Першае папярэджанне ЕАЭС

«Вечна ты ў нешта ўступіш, ці то ў лайно, ці ў партыю», — казала свайму мужу Сара Рабіновіч, даведаўшыся, што ён уступіў у КПСС. У нас тая ж праблема — мы ўступілі ў ЕАЭС.



Яшчэ не высахлі чарнілы на падпісаным дакуменце, яшчэ не пачалася дзейнасць ЕАЭС, яшчэ не ратыфікаваныя гэтыя пагадненні парламентамі краін, але ў нас ужо пачаліся праблемы. Размаўляць пра гэтыя праблемы ў Мінск прыязджаў міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў.

Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства Уладзімір Макей, сустракаючы расійскага калегу, быў настолькі ўражаны, што супярэчыў сам сабе. «Праблем у нашых адносінах няма абсалютна ніякіх», — спачатку заявіў ён. Але потым дадаў, што «цяжкасці наяўнага характару, якія маюцца, будуць абмеркаваныя на сённяшніх перамовах у дружалюбным канструктыўным духу». Так што праблемаў няма — ёсць цяжкасці, і разумей гэта як хочаш.

Цяжкасці нашыя стандартныя і ўсім вядомыя. Пра абяцаны Пуціным яшчэ 7 мая (пра што Лукашэнка паведаміў на парадзе 9 мая) крэдыт у 2 мільярды долараў на падтрымку золатавалютных рэзерваў Беларусі пакуль што нічога не чуваць. Грошы абяцаліся напрыканцы мая — ужо сярэдзіна чэрвеня. Па дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, ЗВР Беларусі на 1 чэрвеня 2014 года склалі 5 395,6 мільёна долараў, скараціўшыся ў маі на 84,5 мільёна «баксаў». То бок, крэдыт не прыйшоў. А ён, між іншым, быў адной з умоваў падпісання Беларуссю дамовы пра ЕАЭС.

Другая цяжкасць: нягледзячы на тое, што краіне ўжо ў гэтым годзе абяцалі «палёгку» па выплаце ў расійскі бюджэт экспартных пошлінаў на нафтапрадукты па схеме «50 на 50», мы ўсё яшчэ працягваем плаціць усе 100% пошліны — па 300 мільёнаў штомесяц. І гэта таксама ўваходзіла ў «пакет» ЕАЭС.

Так што Беларусь відавочна незадаволеная дзеяннямі (а дакладней, бяздзеяннем) Расіі. І Лукашэнка праз Лаўрова папярэдзіў свайго расійскага калегу Уладзіміра Пуціна: да восені гэтыя пытанні павінны быць вырашаныя.

Паводле Лукашэнкі, бакі вырашаюць праблемы «ў нармальным рэжыме», але беларускі кіраўнік выказаўся за правядзенне напачатку восені Саўміна Саюзнай дзяржавы. «Думаю, нам трэба ў бліжэйшы час, у пачатку восені, абмеркаваць пытанні нашых адносін у фармаце Саюзнай дзяржавы. Думаю, што як мінімум ўрады павінны сабрацца і правесці саюзны Саўмін, каб адрэгуляваць некаторыя праблемы ў сувязі з Еўразійскім эканамічным саюзам, які распачне сваю дзейнасць», — прапанаваў Лукашэнка.

Чаму напачатку восені? Усё проста. Таму што, па-першае, гэта час Пуціну, каб той пачаў выконваць дамоўленасці. А па-другое, восеньская сесія беларускага парламента адкрываецца звычайна 2-га кастрычніка.

Да гэтага моманту беларускаму кіраўніцтву трэба ведаць, на якім яно знаходзіцца свеце, каб даваць ці не даваць «адмашку» на ратыфікацыю дамовы пра ЕАЭС.

Тое, што дамова можа быць не ратыфікаваная, яшчэ раз пацвердзіў Уладзімір Макей. Услед за Аляксандрам Лукашэнкам, які заяўляў пра тое ж 28 мая, і, што важна, амаль тымі жа словамі, кіраўнік МЗС Беларусі агучыў: дамова аб ЕАЭС па сваім змесце «не зусім адпавядае тым мэтам, якія былі прадэклараваныя раней». Паводле слоў Макея, Беларусь зыходзіць з таго, што падпісанне дагавора аб стварэнні ЕАЭС — гэта «паступальны крок у развіцці інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы». «Іншая справа, што кожны з удзельнікаў гэтага працэсу, можа быць, не зусім задаволены канчатковым вынікам на дадзеным этапе, і мы лічым, што цяперашні дагавор па змесце не зусім адпавядае тым мэтам, якія былі прадэклараваныя раней», — дадаў Макей.

Такім чынам Лаўрову ў Мінску вынеслі «першае папярэджанне». А што ж Лаўроў?

Лаўроў — вялікі казачнік. Замест таго, каб вырашаць пытанні, ён паспрабаваў упэўніць беларускае кіраўніцтва ў тым, што «касмічныя караблі бараздзяць прасторы Вялікага тэатра». Паводле ягоных словаў, «шматбаковая дамоўленасць — заўсёды пакет кампрамісаў, так было і гэтым разам. На гэтым жыццё не канчаецца».

«Еўразійскі эканамічны саюз будзе паглыбляцца, развівацца, разрастацца. У хуткім часе чакаецца афіцыйнае далучэнне Арменіі да гэтага дагавора. Пасля аналагічны крок будзе зроблены з боку нашых кіргізскіх сяброў», — сказаў Лаўроў. Паводле яго слоў, еўразійскі інтэграцыйны працэс з'яўляецца «працэсам, адкрытым для супрацоўніцтва з іншымі інтэграцыйнымі аб’яднаннямі, уключаючы Еўрапейскі саюз». Зараз, сказаў Лаўроў, пачынаюцца перамовы «аб стварэнні зоны свабоднага гандлю паміж Еўрасаюзам і Мытным саюзам».

«У нашых агульных інтарэсах працаваць над гарманізацыяй інтэграцыйных працэсаў у розных частках Еўропы і Еўразіі. У тым ліку маючы на ўвазе паступовае фарміраванне адзінай эканамічнай і гуманітарнай прасторы ад Атлантыкі да Ціхага акіяна», — дадаў Лаўроў.

Такім чынам, спадар Лаўроў мяркуе, што Еўрапейскі саюз, якому 22 гады, калі лічыць ад Маастрыхскай дамовы аб ЕС, і 65 — калі лічыць ад утварэння Савету Еўропы, паступова ўвойдзе ў Еўразійскі эканамічны саюз, які яшчэ і не пачаў працаваць. Ці не летуценік?

Пра тое, што ЕС хутка далучыцца да Беларусі і Расіі, мы ўжо чулі. Напрыклад, 18 год таму, калі стваралася Саюзная дзяржава. І дзе?

Што ж тычыцца «гуманітарнай прасторы ад Атлантыкі да Ціхага акіяна» — не дай Божа! Гэтую «гуманітарную прастору» мы бачылі на прыкладзе Чачні, Прыднястроўя, Грузіі, і зараз — Украіны. Дзякуй, не трэба!

Каментаваць