«Пошуг» — новае слова ў нацыянальным лексіконе

Хто б мог падумаць гадоў дзесяць таму, што ў авангардзе прыхільнікаў незалежнасці стануць футбольныя фанаты? Украінскі досвед даводзіць, што змены не заўсёды адбываюцца высілкамі публічных палітыкаў…



«Пошуг» стаў вядомы беларускім СМІ пасля відэа, на якім невядомыя здзіраюць з майкі хлопца надпіс «Я русский». Стыкеры, улёткі і графіці з ініцыяламі «Пошуга», з прапісанай на манер калюмнаў «ш», пачалі з’яўляцца ў самых розных гарадах краіны. Дык што такое «Пошуг», чаго яны хочуць і як ставяцца да беларускіх рэаліяў? Наш суразмоўца, Іван Дуб, пагадзіўся адказаць на пытанні завочна, не адкрываючы твару.
 
 

Партыйных спісаў у нас няма

— Чаму менавіта «Пошуг», адкуль назва?

— Пошуг — гэта выбліск святла альбо агню. Наша ўспышка, наша ззянне, накіраванае на навакольны счарнелы свет, на ўкараненне светлых ідэй у розумы людзей, што жывуць побач. Людзей, якія знаходзяцца ў дрыгве зла і д’ябальшчыны. Людзей, якія атручваюць сябе празмерным ужываннем разнастайных атрутаў у выглядзе тытуню, алкаголю і іншых наркотыкаў. Людзей, якія вядуць вайну на знішчэнне паміж сабой, а таксама з прыродай планеты Зямля. Людзей, якія спажываюць бруд і бруд ствараюць. Людзей, якія забыліся, што яны людзі. Часам усяго толькі маленькага мігцення святла недзе далёка хапала стомленым аблудным падарожнікам, каб знайсці дарогу дадому, так і мы будзем спадзявацца, што наш бляск камусьці дапаможа выбрацца з цемры.

— «Пошуг» — гэта рух, партыя, арганізацыя, ордэн?

— «Пошуг» з’яўляецца згуртаваннем неабыякавых людзей, якія прагнуць самаразвіцця і штосекунднага ўдасканальвання навакольнага асяроддзя. Тых, хто адчувае невыносны нябесны смутак і пачуццё глыбокай трывогі, болю ад несправядлівасці гэтага свету. Ніякіх партыйных спісаў у нас няма.

Сярод нас ёсць рускія

— Як вы маглі б акрэсліць свой ідэйны накірунак — нацыяналісты, анархісты, эколагі?..

— Ідэйны накірунак — этна-анархізм. У нашых шэрагах ёсць як анархісты, так і нацыяналісты. Мы маем агульны вектар развіцця, і гэта з’яўляецца асноўным момантам, які дазваляе нам рухацца ў пэўным накірунку. Але трэба адзначыць, што нацыяналізм можа быць толькі не аўтарытарны, іншыя яго формы не маюць права на існаванне.

Усе мы стаім на экацэнтрычных пазіцыях, таму з’яўляемся веганамі ды вегетарыянцамі. Вядзем «зялёны лад жыцця».

— Відэа з адрываннем надпісу «я рускі» абышло ў свой час шэраг СМІ. За што «рускіх» не любіце?

— Калі на тое пайшло, то сярод нас ёсць і рускія, таму, як разумееце, ставімся мы да іх нармалёва. Мы за міжнародную салідарнасць, за права народаў на самавызначэнне і самастойнасць. Але мы перакананыя ў тым, што людская годнасць, людская свабода і шчасце могуць быць забяспечаныя толькі ў бяскласавым і бездзяржаўным грамадстве на аснове этнічнай супольнасці людзей.

Цяпер паглядзіце на Расію — што гэта? Імперыя, якая прыгнятае малыя народы і жыве за іх кошт. Гэта нясе дэструкцыю ў свет. Так склалася, што расейшчына ў Беларусі выяўляецца амаль што выключна ксенафобіяй і агрэсіяй у бок беларускага ды іншых культурных полюсаў, таму гэтаму шавінізму трэба супрацьстаяць, зрэшты, як і любому іншаму: польскаму, амерыканскаму ці нават уласнаму беларускаму, калі такі праявіцца.

Імітацыя дзейнасці — галоўная хвароба апазіцыі

— Вы лічыце сябе пераемнікамі нейкай ужо існаваўшай (існуючай) у Беларусі ці па-за яе межамі арганізацыі, альбо «Пошуг» — нешта цалкам новае?

— Пераемнікамі наўрад ці, тым больш у Беларусі. Ведаем, што «Пошуг» дагэтуль часта параўноўваюць з «Вольніцай», якая дзейнічала ў Расіі. Але гэтая ініцыятыва ўжо два гады як не існуе. На яе аскепках з’явілася «Народная Воля» і працягвае дзейнічаць экалагічнае аб’яднанне «Зеленый Мир». Ва Украіне зараз найбольш цікавай няўрадавай арганізацыяй з’яўляецца «Автономний Опір», вопыт якой не перашкодзіць пераняць шмат каму ў Беларусі.

— Чаго не хапае моладзі з сантыментам да беларушчыны ў апазіцыйных моладзевых тусоўках?

