У польскага спевака здарыўся ў Беларусі інсульт. Ад траўня ён у коме

Вядомы польскі рок- і блюз-выканаўца беларускага паходжання Генак Лоска чацвёрты месяц у цяжкім стане знаходзіцца ў Белаазёрску, паведамляе «Радыё Свабода».

У Польшчы пачалі збіраць сродкі на лячэнне Генка Лоскі. У траўні ў музыкі здарыўся масіўны інсульт. Чацвёрты месяц ён знаходзіцца ў Белаазёрску, паведамляе польскі штодзённік “Dziennik”.

Генак Лоска (Генадзь Лоска) — вядомы польскі рок- і блюз-выканаўца беларускага паходжання. Ён стаў вядомым пасля перамогі ў музычным шоў “X-Factor” у 2011 годзе. Выдаў тры альбомы. Ягоная другая плыта “Hazardzista” атрымала званне залатой.

У траўні ён прыехаў у Беларусь, каб наведаць маму ў Белаазёрску. 5 траўня ў яго здарыўся інсульт.

«Яго прааперавалі ў шпіталі ў Баранавічах толькі праз 11 гадзінаў пасля таго, як ён туды трапіў», — піша польскае выданне.

Ад таго часу Лоска ў коме. Яго даглядаюць сваякі ў Белаазёрску. Кормяць яго праз зонд, а дыхае дзякуючы трахеятаміі. Паводле польскай газеты, ён чуе, рэагуе на дотыкі, словы, інфармацыю, прысутнасць блізкіх.

Лоску хочуць забраць у Польшчу, але лекары пакуль не далі яснага адказу, калі гэта можа адбыцца. Польскі музычны фонд пачаў збіраць грошы на апеку над музыкам.



www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць