Першы крок да перамогі над чынавенствам у абароне Курапатаў

27 чэрвеня суддзя суду Цэнтральнага раёна горада Мінска Іван Майсейчык не задаволіў скаргу абаронцаў Курапатаў супраць Генпракуратуры.



Гары Паганяйла каментуе журналістам рашэнне суду


У скарзе, накіраванай у гэты суд 17 сакавіка, прадстаўнікі грамадскасці прасілі абавязаць Генеральную пракуратуру прадпрыняць дзеянні для выпраўлення парушэнняў заканадаўства аб ахове Курапатаў з боку СТАА “БелРэстІнвест”, а таксама для вынасу 4 дамкоў аб’екту прыдарожнага сервісу з першапачатковай назваю “Бульбаш-хол” з тэрыторыі ахоўнай зоны нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Такім чынам павінна быць выканана прадстаўленне Генеральнай пракуратуры Мінскаму аблвыканкаму ад 27 лістапада 2012 году.
 
 
Сярод заяўнікаў скаргі — старшыня ГА “Хрысціянская злучнасць “Курапаты” 85-гадовы Вацлаў Нямковіч, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, грамадскія дзеячы і навукоўцы Вацлаў Арэшка і Вінцук Вячорка, а таксама грамадскі актывіст Алесь Макаў, які восенню 2008 году затрымаў у Курапатах вандалаў, за што пазней страціў працу.
 
 
Сваё рашэнне Іван Майсейчік матываваў, між іншым, тым, што Генеральная пракуратура лічыць свае прадстаўленне Мінаблвыканкаму ад 27 лістапада 2012 году “дзеючым” (цікава, гэты дакумент, прыняты ўжо больш за паўтары гады таму, што -- бестэрміновага дзеяння?). Паводле словаў суддзі, прадстаўленне Генпракуратуры дагэтуль знаходзіцца ў працэссе выканання, паколькі не толькі прыпынены будаўнічыя работы на аб’екце прыдарожнага сервісу, але і вырашаюцца пытанні аб самавольным будаўніцтве з боку “БелРэстІнвесту”. Прычым, вынас 4 дамкоў з ахоўнай зоны Курапатаў будзе вырашацца паводле артыкулу 223 Грамадзянскага кодэксу Рэспублікі Беларусь (“Самовольная постройка и её последствия”), сказаў суддзя.
 
 
Вось чаму заяўнікі скаргі разглядаюць вынікі суду не як сваю паразу, а як першы крок да перамогі ў абароне Курапатаў ад чынавенства і забудоўшчыкаў, нягледзячы на тое, што суддзя адмовіўся задаволіць скаргу грамадскасці.
 
 
Дарэчы, старшыня юрыдычнай камісіі Беларускага Хэльсінкскага камітэту Гары Паганяйла, які ў судзе прадстаўляў інтарэсы грамадскасці, падкрэсліў, што Мінаблвыканкам павінен быў на працягу месяца выканаць прадстаўленне Генпракуратуры, якая мае ўсе рычагі ўплыву і інструменты , уключаючы ўзбуджэнне дысцыплінарнага, адміністрацыйнага і крымінальнага справаводства супраць тых, хто ўхіляецца аб выканання гэтага прастаўлення. І хоць факт парушэння заканадаўства быў устаноўлены і даказаны, грамадскасці сказалі -- астатняе не вашая справа, супакойцеся, зазначыў Гары Паганяйла. Такую пазіцыю дзяржавы ён лічыць “незаконнай, амаральнай і злачыннай”.
 
 
Праваабаронца назваў рашэнне Івана Майсейчыка “незаконным і палітычна матываваным”. “Сітуацыя вакол Курапатаў абвастраецца ў сувязі з тым, што пры мажлівым выкарыстанні карупцыйных схемаў гаспадарчыя суб’екты імкнуцца захапіць смачныя кавалкі зямлі вакол урочышча, якое знаходзіцца каля Мінскай кальцавой аўтадарогі, пабудаваць там камерцыйныя аб’екты, весці гаспадарчую дзейнасць і атрымліваць прыбытак”, -- заявіў Гары Паганяйла.
 
 
Заяўнікі будуць абскарджваць рашэнне суду ва ўстаноўленым законам парадку.
 
 
Неабходна выказаць удзячнасць журналістам Беларускай службы Радыё Свабода, Радыё Рацыя, Еўрарадыё, тэлеканалу Белсат, інфармацыйнай кампаніі БелаПАН і парталу TUT.by за праяўленую цікаўнасць да судовага працэсу.
 
 
Свае ўражанні ад суду, дзе мне давялося ўдзельнічаць як аднаму з заяўнікаў скаргі і журналісту, выкладу ў асобным артыкуле.

Каментаваць