Працэс абяцаюць хуткі

Суд па справе аб выбуху ў мінскім метро можа скончыцца ўжо ў сярэдзіне лістапада. Старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала заявіў, што разгляд справы плануецца завяршыць на працягу двух месяцаў ад пачатку слуханняў.

Падабенства не ўстаноўлена



Суд па справе аб выбуху ў мінскім метро можа скончыцца ўжо ў сярэдзіне лістапада. Старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала заявіў, што разгляд справы плануецца завяршыць на працягу двух месяцаў ад пачатку слуханняў.

Падабенства не ўстаноўлена

Расійскія эксперты апазналі Дзмітрыя Канавалава на відэакадрах камер вонкавага назірання ў мінскім метро 10 і 11 красавіка. Для апазнання з Канавалавым быў праведзены шэраг следчых дзеянняў. Яго пераапранулі ў тую ж вопратку, у якой ён быў 10 і 11 красавіка, і папрасілі прайсці па тых маршрутах. Яго дзеянні фіксаваліся на камеру, пасля відэа з Канавалавым 10 і 11 красавіка, а таксама кадры следчых дзеянняў былі адпраўленыя для экспертызы ў Федэральную службу бяспекі ў Маскву. Расійскія эксперты ўстанавілі, што на кадрах ад 11 красавіка чалавек, які закладае бомбу на станцыі метро «Кастрычніцкая», апрануты гэтак жа, як і Канавалаў падчас правядзення следчых дзеянняў. Партрэтнае падабенства, па заключэнні расійскіх экспертаў, устанавіць не прадставілася магчымым.

Што тычыцца відэазапісу 10 красавіка, то эксперты адзначылі, што на кадрах метрапалітэна маецца партрэтнае падабенства з Канавалавым. У першым выпадку, калі ён ехаў у метро на здымную кватэру, падабенства нязначнае; у другім выпадку, калі ён ехаў выбіраць месца для закладкі выбуховай прылады, падабенства «сярэдняе».

Сведкі Дзмітрый Маскалёў (таксіст Віцебскай службы таксі 107) і Тацяна Вусава (індывідуальны прадпрымальнік з Віцебску) апазналі Дзмітрыя Канавалава. Ён звяртаўся па іх паслугі.

У пратаколе допыту, які адбыўся 27 мая, зафіксаваныя словы Канавалава, якія заявіў, што тэрактамі ён хацеў дамагчыся змены палітычнай улады. Цікава, што агучыць гэтыя паказанні настаяў пацярпелы Саакян. «Калі вы збіраліся змяніць палітычны лад, то як, вы думалі, адрэагуе насельніцтва на тое, што вы зрабілі тэракт з ахвярамі?» — пытаўся следчы ў Канавалава. Той адказаў: «Спадзяваўся, што мяне не знойдуць». Канавалаў падчас допыту падкрэсліў, што ён не быў сябрам палітычных партый і арганізацый, бо ведаў, што тады яго хутка вылічаць спецслужбы.

Суіцыдальныя намеры

Сведка Наталля Каралёва, аднагодка Дзмітрыя Канавалава і яго знаёмая ад 2006 года, расказала ў судзе, што Канавалаў выказваў намеры суіцыду. Маўляў, аднойчы Канавалаў прапаноўваў ёй наглытацца пігулек і скон­чыць жыццё самагубствам, бо яго ніхто не любіць. Быў выпадак, калі Канавалаў пазваніў ёй і заявіў, што перарэзаў сабе вены, прасіў прыйсці і дапамагчы яму. Яна не пайшла. А на наступны дзень Канавалаў прыйшоў да яе з перавязанымі рукамі.

Каралёва расказала, што на пачатку восені 2008 года яны абмяркоўвалі, што ва ўсіх мужчынаў Віцебску патрабуюць адбіткі пальцаў. Тады Канавалаў сказаў, што баіцца здаваць адбіткі, бо ён датычны да выбухаў. Якіх канкрэтна — не памятае.

Выпіць «за жалобу»


Сведка Яна Пачыцкая два дні правяла на кватэры з Канавалавым і Кавалёвым — з 10 па 12 красавіка. З Дзмітрыем Канавалавым Яна пазнаёмілася праз сацыяльную сетку «ВКонтакте» прыкладна за год да выбуху. Упершыню яна пабачыла Канавалава 10 красавіка. Пасля паходу ў краму за гарэлкай і закуссю пайшлі на здымную кватэру на вуліцы Караля. Яна была з сяброўкай, якая хутка сышла. Яна заставалася на кватэры да іх затрымання супрацоўнікамі АМАПу.

