Наталля Гардзіенка: Праблемай застаецца cтаўленне беларускай дзяржавы да дыяспары

Пра гэта 23 ліпеня на VI з’ездзе беларусаў свету заявіла даследчык гісторыі беларусаў замежжа, кандыдат гістарычных навук Наталля Гардзіенка.



Наталля Гардзіенка


Яна  звярнула ўвагу на тое, што «па-ранейшаму не распрацавана нарматыўна-прававая база дачыненняў з дыяспарай, у сучаснай Беларусі сістэматычна не займаюцца вывучэннем ні таго, што ўяўляе сабою сам феномен беларускага замежжа, яго гісторыя і культура, ні таго, што адбываецца сёння ў дыяспары. Не праводзіцца аналіз рэальных міграцыйных працэсаў, невядома ні больш-менш дакладная колькасць беларускіх суполак, ні сапраўдныя аб’ёмы эміграцыі», — адзначыла даследчыца.

У якасці прыкладу яна прывяла параўнальныя дадзеныя міграцыі з Беларусі ў шэраг краінаў свету. Так, па афіцыйнай беларускай інфармацыі за 2000-2010 гады ў Канаду выехалі 1.046 жыхароў Беларусі, а па канадскай статыстыцы за гэты перыяд на сталае жыццё ў краіну прыехалі 5.701 беларусаў. Па беларускіх звестках у 2011 годзе ў Канаду эмігравалі 59 чалавек, а па канадскай статыстыцы ў краіну прыбылі 355 беларусаў. На думку Гардзіенкі, праблема рэальнай эміграцыі застаецца незафіксаванай і незаўважнай у Мінску.

Паводле яе слоў, сённяшні падзел беларускай эміграцыі мае найперш і найбольш палітычны характар і залежыць ад стаўлення да беларускіх уладаў.

«Гэты падзел у шмат чым інспіруе сам афіцыйны Мінск праз палітычную эміграцыю і лаяльныя для сябе суполкі, каб паказаць падтрымку сваёй палітыкы з боку замежжа. Разам з тым, і эміграцыйныя дзеячы, перанімаючы гэтую своеасаблівую тактыку, часам пачынаюць дзяліць эмігрантаў і наогул беларусаў на «чэсных» і «нячэсных», называць агентамі КДБ усіх, хто не прытрымліваецца іх погладаў, або неяк узаемадзейнічае з уладнымі структурамі. Часта канфлікты ў беларускіх асяродках маюць іншую аснову, звязаную з дачыненнямі лідэраў між сабою па пытаннях маёмасці, або высвятленню пытання, хто які беларус і гэтак далей», — сказала навукоўца.

Сярод праблем пераважнай большасці суполак беларускай дыяспары яна назвала негатовасць прыняць новых эмігрантаў з Бацькаўшчыны і аказаць ім рэальную дапамогу. У выніку склад большасці суполак беларусаў дыяспары не перавышае сотню чалавек, падкрэсліла навукоўца.

Паводле яе слоў, з-за непапулярнасці і маргінальнасці сучасных эміграцыйных даследаванняў, існуючых у асноўным у выглядзе прыватных ініцыятыў, у беларускім грамадстве не сфармаванае ўяўленне пра беларускую дыяспару, яе ўнёсак у агульную нацыянальную гісторыю і культуру.

«З-за адсутнасці аналізу працэсаў у суполках беларускай дыяспары няма і разумення гэтых працэсаў, а таксама адэкватнай канцэпцыі ўзаемадзеяння. Можа часткова і менавіта па гэтай прычыне так пакутліва нараджаецца ў нас праграма «Беларусы ў свеце» ды адкладаецца прыняццё закону «Аб беларусах замежжа». Можна сказаць, што тэма дыяспары вельмі асцярожна ўспрымаецца на дзяржаўным узроўні. Да яе не надта прыхільна ставяцца палітычныя ўлады і навуковае кіраўніцтва. Да і грамадства, у асноўным, абыякава адносіцца да беларускай дыяспары», — сказала Наталля Гардзіенка. 

Каментаваць