будуць абскарджаныя, а заяўнікі мяркуюць рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на масавае мерапрыемства.     

Абмеркаванне:

  • яковлевич
  • 2015-09-21 22:21:25
Не будет там никаких кандидатов. По разнарядке горисполкома поставят пару человек с плакатом, например "Все на выборы", и пять милиционеров для охраны. Вот так и живем.
  • Санкевич
  • 2015-09-21 22:52:16
Никогда там не было ни каких кандидатов! Это наглая ложь! Всё равно буду выходить!
  • Коваленко
  • 2015-09-22 10:20:56
Мы заявление подали девятого сентября и указали конкретное место и время, а кандидаты в президенты объявлены только десятого сентября. В отписке не указано имя кандидата и день подачи заявления на
массовое мероприятия. Отказ не принимаем! Мы выходим на пикет, а Мингорисполком после нас или в другом месте.

Каментаваць