Польскі бок гатовы размаўляць з беларускім пра ўшанаванне памяці ахвяр з Беларускага Катынскага спіса

Памяць пра ахвяры з так званага «Беларускага» Катынскага спісу павінна быць увекавечана. Пра гэта Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча Конрад Паўлік сказаў, адказваючы на прэс-канферэнцыі на пытанне карэспандэнта НЧ.


Паводле словаў дыпламата, у рамках гістарычнага дыялогу з беларускім бокам працягнецца абмеркаванне праблемы ўшанавання памяці польскіх афіцэраў з так званага беларускага Катынскага спісу.

 

Ушанаванне памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсіў у Курапатах 29 мая 2016 года

Спадар Конрад Паўлік звярнуў увагу, што пытанне ўшанаванныя памяці ахвяраў з Катынскага спісу вырашана з Украінай і Расіяй, дзе пасля правядзення сумесных раскопак з удзелам польскіх, украінскіх, расійскіх археалогаў і грамадскасці былі створаны адпаведныя польскія вайсковыя могілкі за кошт польскага боку. Паводле слоў дыпламата, такой філасофіі польскі бок прытрымліваецца і гатовы на гэты конт размаўляць з беларускімі ўладамі.

 

Амбасадар Польшчы падкрэсліў, што супрацоўніцтва ў галіне ўшанавання памяці забітых польскіх афіцэраў тычыцца трох сфер: архіваў, працэсаў эксгумацыі і ўвекавечвання. «Ад Катынскага расстрэлу прайшло 76 гадоў і мы лічым, што памяць пра тых, хто спіць у любой зямле, павінна быць ушанаваная. Мы самі яшчэ з 1920-х гадоў ўвялі прававыя рамкі, які дазваляюць праводзіць увекавечванне памяці ўсіх ахвяр войнаў і іншых рэпрэсій з розных бакоў. Практычна гэтая праца на тэрыторыі Рэспублікі Польшча завершаная. Мы гатовыя працаваць у такім духу і супрацоўнічаць з археолагамі краіны, дзе патэнцыйна могуць знаходзіцца ахвяры рэпрэсій і Катынскага расстрэлу»,— сказаў Конрад Паўлік.

 

Ён адзначыў, што на пачатку 1990-х гадоў такое супрацоўніцтва існавала і нават быў нейкі абмен інфармацыяй, аднак потым гэты працэс «троху замарозіўся». «У апошнія гады мы імкнемся ў рамках так званай групы гісторыкаў крок за крокам высвятляць усе гэтыя пытанні наконт архіваў, раскопак і ўвекавечвання», — паведаміў дыпламат.   

 

Нагадаем, што на прэсавай канферэнцыі 15 студзеня 2013 года ў адказ на пытанне журналіста Польскага радыё пра беларускі Катынскі спіс і мажлівасць правядзення раскопак у Курапатах, кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў наступнае: «Плаціце грошы, калі вас нешта цікавіць. Мы ўсё правядзем і вам адкажам. Якія праблемы? Палякі не чужыя нам людзі. Заплаціце грошы — правядзем раскопкі, дзе вы лічыце патрэбным, і адкажам на вашае пытанне. Абыдземся без польскіх спецыялістаў. У нас стае беларускіх. Мы да вас не едзем раскопкі праводзіць, і вам да нас не трэба ехаць. Нам смаленскай гісторыі было досыць. Мы самі сумленна і прынцыпова гэта зробім. Калі журналісты хочуць суправаджаць гэты працэс — калі ласка»”.

 

28 жніўня 2014 года ў Варшаве пад час сустрэчы міністраў замежных спраў Беларусі і Польшчы Уладзіміра Макея і Радаслава Сікорскага ўзнімалася пытанне пра магчымасць распачаць зандажна-эксгумацыйныя працы ў Курапатах, а таксама пра верагоднасць пабудовы там апошняга катынскага могільніка.

 

16 ліпеня 2015 года адбылася сустрэча актывістаў грамадзянскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» з паслом Польшчы Лешакам Шарэпкам па яго просьбе. Выконваючы даручэнне МЗС Польшчы, спадар Шарэпка заявіў пра жаданне польскага боку за ягоны кошт правесці ў Курапатах эксгумацыю месцаў забойстваў ахвяраў сталінізму, каб знайсці пацверджанні расстрэлаў менавіта там ахвяр з так званага беларускага Катынскага спісу, устанавіць іх імёны з дапамогай ДНК-ідэнтыфікацыі знойдзеных парэшткаў і ўшанаваць памяць бязвінных людзей. Прычым пад ушанаваннем разумецца не толькі перапахаванне парэшткаў расстраляных з удзелам святароў розных канфесій хрысціянства, юдаізму і ісламу, але і пайменнае ўвекавечванне памяці забітых праз стварэнне на тэрыторыі Курапатаў кварталу могілак польскіх афіцэраў — ахвяр сталінскіх расстрэлаў.

 

У сваю чаргу прадстаўнікі ініцыятывы акцэнтавалі ўвагу амбасадара на неабходнасць адкрыцця ўсіх архіваў, супрацы беларускіх і польскіх археолагаў найперш у галіне архіўных пошукаў, аналізу ўжо сабраных артэфактаў з курапацкіх раскопак ды іх супастаўлення з рэчавымі доказамі, знойдзенымі ў Катыні (Расія) і Быкоўні (Украіна), правядзення адмысловай міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, знаёмства беларускіх археолагаў з вынікамі працы іх польскіх калег па даследаванні месцаў забойстваў польскіх афіцэраў. На наступным этапе гэта магло б быць археалагічнае даследаванне іншых, акрамя Курапатаў, месцаў масавых палітычных рэпрэсій 1930–1940-х гадоў у Мінску і ягоным наваколлі дзеля пошуку парэшткаў ахвяр з беларускага Катынскага спісу.

 

Апроч таго, пасля прэс-канферэнцыі спадару Конраду Паўліку быў перададзены ліст ад грамадзянскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» з просьбай паспрыяць пошуку сваякоў Мардыхая Шулескеса (ці Мардахая Шулькеса) і Мойшы Іяхеевіча (ці Моўшы Іасеевіча) Крамера, а таксама матэрыялаў пра іхны лёс. У гэтых людзей, якія былі грамадзянамі Польшчы да верасня 1939 году, 10 чэрвеня 1940 году ў Гродзенскім астрозе былі канфіскаваныя грошы, што адлюстравана ў афіцыйных бланках квіткоў, знойдзеных у адным з курапацкіх пахаванняў сярод парэшткаў ахвяраў сталінізму.

   

Каментаваць