Полацкі Стоўнхэндж

Беларусь можа стварыць сабе візітоўку на манер Брытаніі. Калі спалучыць фантазію, навуку і якасны PR, то пазнавальнымі і вядомымі могуць быць не толькі цяперашні кіраўнік дзяржавы ці Мірскі замак, але  і помнікі паганскіх часоў, старажытныя абсерваторыі. Тым больш, што нашы далёкія продкі пакінулі нам эксклюзіўныя пляцоўкі для рэалізацыі падобных ідэй.

(На здымку: Камяні Полацкага Стоўнхенджа)



Беларусь можа стварыць сабе візітоўку на манер Брытаніі. Калі спалучыць фантазію, навуку і якасны PR, то пазнавальнымі і вядомымі могуць быць не толькі цяперашні кіраўнік дзяржавы ці Мірскі замак, але  і помнікі паганскіх часоў, старажытныя абсерваторыі. Тым больш, што нашы далёкія продкі пакінулі нам эксклюзіўныя пляцоўкі для рэалізацыі падобных ідэй.

(На здымку: Камяні Полацкага Стоўнхенджа)


Каменную таямніцу знайшлі на Полаччыне. Бліжэйшым часам гэта зямля да свайго backgroundу — калыскі беларускай дзяржаўнасці — мае шанцы дадаць і астранамічную абсерваторыю з мегалітаў. Месціцца яна недалёка ад Полацка, побач з вёскай Бікульнічы на беразе возера Янава. Як мяркуюць даследчыкі, культавыя камяні звязаныя з прыгожым і знакамітым аб’ектам паўночнага неба — сузор’ем Арыён. Група камянёў выкладзеная ў выглядзе квадрата, а яго грані размешчаныя такім чынам, што на працягу года паказваюць на месцы заходу Сонца ў найбольш важных кропках яго нябеснага руху: дні зімняга і летняга сонцастаяння, вясновага і восеньскага раўнадзенства. Усе камяні аднаго чырванаватага колеру, выкладзеныя яны ў выглядзе літары «П» і павернутыя ў бок гары Валатоўкі побач з Янавым возерам.

Асаблівасць гэтага комплексу ў тым, што ў яго ўваходзіць не толькі мноства камянёў са слядамі ручной апрацоўкі, але і прыродныя аб’екты — група азёраў, звязаных у адзіны водны ланцуг пратокамі, на берагах якіх размешчаны камяні. У гэтым ланцугу ёсць тры возеры, абрысы якіх супадаюць з малюнкамі трох сузор’яў на старажытных зорных картах у вобласці сузор’я Арыён.

Возера Янава падобна на чалавека, які ідзе, і на малюнак сузор’я Арыён. Возера Гомель — на сабаку і на малюнак сузор’я Вялікі Сабака. Возера Паўльскае падобнае на пярэднюю частку буйной жывёліны і на малюнак сузор’я Цяльцоў. Цікава, што тут сапраўды супадаюць не толькі абрысы азёраў і малюнкі зорных мапаў, але і ўзаемнае размяшчэнне азёраў і сузор’яў. Каб у гэтым упэўніцца, дастаткова папросту параўнаць карту азёраў з мапай зорнага неба, кажуць даследчыкі. Як гэта падабенства пабачылі будаўнікі мегалітычнага комплексу, калі яго можна заўважыць толькі з вышыні птушынага палёту, невядома.

Каменны вал


Але мясцовыя краязнаўцы ды навукоўцы, якія даследавалі гэты комплекс, не схільныя бачыць тут простае супадзенне. Астраномія і культ — вось прызначэнне Полацкага Стоўнхэнджу. Першаадкрывальнікам гэтага комплексу камянёў можна лічыць беларускага навукоўца Эрнэста Ляўкова, які яшчэ ў 1987 годзе звярнуў увагу, што камяні ляжаць не хаатычна, а з пэўнай арыентацыяй па баках свету ды яшчэ і ў пэўнай кампазіцыі.

Як не багі гаршчкі лепяць, так і помнікі стражытнасці знахо­дзяць ды апякуюцца імі звычайныя людзі. Полацкім каменным комплексам зацікавіліся мясцовыя краязнаўцы і настаўнікі. Напісалі адпаведны праект і атрымалі сёлета фінансавую падтрымку ў рамках сумеснага праекту Еўрапейскага саюза і Праграмы развіцця ААН «Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні». Цэнтр пазашкольнай працы Наваполацку заняўся добраўпарадкаваннем і выведкай старажытнага мегалітычнага комплексу, каб стварыць зялёны маршрут «Зорная дыядэма Полаччыны». Напрыканцы ліпеня Полацкі Стоўнхэндж ужо наведала група  еўрапейскіх журналістаў. У верасні пешаходны і веласіпедны туры па гісторыка-культурнай спадчыне будуць прапанаваныя беларусам праз турагенцтва Цэнтра пазашкольнай працы, далучаць да зялёнага турызму і грамадскія арганізацыі.

Агулам Беларусь багатая на каменныя помнікі часоў паганства ды ранняга хрысціянства. Многія камяні бы мохам абраслі легендамі, а некаторыя да гэтага часу ў пашане мясцовага люду. Да такіх камянёў на рэлігійныя святы прыходзяць як да святыні.

