Перамога — яна агульная

Подзвіг нашых ветэранаў бясспрэчны. Але не трэба ствараць ворагаў з былых саюзнікаў. Тая перамога — не толькі нашая. Яна агульная. І забывацца на гэта таксама не варта.



Святкаванне 70-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ў нас набыло найшырэйшы размах. З гэтым ніхто не спрачаецца: трэба шанаваць ветэранаў, якія прайшлі вайну і выжылі, тым больш, што іх з намі застаецца ўсё меней і меней. Трэба не забывацца, чым была вайна, якім коштам далася перамога і шанаваць загінулых за мір на нашай зямлі. Як салдатаў, так і мірнае  насельніцтва.

Але сам працэс святкавання даты перамогі шмат у каго выклікае зараз нейкае ўнутранае адмаўленне. Таму што гэтае свята ператвараецца (ці яго свядома ператвараюць) у нейкі палітычна-прапагандысцкі спектакль.

Найперш варта адзначыць недарэчную «гераізацыю» перамогі. Прынамсі, некаторыя святочна-агітацыйныя плакаты выклікаюць непаразуменне. У Мінску, напрыклад, можна пабачыць немаўлят у пілотках з цацачнымі салдацікамі і слоганам: «Я буду героем, як і мой прадзед!». Альбо нейкія маляўкі ў ваеннай форме нібыта сядзяць за рулём ваеннай тэхнікі… Мажліва, такім чынам аўтары плакатаў імкнуліся паказаць «пераемнасць пакаленняў»? Дык гэта, па-мойму, не атрымалася.

Дзіця, якое плануе стаць «героем, як прадзед», успрымаецца так, нібыта мы рыхтуем наступнае пакаленне да наступных войнаў. Нібыта героем можна стаць, толькі прайшоўшы праз вайну. «Мілітарызацыя» гераізму грае з грамадствам злыя жартачкі: адтуль узнікаюць найміты, «зялёныя чалавечкі» і «Гіркіны-Стралковы», якія не нагуляліся ў вайнушку і шукаюць сапраўдных баявых дзеянняў, каб сябе рэалізаваць. Ці трэба нам такое шчасце?

Дый сама «гераізацыя подзвігу» вельмі сумнеўная. Вайна — гэта не толькі і не столькі гераізм. Гэта кроў, пот, страх, самаахвярнасць і гібель. А гераізм узнікае ўжо з пераадолення ўсяго гэтага. На вялікі жаль, пра гэтыя выпрабаванні і выклікі чалавеку «стваральнікі святочнага настрою» не згадваюць. А варта было б, хаця б для таго, каб крыху ацвярозіць тых, хто дагэтуль гераічна гуляе ў вайну.

Нам вельмі не хапае Васіля Быкава з ягонай «акопнай праўдай», за якую яго цкавалі да апошніх дзён.

Яшчэ адзін прыкры момант гэтых святаў — «прыватызацыя» перамогі. Маўляў, толькі «нашы дзяды» змагаліся і перамаглі ў гэтай вайне. Такога адмаўлення заслугаў іншых не было нават у часы халоднай вайны. Тады ЗША і Захад сапраўды былі «верагоднымі праціўнікамі», але ў той жа час ніхто не адмаўляў і не забываўся на знакамітую «сустрэчу на Эльбе». Між іншым, гэта дадавала надзеі і на паразуменне паміж варагуючымі бакамі. Можа быць, памяць пра «сустрэчу на Эльбе» не дазволіла свету скаціцца да ядзернай вайны.

Зараз, з падачы расійскай прапаганды, усе, хто не прыедзе ў Маскву на святочны парад, — ледзьве не галоўныя ворагі. А ЗША і зусім «адмарозкі», якія імкнуцца «перапісаць» гісторыю перамогі, якая была здабытая, у тым ліку і дзякуючы гэтым самым ЗША. Можна, канешне, казаць, што «другі фронт» яны адкрылі запозна, што і без іх бы перамаглі, але кошт такой перамогі быў бы яшчэ даражэйшы.