— Калі маюцца на ўвазе тусоўкі са структурнай апазіцыі, то ім не хапае больш глыбокага разумення грамадска-палітычных працэсаў у нашай краіне і ва ўсім свеце агулам. Да таго ж імітацыя дзейнасці — іх галоўная хвароба. Яны чамусьці думаюць, што гальштукі ды банкеты дапамогуць беларускаму народу ў барацьбе за сваё права на існаванне. Апазіцыйныя моладзь разам са сваімі старэйшымі палітыкамі не бачыць сутнасць праблемаў. Таму і топчуцца на месцы 20 гадоў, да таго ж маючы моцны фінансавы рэсурс.

А сутнасць праблем на паверхні. Разумееце, справа ў тым, што ісціна настолькі простая і лагічная, што за яе нават крыўдна. Крыўдна за тое, што яе не жадаюць бачыць, ад яе адмаўляюцца, яе зневажаюць і знішчаюць. Людзі забыліся пра сапраўдную дабрадзейнасць — ахвярнасць і альтруізм. На наш погляд, гэта асноўныя мэты зямнога існавання — аддаваць сябе іншаму. У каханні, сяброўстве. Гэта не новае выйсце, гэта лагічны працяг эвалюцыі чалавецтва.

Культурны генацыд — шлях да акупацыі

— У «Пошугу» ёсць ворагі акрамя гарэлкі, цыгарэтаў і наркотыкаў?

— Грамадскае жыццё апанаваў летаргічны сон, які ахоўваюць жандары, законы, рэлігія ды бязглуздыя ўстаноўкі паводзінаў. Мы не прызнаем гэтую антычалавечную сістэму, што ўсталявалася ва ўсім свеце. Прызнаць яе — значыць пагадзіцца з існуючым парадкам рэчаў. Гэта непрымальна. Таму галоўны вораг — капіталістычная сістэма. Усе астатняе — толькі яго памагатыя.

— Хваля ўкраінскіх падзеяў неяк закранула «Пошуг»?

— Мы канчаткова зразумелі, што той культурны генацыд, які зараз мы бачым у Беларусі, прывядзе да поўнай (ужо фізічнай) акупацыі з боку ўсходняй імперыі. То бок трэба ўсвядоміць, што для імперцаў акупацыя іншых народаў — гэта альфа і амега, святы грааль і сэнс існавання.

— Вы існуяце з 2013 года. Папярэднія вынікі дзейнасці падводзіць яшчэ рана?

— Для каго? Для тых, хто ў інтэрнэце спрабуе на нас выліць цэбры бруду? Нам не трэба ўхвала і прызнанне. Не варта хлопаць нас па плячы, суправаджаючы гэта ліслівымі словамі. Мы ўжо ўспыхнулі як зарыва і глядзім скрозь час. А знаўцы актывізму і абывацелі — усяго толькі ўладары ўяўнага царства прыгажосці і гармоніі. Іх сляпое шчасце — гэта ўцёкі ў ілюзорнае. Той самы эскапізм, пра які мы заўсёды кажам. Але ад свету не трэба бегчы, яго варта змяняць!

Падзел на левых і правых — састарэлы і неактуальны

— Як ставіцеся да падзелу на левых і правых у моладзевых дзвіжах?

— Гэта псеўдапалітыканства. Калі капнуць глыбей, то можа апынуцца, што левыя — насамрэч правыя па сваіх поглядах, а правыя — левыя. Смешна назіраць, як людзі ў саколках «Goodnight Leftside!» («Дабранач, левакі!» —папулярны правы лозунг — рэд.) адзначаюць Дзень Волі і шануюць дзеячаў БНР, якія самі былі левакамі. Большасць з іх — не больш чым аблудлыя душы, якія самі не разумеюць, чаго дамагаюцца.

Да таго ж лічым падобную класіфікацыю састарэлай і неактуальнай. Мы выступаем супраць аўтарытарных арганізацыяў і рухаў з абодвух бакоў. Мы стаім на антыаўтарытарных пазіцыях — супраць этатызму, шавінізму, прыгнёту, іерархіяў ды падобных шкодных дэструкцыяў, і гатовыя да супрацы з усімі, хто падзяляе гэткія пазіцыі.

— Ці могуць аб’яднацца хлопцы, якія шануюць Пагоню, бел-чырвона-белы сцяг і мову, злева і справа, напрыклад, для адстойвання незалежнасці?

— Магчыма, перад тварам большага ворага варта спыніць наўпроставыя сутыкненні ды разборкі, але яднацца з ідэалагічнымі апанентамі ў нейкія агульныя структуры не варта. Зыходзячы з досведу Украіны, можна казаць, што на пэўным этапе такія рухі на мінімальным узроўні могуць не перашкаджаць адзін аднаму. Аднак канчатковыя мэты ў іх дыяметральна супрацьлеглыя, таму размаўляць пра нейкае яднанне ці супрацоўніцтва нельга, бо свабода для адных разглядаецца праз прызму рабства іншых.

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2014-11-08 23:00:49
"Як пошуг маланкі" - назоў кнігі св. пам. Міхася Чарняўскага (пра Лапіцкага і антысавецкае падполле пасля вайны). Так што назву выбралі разумна, паглядзім, якія будуць рэальныя крокі.
  • Павел
  • 2015-08-19 02:02:27
Почему вы лица постоянно прячите???

Каментаваць