Польскае радыё ў Заходняй Беларусі

У часы ІІ Рэчы Паспалітай у заходнебеларускіх ваяводствах працавала некалькі польскіх радыёстанцый. Іх перадачы карысталіся вялікай папулярнасцю сярод жыхароў «крэсаў».



Аўтамабіль Польскага радыё


Вялікая сіла для ўз’яднання

Ужо ў пачатку 1920-х гадоў польскія ўлады зрабілі стаўку на развіццё радыёвяшчальнай інфраструктуры. У красавіку 1926 года адбыўся першы эфір Польскага радыё, а ўжо праз год палякі прапанавалі замежным калегам наладзіць абмен радыёпраграмамі, ці, кажучы сучаснай мовай, кантэнтам. У 1931 годзе была пабудавана адна з найбольш моцных радыёперадаючых станцый у Еўропе ў Рашыне, якая пакрывала амаль усю тэрыторыю. Часопіс «Антэна» ў 1936 годзе пісаў: «Радыё з’яўляецца адным з найлепшых вынаходніцтваў чалавецтва. Гэта вялікая сіла, галоўнай мэтай якой з’яўляецца ўз’яднанне народаў».

Першапачаткова польскія слухачы маглі пачуць усяго некалькі перадач увечары, але ўжо ў 1930-х гадах вяшчанне вялося на працягу ўсяго дня. Вялікая ўвага надавалася развіццю радыёстанцый ва ўсходніх ваяводствах Польшчы, у тым ліку і ў Заходняй Беларусі. Пры гэтым у Варшаве разумелі, што там пераважае менавіта вясковае насельніцтва, і таму ў эфірнай сетцы павінен быў быць падзел на праграмы для горада і сяла. Усё тая ж «Антэна» пісала: «Хутка знікне са слоўніка выраз «глухая вёска», і ў кожным закутку краіны можна будзе пачуць радыё».

Калектыўнае праслухоўванне радыё. Заходняя Беларусь

«Увага, гаворыць Вільня!»

У 1927 годзе было вырашана стварыць аддзяленне Польскага радыё ў Вільні. Тады ж у старажытным горадзе з’явіліся дзве радыёмачты. Першым дырэктарам радыёстанцыі стаў Вітальд Гулевіч. Якія ж праграмы прапанавала новая хваля сваім слухачам? Перш за ўсё, безумоўна, музычныя. Адным з найбольш папулярных прадуктаў радыёстанцыі быў канцэрт па заяўках. Кожны жадаючы за 1 злоты мог замовіць любімую песню і пачуць яе ў эфіры. Хваля перадавала канцэрты Варшаўскай філармоніі. Шмат часу выдзялялася на трансляцыю камернай музыкі, у тым ліку з тэатру «Ла Скала» ў Мілане.

Для вясковай аўдыторыі радыё ў Вільні рыхтавала перадачы «Гісторыя танца», «Вячоркі ля мікрафона», «У музычным доме». У іх удзельнічалі між іншым музычныя ансамблі «Каскада» і «Уцеха» (якія спявалі на так званай «крэсовай пальшчызне» — польскай мове са значным уплывам іншых славянскіх моў). Пры гэтым для такіх перадач радыё заклікала да супрацы выканаўцаў народных песень, у тым ліку і беларускіх.

Важнае месца займалі гумарыстычныя перадачы (напрыклад, «Віленская зязюля»). Не менш увагі надавалася і літаратурным творам, якія ў эфіры агучвалі дыктары радыё. Перш за ўсё, тут гаворка ідзе пра перадачу «Несмяротныя кнігі». У сярэдзіне 1930-х гадоў віленскае радыё пачынае трансляваць перадачы кшталту савецкага «Тэатру ля мікрафона», у якіх рабіўся ўхіл на гістарычную тэматыку. Дарэчы, гісторыя была ключавой тэмай для многіх перадач Польскага радыё. Асабліва гэта назіраецца ў канцы 1930-х гадоў, калі ІІ Рэч Паспалітая знаходзілася на парозе вайны з Трэцім Рэйхам. У гэты перыяд пашыраецца колькасць патрыятычных перадач, дзе распавядаюць пра барацьбу Польскага каралеўства і І Рэчы Паспалітай за сваю незалежнасць («Рэха мінулага», «Старая і новая Вільня»).