Узгадайма хаця б «лэнд-ліз». Па ім савецкай арміі ішлі не толькі харчы і тушонка. Знакаміты ас Аляксандр Пакрышкін большую частку вайны лётаў на амерыканскіх «Мустангу» ды «Аэракобры». У эстонскім гістарычным музеі ёсць фота, дзе жыхары балгарскай Сафіі вітаюць савецкіх вызваліцеляў. А гэтыя вызваліцелі едуць па горадзе на брытанскіх танках «Валентайн».

Варта зазначыць, што «лэнд-ліз» пачаўся ўжо праз тры месяцы пасля нападу фашысцкай Германіі на СССР — 1 кастрычніка 1941 года, і гэтыя пастаўкі не спыняліся да канца вайны. Адных толькі амерыканскіх аўтамабіляў (памятаеце знакамітыя «Студэбекеры»?) у СССР за час вайны было пастаўлена амаль паўмільёна штук.

Подзвіг нашых ветэранаў ніхто не аспрэчвае. Але навошта ствараць ворагаў з былых саюзнікаў, зыходзячы з сучаснай прапагандысцка-палітычнай сітуацыі? Па тэлеканале РТР у навінавай праграме «Вести» як мінімум двойчы прайшоў сюжэт пра тое, што недзе ў Польшчы плануюць знесці помнік Ракасоўскаму. Прычым, гэтую «навіну» я бачыў у праграме і 2 мая, і 4 мая, — адзін і той жа сюжэт. То бок, гэта ўжо не навіна, а прапаганда, наўмыснае стварэнне вобразу «ворага» з «няўдзячных палякаў». Нібыта не было ані паўстання ў Варшаўскім гета ў 1943-м, ані Арміі Людовай, ані Арміі Краёвай, ані Варшаўскага паўстання 1944-га года. Дый увогуле пра Рух Супраціву ў акупаванай фашыстамі Еўропе ўжо ўсе забыліся.

А забывацца на саюзнікаў было б не варта. Мы ўсе памятаем і святкуем 3 ліпеня — дзень вызвалення Беларусі ад фашыстаў, бо менавіта ў гэты дзень у 1944 годзе быў вызвалены Мінск. А 25 жніўня 1944 года быў вызвалены Парыж, прычым, саюзнікам, якія высадзіліся ў Нармандыі 6 чэрвеня 1944 года, засталося толькі прыняць капітуляцыю рэшткаў фашысцкага гарнізону. Амаль уся Францыя была вызваленая менавіта сіламі Супраціву.

Прыхільнікам фразы «нашы дзяды ваявалі», за якой апошнім часам хаваюцца вялікадзяржаўныя амбіцыі, варта было б узгадаць — не толькі нашы дзяды ваявалі. Ваявалі яшчэ і дзяды іншых, і іх роля ў агульнай перамозе была не меншай.

Зараз ідзе шмат размоваў пра адказнасць за «фальсіфікацыю гісторыі» і «прыніжэнне ролі савецкага народа ў Вялікай айчыннай вайне». Аматарам гэтых пастулатаў варта было б задумацца і пра прыніжэнне ролі саюзнікаў СССР. Тая перамога — не толькі нашая. Яна агульная. І забывацца на гэта таксама не варта.

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2015-05-10 02:22:27
Э-хе-хе... "Мы ўсе памятаем і святкуем 4 ліпеня — дзень вызвалення Беларусі ад фашыстаў, бо менавіта ў гэты дзень у 1944 годзе быў вызвалены Мінск." Ну як жа 4-га, калі 3-га?



"Маўляў, толькі «нашы дзяды» змагаліся і перамаглі ў гэтай вайне." Такога не кажуць нават самыя тупыя ідэолагі. Нядаўна выпадкова прачытаў артыкул у "Белорусской военной
газете" (здаецца, пісаў прэс-сакратар мінабароны, вядомы сваімі закідамі на адрас ворагаў), і там прызнаецца роля ЗША ў перамозе. Пану варта менш глядзець РТР...

Каментаваць