Пра спачуванне, жалобу і прагматызм

Нарэшце і Аляксандр Лукашэнка адрэагаваў на пінскую трагедыю. 3 лістапада кіраўнік дзяржавы выказаў спачуванне родным і блізкім пацярпелых працаўнікоў «Пінскдрэў ДСП».

«Трагедыя, якая знесла жыцці блізкіх вам людзей, патрэсла ўсіх грамадзян Беларусі. Гэта не толькі ваша асабістае гора, а наша агульная бяда і сур’ёзны ўрок на будучыню… Мы прыкла­дзем максімальныя высілкі, каб больш не дапусціць такога ў нашай краіне», — гаворыцца ў спачуванні.

Нарэшце і Аляксандр Лукашэнка адрэагаваў на пінскую трагедыю. 3 лістапада кіраўнік дзяржавы выказаў спачуванне родным і блізкім пацярпелых працаўнікоў «Пінскдрэў ДСП».

«Трагедыя, якая знесла жыцці блізкіх вам людзей, патрэсла ўсіх грамадзян Беларусі. Гэта не толькі ваша асабістае гора, а наша агульная бяда і сур’ёзны ўрок на будучыню… Мы прыкла­дзем максімальныя высілкі, каб больш не дапусціць такога ў нашай краіне», — гаворыцца ў спачуванні.

Між тым, гэта ўжо не першы трагічны выпадак на пінскім прадпрыемстве. Жыхары горада ўзгадваюць, што ўстаноўка «Цыклон», якая стаіць на пінскай фабрыцы, ужо выбухала гадоў 5 таму. Тады загінуў 1 чалавек.

Акрамя таго, работнікі ка­жуць, што некалькі разоў звярталіся да кіраўніцтва з пытаннямі пра бяспеку працы. Яны падазравалі, што ў паветры вялікая канцэнтрацыя драўлянага пылу. Аднак супрацоўнікі лабараторыі казалі, што ўсе паказчыкі ў норме.

Жыхары дамоў, якія знахо­дзяцца побач з фабрыкай, некалькі разоў ужо звярталіся ў санэпідэмстанцыю, да дэпутатаў, у мясцовую прэсу з пытаннямі пра стан экалогіі ў раёне прадпрыемства. Аднак яны заўжды атрымлівалі адказ, што паказчыкі забруджвання паветра ў норме. Людзі лічаць, што ніхто не можа даць рады «Пінскдрэву», бо гэта горадаўтваральнае прадпрыемства, а дырэктар холдынгу вельмі ўплывовая асоба — нават на рэспубліканскім узроўні.

Дарэчы, Беларуская партыя «Зялёныя» заклікала правесці праверку небяспечных прадпрыемстваў, каб у будучыні пазбегнуць падобных выпадкаў. Аднак пакуль ніякай рэакцыі на зварот эколагаў няма.

Як і няма рэакцыі на прапанову лідэра Руху «За Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча абвясціць нацыянальную жалобу. «Жыццё і бяспека нашых людзей ёсць галоўнай каштоўнасцю для дзяржавы, і таму аніякія палітычныя разлікі не апраўдваюць замоўчванне, чэрствасць ды брак чалавечай спагады з боку ўладаў», — падкрэсліваецца ў лісце лідэра Руху «За Свабоду». Жалобу вырашылі абвясціць толькі ў Брэсцкай вобласці.

Тым часам іншыя работнікі «Пінскдрэву» лічаць, што здарэнне можа прывесці да змяншэння іх заробкаў. Яны мяркуюць, што кіраўніцтва фабрыкі цяпер скіруе шмат сродкаў на аднаўленне вытворчасці ДСП. Гэта вытворчасць была адной са стабільных крыніц паступлення валюты на прадпрыемства. Львіная частка плітаў пастаўлялася ў краіны Еўрасаюза. Таму цэх, дзе адбыўся выбух, працаваў у тры змены. Да таго ж, як апасаюцца работнікі, грошы на выплаты (згодна рашэнню Савета дырэктараў прадпрыемства, 50 мільёнаў — пацярпелым і 100 — сем’ям загінулых) таксама возьмуць з іх кішэняў. Вось такі прагматызм…

Але ніякія грошы не змогуць кампенсаваць страту блізкага чалавека. Нагадаем, у выніку трагедыі загінулі 14 чалавек. Старэйшаму з іх было 60 гадоў, самаму малодшаму — толькі 23.

Рэдакцыя «НЧ» выказвае шчырыя спачуванні сем’ям загінулых. Светлая ім памяць…

Каментаваць