Пенсіянеркі з Бабруйску і Салігорску жадаюць пікетаваць на Дзень правоў чалавека

25 лістапада Валянціна Каваленка і Любоў Санкевіч з Бабруйску (Магілёўская вобласць), а таксама Галіна Краснагір з Салігорску (Мінская вобласць) падалі ў адпаведныя мясцовыя органы выканаўчай улады заяўкі на правядзенне пікетавання 10 снежня.



Грамадзяне вымушаныя былі зрабіць гэта з-за таго, што іншымі сродкамі не могуць вырашыць набалелую праблему адпісак з дзяржаўных структураў і ад дэпутатаў парламенту на свае надзорныя скаргі і надзорныя скаргі сваякоў.
 
 
Згодна артыкулу 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, «Кожны мае права накіроўваць асабістыя або калектыўныя звароты ў дзяржаўныя органы. Дзяржаўныя органы, а таксама службовыя асобы абавязаны разгледзець зварот і даць адказ па сутнасці ў вызначаны законам тэрмін. Адмова ад разгляду пададзенай заявы павінна быць пісьмова матываванай».
 
 
Як адзначыла ў каментары карэспандэнту НЧ Любоў Санкевіч, жанчын вельмі абурыў той факт, што парламентарыі адмовіліся прадстаўляць інтарэсы грамадзян і пачалі проста адпісвацца ад людзей, як гэта робяць чыноўнікі. «А дэпутаты Жанна Мішур, Мікалай Плаксіцкі і Яўген Абаленскі прыпынілі перапіску са сваімі выбаршчыкамі»— сказала Санкевіч.
 
 
Жанчыны мяркуюць выйсці на пікетаванне з плакатамі наступнага зместу: «Дэпутаты не абараняюць правы і інтарэсы народа, а дагаджаюць чынавенству!»«Чыноўнікі і дэпутаты схаваліся ад народа за плотам адпісак».
Трэба мець на ўвазе, што пенсіянеркі збіраюцца праводзіць пікетаванне самі і на ўласныя сродкі.
 
 
Нагадаем, што Дзень правоў чалавека з 1950 году адзначаецца па прапанове Генеральнай Асамблеі ААН 10 снежня. У гэты дзень у 1948 годзе Генеральная Асамблея ААН прыняла Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека.

Абмеркаванне:

  • Liubou
  • 2013-11-26 03:36:29
Хватит бояться и молчать, чинуши власти совсем обнаглели!!!

Каментаваць