Праблемы абароны моўных правоў будуць разгледжаны ў Мінску

Праблемы абароны моўных правоў будуць разгледжаны 28 сакавіка ў Мінску на міжнароднай навуковай канферэнцыі, што ладзіць Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Да ўдзелу ў каферэнцыі запрошаны навукоўцы Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны, а таксама амбасдары шэрагу краінаў, у тым ліку Азербайджана, Арменіі і Грузіі.



Як паведаміла карэспандэнту НЧ першы намеснік ТБМ, мовазнаўца Алена Анісім, навукоўцы краінаў-суседзяў мяркуюць разгледзець на канферэнцыі праблемы моўнага заканадаўства, тэхналогіі і практыкі грамадзянскай супольнасці па абароне лінгвістычных правоў, а таксама праблемы моўнай палітыкі і актуальныя пытанні развіцця нацыянальных моў.

Справа ў тым, штэ тэма моўных правоў становіцца найдзвычай актуальнай для ўзаемадачыненняў паміж краінамі ў сувязі з падзеямі на Украіне. Прычым для кожнай краіны, у тым ліку і для Беларусі, абарона моўных правоў мае сваё адценне. Вось чаму навукоўцам і грамадскім дзеячам краінаў-суседзяў вельмі важна супаставіць свой асабісты досьвед, параўнаць моўнае заканадаўства, а таксама пазнаёміцца з назапашанымі сродкамі, формамі і метадамі абароны лінгвістычных правоў. Разам з тым, вельмі важна асэнсаваць, якой мусіць быць сучасная моўная палітыка ў звязку з рознымі геапалітычнымі памкненнямі і падзеямі, з тым, каб правы грамадзянаў былі абароненыя, а краіны пачуваліся ўстойліва і ўпэўнена, зазначыла навукоўца.

Паводле яе словаў, моўная палітыка, якая праводзілася беларускай дзяржавай цягам апошніх двух дзесяцігоддзяў, на жаль, прывяла да таго, што назапасілася шмат праблемаў у галіне беларускага мовазнаўства. Гаворка ідзе пра тое, што развіццё беларускай мовы было прытарможана і яна стала выключна перакладніцкай. Такім чынам, актуальныя праблемы мовазнаўства разглядаюцца не праз прызму ўласна беларускага моўнага матэрыялу, а праз прызму развіцця іншых моваў свету.

Падчас канферэнцыі плануецца выстава ідэяў і праектаў тэхналогіі моўнага адраджэння.

Пачатак канферэнцыі 28 сакавіка ў 10.00 ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Раў. З вынікамі канферэнцыі можна будзе пазнаёміцца на сайце ТБМ tbm-mova.by, а ў перспектыве — у запланаваным да выдання двухтомніку. 

Каментаваць