Працягваецца ціск на БХД

Уладныя структуры не спыняюць ціск на заснавальнікаў і актывістаў Партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», якой Міністэрства юстыцыі чарговым разам адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі. Сапраўдную вайну гэтай арганізацыі абвясціла і дзяржаўнае тэлебачанне — пасля чарговага сюжэта ў праграме «Панарама» БХД рыхтуе яшчэ адну скаргу ў суд.

Уладныя структуры не спыняюць ціск на заснавальнікаў і актывістаў Партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», якой Міністэрства юстыцыі чарговым разам адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі. Сапраўдную вайну гэтай арганізацыі абвясціла і дзяржаўнае тэлебачанне — пасля чарговага сюжэта ў праграме «Панарама» БХД рыхтуе яшчэ адну скаргу ў суд.

Па словах сустаршыні партыі Паўла Севярынца, пакуль не вырашана, ці варта зноў спрабаваць легалізаваць дзейнасць структуры. «Мы адзначаем, што пытанне пра тое, падаваць ці не падаваць яшчэ раз дакументы на рэгістрацыю БХД, будзе вырашаць Нацыянальная рада партыі, якая пройдзе 19 снежня. У сувязі з тым, што кожная кампанія па рэгістрацыі пераўтвараецца ў хвалю рэпрэсіяў супраць заснавальнікаў БХД, мы сумняваемся, ці трэба зараз праводзіць гэтую кампанію паўторна», — адзначыў Павел.

 «Ужо чатыры дні пасля адмовы Мінюста працягваюцца абтэлефаноўванні заснавальнікаў партыі і запалохванні сябраў БХД з боку ўсіх структур — аблвыканкамаў, КДБ, з боку супрацоўнікаў Мінюста, што абсалютна незаконна, — падкрэсліў Павел Севярынец. — Месяц, які быў дадзены Міністэрству юстыцыі на праверку дакументаў БХД, скончыўся, ніякіх сур’ёзных фактаў супраць БХД знойдзена не было, і зараз Мінюст ліхаманкава, сутаргава спрабуе ўсё гэта знайсці. Выпадкі ў Мінскім раёне на пачатку гэтага тыдня, выпадкі канца мінулага тыдня ў Слуцку, Маладзечне, масавае абтэлефаноўванне людзей у Мінску — гэта папросту беззаконне, і мы будзем фіксаваць усе гэтыя факты для беларускай і міжнароднай грамадскасці».

Партыя «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», якой на мінулым тыдні Міністэрства юстыцыі другім разам адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі, днямі падасць яшчэ адзін іск супраць Першага нацыянальнага тэлеканалу (БТ).

«У эфіры БТ 13 снежня дзесяць хвілін ліліся бруд і паклёпы на «Беларускую хрысціянскую дэмакратыю», паклёпніцкія факты, паказаныя на тэлеканале, высмактаны з пальца. Распаўсюд на Першым тэлеканале падробленых нібыта перамоў Георгія Дмітрука ўвогуле з’яўляецца крымінальнай справай, бо ў эфір выдаюцца неправераныя факты, якія дыскрэдытуюць чалавека. Яшчэ не было праведзена ніякай экспертызы, а БТ усё выдала за чыстую манету, — адзначыў Павел Севярынец. — У сваёй скарзе ў суд Георгій Дмітрук згадае не толькі выпадак, звязаны з ім асабіста, але і ўсе факты абразы і паклёпу на БХД, якія мелі месца ў праграмах БТ 13 снежня і раней».

Нагадаем, што зараз у судзе Першамайскага раёна Мінска ўжо знаходзіцца адна скарга БХД на БТ за абразлівыя сюжэты пра гэту арганізацыю і яе лідэраў.

Каментаваць