Пра малако, грошы і ДТЗ

Мы працягваем публікацыю адказаў вядомага юрыста і праваабаронца Алега Волчака на пытанні людзей, якія звярнуліся ў грамадскую прыёмную.

- У 2005 годзе, калі я працаваў на дзяржаўным прадпрыемстве, па вытворчых справах я выязджаў у службовую камандзіроўку ў Маскву. Цяпер міліцыя прапануе мне прызнаць факт прысваення дзяржаўных грашовых сродкаў шляхам складання фіктыўных камандзіровачных дакументаў і кампенсаваць нанесеную шкоду. У выпадку адмовы ў дачыненні да мяне будзе распачата крымінальная справа.



Мы працягваем публікацыю адказаў вядомага юрыста і праваабаронца Алега Волчака на пытанні людзей, якія звярнуліся ў грамадскую прыёмную.

- У 2005 годзе, калі я працаваў на дзяржаўным прадпрыемстве, па вытворчых справах я выязджаў у службовую камандзіроўку ў Маскву. Цяпер міліцыя прапануе мне прызнаць факт прысваення дзяржаўных грашовых сродкаў шляхам складання фіктыўных камандзіровачных дакументаў і кампенсаваць нанесеную шкоду. У выпадку адмовы ў дачыненні да мяне будзе распачата крымінальная справа.

Самахвал Л. П., Мінск


Органы ўнутраных спраў у сваёй дзейнасці кіруюцца Канстытуцыяй РБ, Законам аб міліцыі, Крымінальным кодэксам, Крымінальна-працэсуальным кодэксам і іншымі законамі, у адпаведнасці з якімі дзяржава і надзяліла гэтыя органы правам расследавання здзейсненых злачынстваў і прыняцця мер па іх прадухіленні і кампенсацыі нанесенай шкоды. Аднак у дзяржаве ні аднаму з праваахоўных органаў не дазволена схіляць грамадзяніна да прызнання ўчынкаў, якіх ён не здзяйсняў, і гэта замацавана ў артыкуле 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь: “Ніхто не павінен прымушацца да дачы паказанняў і тлумачэнняў супраць самога сябе, сваіх сямейнікаў, блізкіх сваякоў. Доказы, атрыманыя з парушэннем закона, не маюць юрыдычнай сілы. Вы можаце звярнуцца да пракурора раёна і паскардзіцца на незаконныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі. Пракуратура праверыць гэты факт. У выпадку яго пацвярджэння, будуць прынятыя меры пракурорскага рэагавання ў дачыненні да пэўных супрацоўнікаў міліцыі.

- Калі я знаходзіўся ў службовай камандзіроўцы ў Оршы, здзейсніў дарожна-транспартнае здарэнне, па якому быў прызнаны вінаватым. Раней я ўжо прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за аналагічнае правапарушэнне. З якога моманту я буду лічыцца асобай, якая не прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці?

Дзярноў Е. І., Віцебская вобласць


У адпаведнасці з артыкулам 2.8 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, фізічная або юрыдычная асоба лічыцца той, што не мела адміністрацыйнага спагнання, калі на працягу года з дня заканчэння выканання адміністрацыйнага спагнання не здзейсніць новага адміністрацыйнага правапарушэння. Гэта акалічнасць улічваецца таксама і пры накладанні адміністрацыйнага спагнання.

- Мая дачка была ўдзельніцай дарожна-транспартнага здарэння, у выніку чаго ёй нанесены цялесныя пашкоджанні. На падставе медыцынскага заключэння пракуратура Віцебска адмовіла ў распачынанні крымінальнага справы. З высновамі экспертызы я не згодная, як і з рашэннем пракуратуры. Якім чынам я магу абскардзіць дзеянні пракуратуры і эксперта?

Лоская Е. Н., Віцебск


Вам неабходна даслаць скаргу ў Пракуратуру Віцебскай вобласці, абгрунтаваць там усе вашы аргументы наконт нязгоды з атрыманым рашэннем пракуратуры. У скарзе трэба прасіць, каб пастанова была адменена і справа накіравана на новы разгляд. Таксама вы маеце права патрабаваць прызначэння дадатковай судова-медыцынскай экспертызы ў дачыненні да вашай дачкі.

- Які парадак унясення змянення месца знаходжання юрыдычнага адрасу ў Статут прадпрыемства?

Шастакоў В. Ф., Наваполацк


Гэта працэдура праводзіцца заяўным чынам — падачай пісьмовага паведамлення ў орган, які рэгіструе, па месцы рэгістрацыі вашага прадпрыемства.

- Я атрымала адпускныя, але ў адпачынак я не пайшла, бо ў апошні дзень працы на прадпрыемстве атрымала траўму і была шпіталізаваная. У бухгалтэрыі пры налічэнні зарплаты заявілі, што будуць утрымліваць з мяне адпускныя. Ці законныя іх дзеянні?

Баркоўская Н. П., Магілёў


Не, прадпрыемства не мае такога права. У адпаведнасці з артыкулам 107 Працоўнага кодэкса РБ, заработная плата, залішне выплачаная працаўніку наймальнікам, у тым ліку пры няправільным стасаванні закона, не можа быць з яго спагнаная, за выключэннем выпадкаў рахунковай памылкі.

- На прадпрыемстве, дзе я працую зваршчыкам, дырэктар адмяніў сваім загадам выдачу малака, матывуючы гэта адсутнасцю грашовых сродкаў. Ці мае ён права выдаваць такі загад?

Сахарукаў А. Н., Брэсцкая вобласць


Дырэктар мае права выдаваць на прадпрыемстве загады, распараджэнні, аднак у сваёй дзейнасці ён павінен кіравацца нарматыўна-прававымі актамі. Адмена выдачы малака працаўніку, дзейнасць якога звязана з шкоднымі ўмовамі працы, на падставе адсутнасці грашовых сродкаў, незаконная.

Паводле пункта 7 артыкула 55 Працоўнага кодэкса РБ, наймальнік абавязаны пры арганізацыі працы рабочых своечасова прадстаўляць гарантыі і кампенсацыі ў сувязі са шкоднымі ўмовамі працы, у выпадку адмовы ад гэтага наймальнік можа быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці згодна з артыкулам 9.17 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Каментаваць