Азёры Гомель, Янава, Паўльскае на здымку са спадарожніка.


Папулярныя ў краіне паданні, звязаныя з «чортавымі камянямі», скамянелымі вяселлямі, нешчаслівымі дзеўчынамі, людзьмі, што азірнуліся, ці сховамі кладаў. Пад алтаром у царкве Жыровіцкага манастыра, што на Слонімшчыне, ёсць камень з адбіткам, які лічаць следам рукі Божай Маці. Царква ў імя Нараджэння Прасвятой Багаро­дзіцы пабудавана на тым месцы, дзе святая Марыя  з’явілася на камяні пасля пажару галоўнай царквы ў 1520 годзе. Знакамітыя ў Беларусі і Тураўскія каменныя крыжы, якія сведчаць аб першых часах хрысціянства на Беларусі. Як гаворыцца ў легендзе, гэтыя крыжы даўжынёй больш за два метры самі прыплылі з Кіева, па Дняпры і Прыпяці, супраць іх плыні, каб засцерагаць тураўцаў ад бед і хваробаў. На свята Узвышэння Крыжа ля камянёў збіраліся палешукі, бо крыжы лічыліся ў народзе лекавымі. Агулам каменная спадчына Беларусі налічвае тысячы экземпляраў, кожны з якіх варты ўвагі.

Яшчэ за савецкім часам на гэта звярнулі ўвагу ў Інстытуце геалагічных навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Навукоўцы стварылі  незвычайны музей валуноў пад адкрытым небам. На плошчы каля 6,5 гектары ў сталічны мікрараёне на месцы былога балота месціцца унікальная калекцыя камянёў пад афіцыйнай назвай «Эксперыментальная база ледавіковых валуноў». Больш за дзве тысячы камянёў скампанаваныя ў тэматычныя экспазіцыі, у аснове якіх даследчая праца ў тым ліку і вядомага акадэміка Гаўрыіла Гарэцкага.

Цікава, што вялізныя валуны — не карэнныя «жыхары» нашай краіны, усе яны былі прынесеныя сюды мацерыковымі ледавікамі. І ўжо нашы продкі прыстасоўвалі «эмігрантаў» да сваіх патрэбаў. Праўда, сёння мала які камень выклікае такія трапяткія пачуцці. Эпоха прагматыкаў не разумее сэнсу ў пакланенні камяням, што былі сведкамі гістарычных і культурных з’яваў мінулага.

У згаданым музеі найбольш аб’ёмная — экспазіцыя «Карта Беларусі». На плошчы каля 4,5 гектараў створана мадэль карты краіны, на ёй размешчаныя больш за паўтысячы валуноў. Карта арыентаваная па краінах свету, на ёй у выглядзе насыпных узгоркаў адлюстраваны асноўныя элементы рэльефу Беларусі — узвышшы і грады. Сцяжынкі імітуюць рэкі, два невялікія штучныя вадаёмы адлюстроўваюць возера Нарач і Мінскае мора. У размяшчэнні валуноў захаваны прыродна-геаграфічны прынцып, то бок кожны валун на карце знаходзіцца на сваім месцы.

-------------------------------------------------------------------------------

Музей ёсць — гаспадара няма

Акадэмік НАН Беларусі Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі прымаў удзел у стварэнні Музею камянёў. Але цяпер з жалем гаворыць, што распачатую працу так і не атрымалася давесці да лагічнага выніку. Музей валуноў у заняпадзе.

— Музей мы стварылі, але, на жаль, ім па сапраўднаму ніхто цяпер не займаецца. Добра, што гарадскія ўлады ўзялі на сябе хаця б абавязак сачыць за парадкам на тэрыторыі музею. Цяпер туды ходзяць школьнікі, студэнты. Наш Інстытут геалогіі закрылі, і атрымалася, што музеем няма каму займацца, вось ён і знаходзіцца ў падвешаным стане. Многіх звольнілі, дык цяпер дзесятак пажылых людзей робіць геалогію.

А ў нас ёсць матэрыялы, каб давесці Музей валуноў да розуму. Мы хацелі каля кожнага валуна змясціць інфармацыю, адкуль ён, што за гісторыя з ім звязаная. У часы ледніковага перыяду, калі на тэрыторыю Беларусі трапілі камяні, тут было ўсё іншае. Планавалі паказаць жывёл, якія тут жылі, побыт людзей падрабязна апісаць. Ды не атрымалася. І грошы скончыліся, і людзі па-вандальску ставіліся да гэтага месца: ламалі, абмалёўвалі плакаты. Да нас нават прыязджаў навуковец Шыбрала з Парыжу, з дэпартаменту ЮНЭСКА. Ён быў уражаны працай, і музей маглі б узяць пад эгіду ЮНЭСКА. Дарэчы, і кіраўніцтва наша не надта разумела сэнс гэтай экспазіцыі. Мяне з-за музею ледзь не выгналі з партыі. Маўляў, «наваліў тут Гарэцкі камянёў».

Каментаваць