Польскі і ізраільскі амбасадары ўзгадалі пра Варшаўскае гета

Адмысловая канферэнцыя з ўдзелам журналістаў, навукоўцаў і вязьняў гета была арганізавана польскай і ізраільскай амбасадамі ў Рэспубліцы Беларусь. Яна прайшла 26 красавіка ў канферэнц-зале амбасады Рэспублікі Польшча.



Сумнай нагодай для канферэнцыі стала 70-годдзе Паўстання ў Варшаўскім гета. Прысутных віталі амбасадары Лешак Шарэпка і Іосіф Шагал, а таксама прадстаўнік беларускага Міністэрства замежных спраў Віктар Чарнякевіч.

З грунтоўным дакладам “Паўстанне ў Варшаўскім гета. Гісторыя і праблематыка” выступіў польскі гісторык, доктар Марцін Урыновіч. З дапамогай скайпа на сувязь з Іерусаліма выйшаў кандыдат палітычных навук Вітольд Медзікоўскі.
 

”Падумаць толькі, колькі выбітных людзей не нарадзілася — музыкаў, вучоных; дактароў — з-за таго, што былі знішчаныя тыя 6 мільёнаў яўрэяў! — адзначыў амбасадар Ізраіля Іосіф Шагал. — Колькі страцілі тыя краіны, грамадзянамі якіх былі тыя яўрэі! Колькі страціла Польшча… Бо Халакост гэта не трагедыя Ізраіля… Калі знішчалі тых яўрэяў, Ізраіля яшчэ не было. Халакост — гэта трагедыя ўсіх тых еўрапейскіх краін, грамадзян якіх яўрэйскага паходжання знішчылі”.

Таксама са словамі падзякі і вечнай памяці выступілі былыя вязьні яўрэйскіх гета, якія жывуць ў Беларусі. І наогул словы “Трэба памятаць!” былі лейтматывам ўсёй канферэнцыі. Сапраўды, толькі пакуль жывая памяць пра тыя падзеі, можна хаця б крыху спадзявацца, што такое злачынства не паўторыцца, — падкрэслівалі амаль усе выступоўцы канферэнцыі. А пасол Ізраіля ў Беларусі Іосіф Шагал адзначыў яшчэ, што паўстанцы Варшаўскага гета абаранялі не столькі ўласнае жыццё, колькі гонар яўрэйскага народа.

Каментаваць