У студыі Польскага радыё ў Вільні

Вялікая ўвага надавалася выхаванню маладога пакалення. Тут варта падкрэсліць, што калі ў гарадах Заходняй Беларусі дзеці маглі чуць радыё дома, то ў вёсках радыёпрыёмнікі былі ў асноўным у школах, і таму віленскае радыё рабіла сетку вяшчання так, каб пускаць дзіцячыя праграмы ўдзень, і каб яны супадалі з часам школьных заняткаў. Так, напрыклад, вельмі папулярнай была дыскусійная перадача віленскага радыё «Старыя і маладыя», падчас якой адбываўся дыялог прадстаўнікоў маладога і старэйшага пакалення па розных, актуальных для грамадства тэмах. Акрамя гэтага, віленскае радыё шукала таленавітых вядучых сярод звычайных слухачоў. Так, у праграме «Самі сябе» людзі маглі агучыць свае думкі, прапановы, павіншаваць блізкіх ці знаёмых. Акрамя гэтага, сумесна з Міністэрствам адукацыі Польшчы і Школьным куратарствам рабіліся адукацыйныя праграмы.

Сельская гаспадарка, памежжа і шмат музыкі

Паўночна-ўсходнія ваяводствы (Віленскае, Навагрудскае і Палескае) былі ў асноўным сельскагаспадарчым краем, гэта знайшло сваё адлюстраванне ў эфіры Польскага радыё ў Вільні. У прыватнасці, рабіліся перадачы, прысвечаныя аналізу агульнапольскага рынку сельскагаспадарчай прадукцыі. Кожную пятніцу сумесна з Віленскай сельскагаспадарчай палатай журналісты рыхтавалі перадачу для буйных землеўласнікаў.

Салдаты Войска Польскага слухаюць радыё

Папулярнымі былі перадачы, прысвечаныя гігіене і здароўю. Улічвалася і тое, што гэта памежны рэгіён. Кожную апошнюю суботу месяца на Польскім радыё з Вільні выходзіла перадача «Субота КАПу», у якой агучваліся апошнія навіны з савецка-польскага памежжа, а таксама расказвалася пра жыццё польскіх памежнікаў на «крэсах». Нарэшце, варта адзначыць, што вільняне вялі трансляцыі царкоўных службаў з касцёлаў.

У маі 1938 года, з нагоды 10-годдзя вяшчання Польскага радыё ў Вільні, у часопісе «Антэна» было надрукавана вялікае інтэрв’ю з яго праграмным дырэктарам Тадэвушам Лапалеўскім, у якім той адзначаў, што «ў новым сезоне віленскае радыё планавала запусціць перадачу «Фартэпіяна і кніга», у якой планавалася спалучыць класічную музыку і літаратурныя творы». Акрамя гэтага, Лапалеўскі адзначаў, што з 1 красавіка 1938 года ў Польскага радыё ў Вільні з’явіўся свой асабісты аркестр пад кіраўніцтвам Уладзіслава Шчэпаньскага, які два разы на тыдзень павінен быў выступаць у эфіры, іграючы папулярную музыку, а ў выходныя даваць канцэрты ў межах праграмы «Музычны ўікэнд».

Абсталяванне радыёстанцыі

Дарэчы, аўтар інтэрв’ю адзначаў, што працы ў віленскага радыё будзе больш, пасля таго, калі ў рэгіёне з’явіцца канкурэнт — радыёстанцыя ў Баранавічах.

Другая радыёхваля на «крэсах»

Сапраўды, у 1937 годзе ў палескім горадзе распачалося будаўніцтва і мантаванне неабходнага абсталявання для радыёстанцыі. Хутка ў Баранавічах былі ўзведзены дзве мачты, а 1 ліпеня 1938 года пачалося вяшчанне. Моц прыёмніка давала магчымасць трансляваць перадачы на тэрыторыі Навагрудскага і Палескага ваяводстваў, і нават на памежжа.

