Польскія электрычкі не прыедуць у Гродна: з 13 снежня чыгуначнае спалучэнне з Беластокам спыняецца

Міністэрства інфраструктуры і будаўніцтва Польшчы пацвердзіла, што субота, 12 снежня, будзе апошнім днём курсіравання памежных цягнікоў з Гродна ў Кузніцу і Беласток, а далей Элк і Малкіню. Новага цягніка ў Варшаву пакуль не будзе. 



Але польскі бок хоча максімальна хутка аднавіць спалучэнне.
 
 
 Яшчэ 9 снежня прэс-сакратар фірмы Przewozy Regionalne Міхал Сцільгер тлумачыў карэспандэнту “Твайго стылю”, што перавозчык гатовы працягваць працу, калі маршрут прафінансуе міністэрства або мясцовае самакіраванне. Польскія чыгуначнікі цягам восені двойчы звярталіся ў міністэрства з просьбай нанова прааналізаваць расклад і знайсці грошы на міжнародныя цягнікі. Аднак у выніку прыйшлося спыніць продаж білетаў на цягнікі з Гродна пасля 12 снежня і прыбраць іх з раскладу.  
 
 
“З тэхнічна-лагістычнага пункту гледжання мы гатовыя запусціць цягнікі”, — сказаў Міхал Сцільгер. Таму ў раскладах на вакзалах у Польшчы цягнікі ёсць, але яны пазначаны словамі “курсіруюць пасля аб’яўлення”.  
 
 
Пры ранейшым кіраўніцтве Міністэрства, калі ў Польшчы кіравала партыя “Грамадзянская платформа”, быў падрыхтаваны расклад цягнікоў на 2015/2016 гады, які выклікаў шматлікія дыскусіі. Таму новы ўрад партыі “Права і справядлівасць” абяцае яго паступова выпраўляць. Ужо пачаўся крытычны аналіз з пошукам магчымасцей палепшыць расклад. Галоўнае – якія фінансавыя нагрузкі лягуць на плечы чыгункі і дзяржавы, піша профільнае выданне Rynek kolejowy.   У міністэрстве пацвярджаюць, што поўная адмена цягнікоў паміж Гродна і Кузніцай — не самамэта. Тым больш, гэтыя электрычкі граюць важную грамадскую ролю, у тым ліку ў сувязі з вялікай польскай нацыянальнай меншасцю ў Беларусі.   Фінансаваць цягнікі ў Гродна магло б і Падляшскае ваяводства, але кіраўніцтва рэгіёну не праявіла ў гэтай справе ініцыятывы.
 
 
Паводле "Твайго стылю"

Каментаваць