План зменшыць колькасць алкаголікаў выконваецца ў асноўным за кошт смяротнасці

Беларускія нарколагі маюць план, паводле якога за год 10% іх пацыентаў мусяць здымацца з наркалагічнага ўліку. І дактарам удаецца яго выконваюць — дзякуючы смяротнасці.



Беларускія нарколагі маюць план, паводле якога за год 10% іх пацыентаў мусяць здымацца з наркалагічнага ўліку. І дактарам удаецца яго выконваюць — дзякуючы смяротнасці.


Дні цвярозасці, абмежаванне продажу алкаголю няпоўнагадовым і ў пэўныя дні, эксперыменты з поўнаю забаронаю прадаваць танныя віны… Усе гэтыя захады ў барацьбе з алкагалізмам ужываюцца і ў Кармянскім раёне Гомельскай вобласці. Наколькі дзейсная такая палітыка дзяржавы, паказвае расповед доктара-нарколага кармянскай бальніцы Антона Сцяпанава, апублікаваны ў газеце “Гомельская праўда.


Магіла выправіць...


На пасаду доктара-нарколага Антон Сцяпанаў трапіў паводле размеркавання. Да ягонага з’яўлення такі спецыяліст у Кармянскім раёне, дзе пражываюць 15 тысяч чалавек, адсутнічаў. Цяпер пацыентаў у нарколага хоць адбаўляй: у спадара Сцяпанава на наркалагічным уліку стаяць 356 чалавек, на прафілактычным уліку — яшчэ 200.


За год нарколагі мусяць вылечваць (што называецца, “здымаць з уліку) 10 % сваіх пацыентаў. Сёлета Антон Сцяпанаў зняў ужо 16 чалавек. З іх 15 — з прычыны смерці.


Гарачыя кармянскія хлопцы ставяць медычныя рэкорды, кажа доктар: “Лічыцца, што 5 праміле ў крыві — гэта смяротная доза. А вось у маіх руках звесткі аднаго пацыента, у якога зусім нядаўна ў крыві знайшлі 6,32 праміле. Прычым аналізы бралі ранкам. Калі я пачынаў у Карме інтэрнам, да нас прывезлі 12-гадовага хлопчыка, у якога было каля 1,5–2 праміле.

Дні цвярозасці — пладова-ягадныя


Нарколаг, разважаючы пра эфектыўнасць дзён цвярозасці, прыгадвае выпадак з практыкі. Калі ў чарговы дзень забароны на продаж алкаголю ў раённы шпіталь прывезлі пецярых п’яных падлеткаў. Але дзе ж яны бяруць?


“У вёсцы алкаголь нашмат прасцей дастаць, чым у вялікім горадзе. Той жа самагон, да прыкладу. Таксама ёсць дзялкі, якія адмыслова ездзяць у Гомель па танны алкаголь, а потым уначы прадаюць яго ўдвая даражэй. Бутэлька стала каціравацца вышэй за золата або долары. І чым больш будзе такіх забаронаў, тым “валюта будзе мацнейшая, — мяркуе нарколаг Сцяпанаў.


Згодна з статыстыкай, 90 % пацыентаў нарколага спажываюць пладова-ягадныя віны, якія адрозніваюцца высокаю алкагольнаю эфектыўнасцю, нізкімі коштамі ды адпаведнаю ім якасцю.

Беднасць — не загана, а прычына


Сярод фактараў, што выклікаюць катастрафічную алкагалізацыю насельніцтва ў рэгіёне, называюць нізкія заробкі. Тут няма ніводнага прадпрыемства, за заробкі на якім можна было б трымацца. Людзі едуць на працу ў Расею. Паміж паездкамі народ п’е, а за дзень да цягніка прыходзіць да нарколага “пракапацца. Працэдура не танная — ад 200 да 300 тысяч рублёў.


Таксама ў раёне заўважны духоўны заняпад насельніцтва. Адчуваецца недахоп забаўляльных установаў і царквы.

На здымку: Аляксей Сцяпанаў (gp.by)

Паводле belsat.eu
 

Каментаваць