Польскі бургамістр адкрыў турыстычны інфармацыйны цэнтр

У Дзень Святога Валянціна ў Слоніме ў былым будынку Дзяржаўтаінспекцыі адкрылі турыстычны інфармацыйны цэнтр. Цэнтр адкрылі госці з Польшчы — бургамістр Аўгустава Казімеж Кажухоўскі, дэпутат гарадской рады Веслаў Юрэк і іншыя госці з Польшчы і Гродна, а таксама кіраўніцтва Слонімскага райвыканкама.



Галоўнай мэтай праекта з’яўляецца садзейнічанне развіццю трансгранічнага турызму шляхам стварэння на тэрыторыі памежных раёнаў Беларусі і Польшчы сеткі пунктаў турысцкай інфармацыі.

Гасцей у Слоніме сустракалі з хлебам-соллю. А былы канцлер Вялікага княства Літоўскага староста Слонімскі Леў Сапега, ролю якога выконваў дырэктар Слонімскага драмтэатра Мікалай Лішык, сказаў:

Я — канцлер і гетман Вялікага княства Літоўскага, староста Слонімскі Леў Сапега, шчыра вітаю Вас на старажытнай слонімскай зямлі. Яшчэ ў 1588 годзе, калі я ствараў Трэці Літоўскі Статут, марыў, што праз 400–500 гадоў у Слоніме абавязкова адкрыецца турыстычна-інфармацыйны цэнтр. І вось мара мая збываецца.

Сёння, шаноўнае спадарства, я маю вялікі гонар вас тут вітаць, асабліва гасцей з Аўгустава, каб разам адкрыць гэты цэнтр у нашым старажытным Слоніме. Я спадзяюся, што турыстычна-інфармацыйны цэнтр у Слоніме будзе садзейнічаць развіццю трансгранічнага турызму шляхам стварэння на тэрыторыі памежных раёнаў Беларусі і Польшчы сеткі пунктаў турыстычнай інфармацыі. Ён павінен дзейнічаць на карысць дзвюх дзяржаў, на карысць турыстаў. Таму цяпер мы павінны разам ствараць і ажыццяўляць добрыя праекты, якія будуць прыносіць людзям  радасць, настрой і захапленне. Я вельмі спадзяюся, што тыя ідэі, якія запланавана рэалізаваць уладамі Аўгустава і Слоніма, будуць ажыццяўляцца.

Усяго згодна з праектам маюць пачаць працу восем турыстычна-інфармацыйных пунктаў: сем на беларускам баку і адзін на польскім. На фінансаванне з абодвух бакоў выдзелена 323 тысячы еўра.У снежні мінулага года такі цэнтр адкрыўся ў Сапоцкіна пад Гродна. Цяпер — у Слоніме. Галоўнай мэтай праекта з’яўляецца садзейнічанне развіццю трансгранічнага турызму шляхам стварэння на тэрыторыі памежных раёнаў Беларусі і Польшчы сеткі пунктаў турыстычнай інфармацыі.

Фота аўтара

Каментаваць