План Дзмітрыя Мядзведзева

23 лістапада прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў у фармаце прэсавай канферэнцыі сустрэўся з беларускімі журналістамі. А на наступны дзень кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў гэту сустрэчу як «абсалютна бессэнсоўную». Чым, па сутнасці, пацвердзіў яе значнасць.



Было відавочна, што сам факт запрашэння на сустрэчу з Мядзведзевым незалежных журналістаў, прычым на парытэтных пачатках — 7 дзяржаўных, 7 незалежных — як мінімум насцярожыў беларускія ўлады: ад дзяржаўных СМІ на прэсавую канферэнцыю расійскага прэзідэнта былі камандзіраваны не галоўныя рэдактары агенцтваў і тэлеканалаў, а шараговыя журналісты. Незалежныя ж СМІ, наадварот, былі прадстаўлены галоўнымі рэдактарамі ці іх намеснікамі. У прыватнасці, там былі Іосіф Сярэдзіч («Народная воля»), Вячаслаў Хадасоўскі («Белорусы и рынок»), Анатоль Гуляеў («Товарищ»), Андрэй Скурко («Наша ніва»), Марына Золатава (БелаПАН), Ірына Лапшына (інтэрнэт-партал Tut.by). «Новы час» накіраваў мяне.

У падкрэслена парытэтным, працоўным і дэмакратычным стылі быў вытрыманы ўвесь фармат сустрэчы. Білеты да Масквы і назад — за кошт рэдакцый. Ад вакзала да бусікаў, што чакалі нас на Васілеўскім спуску каля Крамля, каб адвезці ў загарадную рэзідэнцыю, што ў Барвісе, дабіраліся самі. Стандартны і не абразлівы для гонару кантроль допуску на тэрыторыю і ў памяшканне. Кава і гарбата з бутэрбродамі і печывам, пакуль мы чакалі Мядзведзева. Мабільнікі ніхто не забіраў. І ніякіх банкетаў, падарункаў пасля сустрэчы. Ад расійскіх і замежных СМІ прысутнічалі толькі тыя, хто быў запрошаны дзеля асвятлення прэс-канферэнцыі — за лініяй тэлекамер. Паводзілі яны, а таксама супрацоўнікі прэсавай службы Мядзведзева, сябе натуральна і свабодна, з павагай да прэзідэнта, але без ліслівасці. І ні аднаго кіраўніка асноўных расійскіх СМІ дзеля маўклівага параднага прадстаўніцтва.

У адным са сваіх першых каментараў адразу ж пасля прэс-канферэнцыі я адзначыў, што нічога сенсацыйнага не адбылося, ніякіх, здавалася б, лёсавызначальных палітычных заяў з вуснаў Мядзведзева не прагучала.

І на гэтым фоне неяк адышла ў цень значнасць самога факту сустрэчы расійскага прэзідэнта з прадстаўнікамі беларускай незалежнай прэсы. Упершыню за пятнаццаць апошніх гадоў. Гэта і ёсць сенсацыя — сам факт сустрэчы і яе фармат. І ці не ёсць яна знешнім знакам новага курсу новага расійскага прэзідэнта?

Думаю, што такая сустрэча да таго, як Дзмітрый Мядзведзеў апублікаваў артыкул «Расія, наперад!» і выступіў з пасланнем парламенту, дзе ў галоўных рысах вызначаліся канцэпцыя і практычны план мадэрнізацыі, была немагчымай.

Верагоднасць сапраўдных дэмакратычных перамен  прагучала і ў адказах Дзмітрыя Мядзведзева на пытанні беларускіх журналістаў. Пакуль пункцірам, дзе рэхам і ўскосна, а дзе і наўпрост. І менавіта гэта, а не толькі непасрэдныя заўвагі ў бок беларускага кіраўніцтва, думаецца, сталася глыбіннай прычынай рэзка адмоўнай рэакцыі А. Лукашэнкі.


