Перамога ў бітве пад Оршай разбурыла планы першага падзелу Усходняй Еўропы

Перамога ў Аршанскай бітве 8 верасня 1514 года скасавала планы вялікага князя маскоўскага Васіля III і нямецкага імператара Максіміліяна I па геапалітычнаму падзелу Усходняй Еўропы, заявіў 7 верасня ў Мінску прафесар Анатоль Тарас на навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 500-годдзю перамогі пад Оршай.



Алег Трусаў дэманструе выяву карціны “Аршанская бітва” з часопісу “Мастацтва Беларусі” №8 за 1990 год


Паводле ягоных слоў, гэтая перамога не толькі засведчыла, як трэба бараніць Бацькаўшчыну ад чужынскай навалы, але і дапамагла разваліць кааліцыю Свяшчэннай Рымскай імперыі германскай нацыі, Тэўтонскага ордэну і Вялікага Княства Маскоўскага, якія хацелі знішчыць незалежнасць Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, каб уключыць яго ў склад Маскоўскай дзяржавы.

Сярод тых цікавых знаходак, што дапамаглі камандуючаму саюзным войскам ВКЛ і Польскай кароны, найвышэйшаму гетману Літоўскаму, князю Канстанціну Астрожскаму перамагчы маскоўскае войска пад Оршай, Анатоль Тарас назваў дэзінфармацыю праціўніка, навядзенне першых у еўрапейскай вайсковай гісторыі наплаўных мастоў на бочках, якія дазволілі правесці патаемную і хуткую начную пераправу праз Дняпро, прадуманую расстаноўку войскаў, першае ва ўсходняеўрапейскай гісторыі прымяненне на полі бою артылерыі і пяхоты з ручной агнястрэльнай зброяй, ваенную хітрасць — агнявую засаду ў гаі з 10 гарматаў і 200 стралкоў з аркебузамі, псіхалагічны фактар — эмацыйны выступ князя Канстанціна перад бітвай, а таксама сістэматычныя манёўры сваімі войскамі.  

Выступае Анатоль Тарас

Увогуле, сярод прычынаў перамогі нашых продкаў Анатоль Тарас назваў адзінства камандавання, сканцэнтраванага ў руках вопытнага ваяра, якім быў князь Канстанцін Астрожскі, зладжанае ўзаемадзеянне пяхоты, конніцы і артылерыі, а таксама належную ролю, што надаваў камандуючы вайсковай выведцы.

Дарэчы, да юбілею славутай бітвы Анатоль Тарас падрыхтаваў 160-старонкавую добра ілюстраваную кнігу “Орша, 8 сентября 1514 года” з серыі “Невядомая гісторыя”,  надрукаваную мінскім выдавецтвам “Харвест” накладам 3 тысяч паасобнікаў.  

Кніга Анатоля Тараса “Орша, 8 сентября 1514 года”

Вядомы беларускі гісторык Алег Трусаў адзначыў, што за гады незалежнай Беларусі пра Аршанскую бітву пішуць і ведаюць усе плыні беларускага грамадства, незалежна ад іх палітычных поглядаў. Прычым, прадстаўнікі розных плыняў грамадства даюць бітве пад Оршай сваю адпаведную ацэнку. Гісторык звярнуў увагу на тое, што ў восьмым нумары часопіса “Мастацтва Беларусі” за 1990 год разам з доктарам гістарычных навук, прафесарам Анатолем Грыцкевічам яны ўпершыню прадставілі беларускаму чытачу рэпрадукцыю карціны невядомага мастака “Бітва пад Оршай” памерам 162 x 232 см., напісанай алеям на дошцы.

Дарэчы, нямецкія і польскія даследчыкі прыпісваюць аўтарства карціны вучню нямецкага жывапісца Лукаса Кранаха Старэйшага, некаторыя называюць аўтарам нямецкага мастака Ханса Крэла. А вядомы беларускі мастак Мікола Купава пераканаўча сцвярджае, што аўтар карціны — з Беларусі і напісаў яе па замове князя Канстанціна. Трэба мець на ўвазе, што аўтар быў сведкам бітвы, бо на творы шмат дэталяў, якія мастак меў мажлівасць адлюстраваць, калі на ўласныя вочы бачыў хаду падзеі. Карціна, якую трэба разглядаць фрагментамі справа налева і зверху ўніз, знаходзіцца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве і датуецца прыкладна 1520–1530 гадамі. Аднак твор страціў адну пятую частку сваёй плошчы з-за таго, што быў абрэзаны зверху, з левага і правага бакоў.

Як зазначыў Трусаў, на гэтай карціне ўпершыню ў гісторыі выяўленчага мастацтва пададзена выява беларускага замка — Аршанскага, што якраз сведчыць пра месца, дзе адбывалася гістарычная баталія.    

Разам з тым, аршанскі краязнаўца Юрка Копцік выказаў сумнёў у тым, што бітва адбылася менавіта на левым беразе ракі Крапіўна. У якасці аргументаў ён прывёў наступнае: правы бераг Крапіўны больш прыдатны для бітвы, чым левы з ягоным складаным рэльефам, пасечаным глыбокімі ярамі і стромкімі схіламі; пра гэта таксама сведчаць глухія паданні, што засталіся ў памяці мясцовых жыхароў; адмысловых археалагічных даследаванняў поля бітвы ніхто не праводзіў, а ўсе выпадковыя рэліквіі, што адносяцца да гэтай слаўнай гістарычнай падзеі, выяўлены на правым беразе Крапіўны і знаходзяцца ў школьных музеях гэтага рэгіёну Віцебшчыны. Дарэчы, на ўсіх расійскіх мапах гэтай баталіі, пачынаючы з першай, апублікаванай у 1878 годзе Мікалаем Галіцыным, месца Аршанскай бітвы паказана на правым беразе Крапіўны.  

Прамаўляе Ірына Шумская

На думку дактаранта культуралогіі Ірыны Шумскай, буйное святкаванне 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў рэзка кантрастуе з поўнай адсутнасцю цікавасці да 500-годдзя бітвы пад Оршай з боку афіцыйных структур. “Яно і зразумела: значнасць Аршанскай бітвы наўмысна змяншаецца, каб увесь прапагандысцкі імпэт скіраваць на перамогу ў Другой сусветнай вайне і далейшай пабудове дзяржаўнасці пад “чулым кіраўніцтвам” з боку “старэйшага брата”. Тым больш, што 500-годдзе бітвы пад Оршай вельмі “нязручнае” для гістарычнага іміджу ўсходняга суседа, які прызвычаіўся з кожнай шчыліны крычаць пра свае вялікія перамогі і адначасова “забываць” пра не менш вялікія паразы. І ў гэтым прасочваецца непрыхаваны і досыць сур’ёзны выклік для нас — беларусаў. Бо пакуль мы будзем з мазахісцкай радасцю працягваць эксплуатаваць вобраз надзвычай памяркоўнага народа, які выжыў у мностве войнаў і выцярпеў шмат гора і пакут, жыць па-сапраўднаму, з годнасцю, воляй і на поўную моц, наша краіна будзе хіба толькі ў папулярным і, што таксама паказальна, фактычна забароненым сёння закліку: “Жыве Беларусь!” — падкрэсліла Ірына Шумская.

Фота аўтара

Каментаваць