План Пуціна — чацвёрты этап

Трэцяе прышэсце Пуціна на крамлёўскі пасад (а з умоўным перапынкам на адну прэм’ерскую кадэнцыю — чацвёртае) азначана масавымі вулічнымі акцыямі. Яскравае сведчанне, што першасны план Пуціна па кіраванні Расіяй апынуўся пад пагрозай.



Але спачатку нагадаем, што такое план Пуціна. Словазлучэнне «план Пуціна» ўзнікла, па-сутнасці, выпадкова. Так называлася кніга, што выйшла ў 2007 годзе пад эгідай «Адзінай Расіі» і ўяўляла сабой зборнік пасланняў Пуціна да народа ў спалучэнні з пэўнымі партыйнымі прапагандысцкімі матэрыяламі. Але назва аказалася настолькі палітычна трапнай, што хутка атрымала амаль сакральнае гучанне — план Пуціна, план развіцця Расіі.


Аднак хутка праявілася сапраўдная, галоўная ідэя плана — утрыманне і ўмацаванне ўлады. Гэты план наўрад ці існуе ў цэльным, завершана аформленым і прапісаным выглядзе. Ён фармаваўся па сітуацыі, этап за этапам, рэагуючы на новыя выклікі, але настойліва і паслядоўна змяняючы пад сваю мэту навакольны сусвет. І ніколі не быў асабістым планам Пуціна. Сам Пуцін напачатку быў не болей чым фігурай, на якую паставілі, вынікам кампрамісу вярхоўных эліт тагачаснай Расіі — «сям’і» Ельцына, старой і новай наменклатуры, старога і новага КДБ, «алігархаў».


Канструкцыя ўлады, што вынікала з плану, не была канструкцыяй дыктатарскай сістэмы, але не была і канструкцыяй дэмакратычнай. Адсюль яе мянушкі: «кіруемая дэмакратыя», «калектыўны Пуцін». Як і не была першапачаткова разлічана на пажыццёвага Пуціна. Сённяшні «калектыўны Пуцін» заўтра мог быць заменены на «калектыўнага Іванова, Пятрова, Сідарава». Карпаратыўны тып улады архітэктарам плана падаваўся нашмат бяспечней. Сам Пуцін не раз сціпла вызначаў сваю ролю не болей як менеджэра.


Грамадскую думку наконт пагрозы рэстаўрацыі таталітарнай сістэмы супакоіла і яго адмова ісці на трэці тэрмін. Удалым выявілася і вынаходніцтва тандэма з Мядзведзевым, з яго ліберальнай рыторыкай пра мадэрнізацыю Расіі. Магчымасць, хай сабе і маруднай, з хібамі і перакосамі, эвалюцыі краіны да дэмакратыі выглядала рэальнай. Цішыня ў апазіцыйным лагеры, ні намёку на сацыяльны пратэст — таму пацвярджэнне.


І вось нечаканы выбух — серыя масавых вулічных акцый пратэсту напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, затым непасрэдна ў дзень інаўгурацыі Пуціна, і яшчэ, яшчэ, аж да апошняй — «Маршу мільёнаў». Працяг абяцаны. Акцыі — мірныя, патрабаванні — радыкальныя: круглы стол з апазіцыяй, адстаўка Пуціна, новыя выбары па новаму заканадаўству. У вулічных калонах — усе палітычныя сілы, ад левых да правых, усе незадаволеныя, нават з тых, што так ці інакш падтрымлівалі тыя самыя эліты, якія калісьці дамаўляліся на план Пуціна. Акрамя новага КДБ.


Спускавы курок пратэсту сарвала беспардонная ратацыя Мядзведзеў — Пуцін, якая наслаілася на спад матэрыяльнага дабрабыту насельніцтва, на бязмежны размах карупцыі і на спакваля выспяваўшы ў сувязі з гэтым сацыяльны пратэст. Стала відавочна, што ў саюзе эліт верх узяла каманда новага КДБ, перайменаванага ў ФСБ, а замест калектыўнага Пуціна краіне прапануецца персанальны Пуцін. Аж на новыя два тэрміны, можна лічыць — пажыццёва.


Рэканструкцыя карпаратыўнай сістэмы ўлады па мадэлі персаналісцкай з рэстаўрацыяй элементаў (рудыментаў) старой класічнай таталітарнай савецкага ўзору — так можна на сёння вызначыць чацвёрты этап плана Пуціна. Метады і спосабы — сілавыя, рэпрэсіўныя, што таксама з відавочнасцю прадэманстраваў яго рэжым.


Ці ўдасца пагасіць хвалю пратэсту — пытанне пакуль адкрытае. Шанцы ў апазіцыі на развіццё поспеху не безнадзейныя. У аснове цяперашніх масавых вулічных акцый у Расіі пераважвае стыхійны пратэст, энергія якога, як сведчыць гісторыя, дастаткова магутная. Сілавыя спосабы скарыць, заглушыць гэту энергію нярэдка прыводзяць да выбуху.


Працэсы адкату постсавецкіх краін да аўтарытарызму і таталітарызму прынцыпова падобныя. Але адбываюцца яны з рознай хуткасцю, на тле адрозных гістарычных традыцый, у розных геаграфічных маштабах. У Беларусі, адносна невялікай краіне, адкат адбыўся на першай постсавецкай фазе, на самым пачатку трансфармацыі старой сістэмы, калі дэмакратычныя сілы былі слабыя, без вопыту, не паспелі арганізацыйна аформіцца, стварыць устойлівую сістэмную апазіцыю. Але і ў гэтых акалічнасцях старой-новай рэакцыйнай бюракратыі на чале з Аляксандрам Лукашэнкам спатрэбілася дзясятак гадоў, каб утаймаваць энергію масавага супраціву. Узгадаем хаця б шматтысячныя “Маршы свабоды. Менавіта ўтаймаваць, але не зліквідаваць канчаткова, пра што сведчыць шматтысячная Плошча–2010.


У Расіі ў адкрыты наступ сілы таталітарнага рэваншу выступілі толькі цяпер. За гэты прамежак — ад пачатку 1990-х — там сфармаваўся той самы сярэдні, той самы крэатыўны клас, які сёння і з’яўляецца ядром энергіі пратэсту. Ацалела сістэмная, хаця і часткова прыручаная, апазіцыя. Сфармавалася капіталістычная мадэль эканомікі. Хай сабе і дэфармаваная, пранізаная карупцыяй, але гэта ўспрымаецца як вынік дзейнасці ўлады, і таму таксама з’яўляецца аб’ектам пратэсту, у тым ліку з боку новай буржуазіі. Кансервацыя, тым больш узмацненне аўтарытарных тэндэнцыяў пагражае яе ўласнаму існаванню.


Ужо відавочна, што Пуцін зрабіў стаўку на сілавы варыянт падаўлення апазіцыі. І наўрад ці адступіцца ад яго. Будзе манеўраваць, трымаць паўзу, каб зноў нанесці ўдар. Варыянт, што ён здольны пайсці на сістэмныя рэформы, сапраўдную мадэрнізацыю краіны (а значыць — і сыход з улады) у яго дзеяннях на сённяшні момант не праглядаецца.


Хто каго? Сілы рэакцыі ці сілы дэмакратыі? Ад вырашэння гэтага пытання ў Расіі будзе ў вызначальнай ступені залежыць і вырашэнне таго ж пытання ў Беларусі. У знешняй палітыцы   план Пуціна трымаецца на старой імперскай ідэі, і Беларусь на яе вастрыі.

Каментаваць