Абвешчаны Мядзведзевым курс на мадэрнізацыю Расіі падвяргаецца крытыцы з боку апазіцыйных аналітыкаў у самой Расіі. Пад сумніў ставіцца як сур’ёзнасць намераў, так і здольнасць прэзідэнта і кіроўнай эліты на правядзенне гэтага курса. Высмейваецца нават сам тэрмін — «мадэрнізацыя» замест рэформ.

Выказванні Мядзведзева падчас прэс-канферэнцыі былі скіраваны на доказ сур’ёзнасці планаў мадэрнізацыі. Адказваючы на маё пытанне, як яму — у кантэксце яго ідэй мадэрнізацыі, руху ад кіруемай дэмакратыі да нармальнай — бачацца магчымасці маральнай падтрымкі дэмакратычных перамен у Беларусі, адказаў так: «Расія не імкнецца да таго, каб штосьці навязваць... Аднак мы, безумоўна, зацікаўленыя ў развіцці беларускага грамадства і дзяржавы, гэта сумненняў не выклікае і не павінна выклікаць... Сапраўды, у маёй працы «Расія, наперад!» у адпаведным артыкуле і, пазней, у Пасланні прэзідэнта адзначалася неабходнасць мадэрнізацыі палітычных і эканамічных інстытутаў нашай краіны. Я лічу, што час для гэтага надышоў...

Калі нейкія ідэі з майго артыкула і Паслання прэзідэнта прыдадуцца нашым беларускім сябрам, я буды вельмі задаволены».

Дастаткова выразна ў адказе Дзмітрыя Мядзведзева на пытанне Вячаслава Хадасоўскага пра магчымае супраціўленне яго планам прагучала і разуменне небяспекаў рэформа, галоўныя з якіх — у супраціве кіруючых колаў.

«Рознага кшталту мадэрнізацыі, —  падкрэсліў прэзідэнт, — патрабуюць унутранай напружанасці, дадатковай актыўнасці, аднак далёка не ўсе падрыхтаваныя да гэтага. Ёсць людзі, якія не хочуць ніякай актыўнасці. Даводзіцца прызнаць, што чыноўнікі ў гэтым сэнсе не самы перадавы клас...»

Але ж, акцэнтаваў Мядзведзеў: «Рашэнне прынятае, і патрэбна яго рэалізоўваць, рухацца наперад. Толькі тады будзе поспех. Я ў гэтым плане і вам, у дадзеным выпадку грамадзянам Беларусі, усім, хто тут прысутнічае, кіраўніцтву, прэзідэнту Беларусі зычу поспеху — шчыра зычу — і ва ўдасканаленні вашай эканамічнай сістэмы, правядзенні неабходных пераўтварэнняў, і ва ўдасканаленні палітычнай сістэмы. У такім разе, я перакананы, і вас, і нас чакае вельмі добрая будучыня».

І ўсё ж ні гэта інтэрв’ю беларускім журналістам, ні іншыя выказванні Мядзведзева не даюць яснага адказу на пытанне, ці пазбавіўся цалкам яго план ад спрадвечных імперскіх памкненняў. Сведчанне таму — і яго выказванні пра асабістыя адносіны Расіі і Беларусі, і пра насычэнні нейкім новым зместам старой ідэі саюзнай дзяржавы.

Як не ўтрымліваюць яны і цалкам яснага адказу на пытанні, ці ёсць план мадэрнізацыі яго самастойным планам з разлікам на выхад з ценю Уладзіміра Пуціна ў канкурэнцыі з ім, ці гэта ўзгоднены з Пуціным план, з адпаведным размеркаваннем роляў?

Такім чынам, спадзяванні беларускіх дэмакратаў на спрыяльную геапалітычную сітуацыю не толькі з боку Захаду, але і з Усходу, пакуль застаюцца пад пытаннем.

------------------------------------------------------------

Поўны тэкст стэнагамы прэсавай канферэнцыі можна спампаваць ніжэй

Каментаваць