Першым і апошнім дырэктарам Баранавіцкай радыёстанцыі быў Збігнеў Цыс-Банкевіч. На Польскім радыё ў Баранавічах працавалі два дыктары: Марыля Канзалуўна і Стэфан Саецкі. Сярод праграм баранавіцкага радыё вылучаліся «Сельскагаспадарчыя навіны», падчас якіх вядучыя падрабязна разглядалі падзеі ў гэтай сферы на тэрыторыі трох заходнебеларускіх ваяводстваў. Цікавымі былі перадачы з серыі «Нашы вёскі і мястэчкі», у якіх расказвалася гісторыя розных населеных пунктаў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Для моладзі рабіліся прыродазнаўчыя перадачы.

Збігнеў Цыс-Банкевіч

Трошкі больш чым праз год, пасля пачатку вяшчання Польскага радыё ў Баранавічах, распачалася Другая сусветная вайна. Нямецкая вайсковая авіяцыя атрымала загад знішчаць, сярод іншых стратэгічных аб’ектаў на польскай тэрыторыі, радыёстанцыі. 15 верасня самалёты люфтвафэ ажыццявілі налёт на Баранавічы, і ў тым ліку атакавалі будынак баранавіцкага радыё, аднак не знішчылі яго.

Хутка распачаўся «вызваленчы паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь», які скончыўся далучэннем гэтых тэрыторый да СССР. Польскія радыёстанцыі ў Вільні і Баранавічах сталі савецкімі, аднак ненадоўга. У чэрвені 1941-га Германія напала на Савецкі Саюз, і Беларусь была акупавана войскамі вермахта. Адступаючы ў 1944 годзе з Баранавічаў, немцы ўзарвалі польскія радыёмачты, аднак будынак станцыі ацалеў і захаваўся да нашых дзён. Пасля вайны ўлады Польскай Народнай Рэспублікі дамагліся ад кіраўніцтва БССР вяртання абсталявання Польскага радыё ў Баранавічах і размясцілі яго ў Рашыне.

Вокладка часопіса «Антэна» з выявай Вільні. 1938 год

У «Антэне» друкавалася падрабязная праграма не толькі польскага, але і замежнага радыё. Слухачы ў Заходняй Беларусі дакладна ведалі, якія праграмы гучаць на хвалях Францыі, Германіі, Вялікабрытаніі, Бельгіі, Чэхаславакіі, Італіі і шматлікіх іншых краін. Безумоўна, былі і тыя, хто жадаў пачуць музыкальныя творы Чайкоўскага на Ленінградскім радыё ці літаратурныя чытанні на «Радыё Камінтэрн». Праграма савецкіх радыёстанцый таксама друкавалася.

Фота з архіва аўтара, друкуюцца ўпершыню.

Абмеркаванне:

  • Коля Баранавіцкі
  • 2013-05-24 18:42:10
Выдатна! У Баранавічах сапраўды захаваўся будынак былой польскай радыёстанцыі. Там зараз тэлевізія мясцовая месціцца. Дзякуй за артыкул. Чакаем новых.
  • Рэдакцыя
  • 2013-05-25 18:26:47
Спадар, Коля Баранавіцкі, а ці маглі б Вы сфатаграваць і даслаць нам фота гэтага будынку? Мы б дадалі яго да артыкула са спасылкай на аўтара здымку. Рэдакцыя
  • ucrainarma
  • 2013-05-24 20:41:52
Дуже цікава тема! В Європі зараз розвинутий такий важливий напрямок історичної науки, як побутова історія, історія повсякдення. Ця стаття відкрила нові цікаві дані з життя білорусів у міжвоєнні часи.
Не знав багатьох з цих фактів. А взагалі, публікація Ігоря завжди приємно і цікаво читати ;)
  • Максім
  • 2013-05-27 19:48:47
Дзякуй за цікавы артыкул! Я з'яўляюся вялікім аматарам радыё і ўсяго, што з ім звязана-таму гэтая інфармацыя для мяне асабіста цікавая. Дарэчы, у мяне самога захоўваецца нумар часопіса
"Antena"-адзін з сімвалаў той эпохі. Таксама прыпомнілася мне рэкламка з "Kalendarza rolnika" 1928 года(таўшчэзнай кнігі, якая дасталася мне ад прабабулі), дзе
надрукаваны заклік да сялян-каб набывалі радыёпрмачы фірмы Marconi( каб ведаць надвор'е на дзень наступны, цану на гародніну, а таксама слухаць карысную інфармацыю па гаспадарцы).

Каментаваць