Паводле слоў Пачыцкай, Кавалёў і Канавалаў увесь час пілі гарэлку, але 11 красавіка Канавалаў амаль не піў. 11 красавіка Яна чула, як Кавалёў і Канавалаў перашэптваліся за шырмай. Сведка заявіла, што перад сыходам Канавалава яна чула, як Кавалёў казаў яму: «Можа, ты ўсё ж не будзеш?» Канавалаў адказаў: «Пайду».

Калі па навінах паказалі рэпартаж пра выбух, Канавалаў рассмяяўся, а калі Лукашэнка аб’явіў жалобу, Канавалаў прапанаваў выпіць за гэта. Увесь вечар 11 красавіка Дзмітрый Канавалаў быў у настроі. Калі ўначы 12 красавіка міліцыянты пазванілі ў дзверы, Канавалаў пачаў кідацца па кухні з словамі: «Я папаўся», а потым зачыніўся ў прыбіральні, — перадае Радыё Свабода.

 Пачыцкая расказала: калі іх прывезлі ў міліцыю, то там у калідоры яна пачула, што Канавалаву стала кепска, і яму выклікалі хуткую дапамогу.

Яна Пачыцкая заявіла, што пра падсудных нічога дрэннага сказаць не можа. Кавалёў, паводле яе слоў, добры хлопец, з ім ёсць пра што пагаварыць.

Сваякі загінулых просяць


На судзе сястра аднаго з загінулых Юлія Герасімава папрасіла, каб Канавалаву прысудзілі смяротнае пакаранне, а Кавалёву — пажыццёвае зняволенне.

Пацярпелая Інэса Крутая прасіла суд, каб разгляд справы прыпынілі, пакуль не будзе вызвалены яе бацька і прадстаўнік у судзе Аляксандр Круты. Суд адхіліў хадайніцтва. Аляксандр Круты прадстаўляў інтарэсы дачкі ў судзе, бо сама яна не ў стане пастаянна прысутнічаць на працэсе — пасля выбуху на станцыі метро «Кастрычніцкая» Інэса атрымала сур’ёзную траўму галавы.

На працэсе Круты выступіў з хадайніцтвам перанесці разгляд справу, пакуль у Беларусі не будзе вырашанае пытанне пра скасаванне смяротнага пакарання, і не будзе створаны інстытут прысяжных. Вечарам 20 верасня Крутога затрымала міліцыя. Яго звінавацілі ў хуліганстве. 22 верасня суддзя Вярхоўнага суда Федарцоў часткова зачытаў пастанову пра затрыманне Крутога.

У дакуменце сказана, што Аляксандр Круты «17 жніўня, знаходзячыся ў кабінеце адной з медустаноў Мінска, наўмысна здзейсніў хуліганскія дзеянні з асаблівым цынізмам і грэбаваннем да нормаў маралі». Гэта выявілася ў тым, што ён «выліў змесціва двух слоікаў з мачой на галоўнага ўрача». На загад пракурора Аляксандр Круты быў накіраваны ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя (Навінкі).

Закрыты суд

Тым часам у віцебскім абласным судзе ў закрытым рэжыме разглядаецца справа эксперта, які не правёў дактыласкапію Дзмітрыя Канавалава. Старшыня Віцебскага абласнога суда Мікалай Хамічонак заявіў, што «матэрыялы справы ўтрымліваюць звесткі пра дзяржаўныя таямніцы, у сувязі з гэтым пры прызначэнні справы да вытворчасці было прынята рашэнне аб правядзенні закрытага судовага пасяджэння». Прозвішча падсуднага эксперта таксама не паведамляецца. Вядома толькі, што ў дачыненні да аднаго з супрацоўнікаў органаў унутраных спраў УУС Віцебскага аблвыканкама было праведзена расследаванне паводле крымінальнага артыкула «Службовая нядбайнасць».

Следства выявіла, што 20 студзеня 2009 года ў гарадскім ваенкамаце эксперт не правёў дактыласкапію прызыўніка. Паверыўшы вуснай заяве Канавалава і не спраўдзіўшы яе, выдаў даведку пра тое, што прызыўнік праходзіў дактыласкапію раней і што няма неабходнасці рабіць яе паўторна. У выніку Канавалаў не быў правераны на датычнасць да выбуху ў Мінску 3 ліпеня 2008 года і не патрапіў пад увагу міліцыі.
 

Каментаваць