Працуем бясплатна

Напрыканцы жніўня ў Бялыніцкім раёне, згодна рашэння райвыканкама, прайшоў дзень безаплатнай працы.

Напрыканцы жніўня ў Бялыніцкім раёне, згодна рашэння райвыканкама, прайшоў дзень безаплатнай працы.

Усе сродкі, якія насельніцтва раёна зарабіла ў гэты дзень, будуць накіраваны на будаўніцтва аграгарадка Свяцілавічы. Як тлумачыць у сваім рашэнні Бялыніцкі райвыканкам, бюджэтных асігнаванняў, якія выдзелены на будаўніцтва аграгарадка Свяцілавічы, недастаткова, каб надаць паселішчу сучасны выгляд. Неабходна выканаць вялікія аб’ёмы работ па ліквідацыі аварыйных дрэваў, зносу безгаспадарчых трухлявых пабудоў, устаноўцы агароджаў, навядзенні парадку. Паводле тлумачэння райвыканкама, на правядзенне гэтых работ бюджэтнае фінансаванне адсутнічае або яно недастатковае.

Абсалютна незразумела, якія адносіны да будаўніцтва і добраўпарадкавання аграгарадка Свяцілавічы маюць жыхары іншых населеных пунктаў Бялыніцкага раёна і чаму яны павінны аддаваць свае сумленна заробленыя грошы на гэтыя патрэбы. Наколькі мне вядома, шмат у каго з жыхароў Бялыніччыны не хапае грошай нават на ўтрыманне ўласных сем’яў. Для прыкладу, сярэдні заробак у мінулым годзе ў УКСП «Саўгас «Іскра» склаў 275,5 тысячы рублёў, УКП «Бытпаслугі» (333,5 тыс. рублёў), СВК «Калгас імя Заслонава» (352,8 тыс. рублёў), СВК «Ількавічы» (389,8 тыс. рублёў), УКСП «Саўгас «Падзевічы» (355,3 тыс. рублёў), СВК «Лебядзянка» (378,9 тыс. рублёў), Бялыніцкі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў (439,6 тыс. рублёў).

Дарэчы, 17 ліпеня дзень безаплатнай працы быў праведзены ў Круглянскім раёне, заробленыя ў гэты дзень грошы былі накіраваны на добраўпарадкаванне тэрыторыі раёна. 25 ліпеня ў мэтах навядзення належнага санітарнага парадку быў праведзены раённы суботнік у арганізацыях Шклоўскага раёна. Грошы, якія былі зароблены ў гэты дзень, пералічаны на разліковы рахунак Шклоўскага райвыканкама і выкарыстаны для навядзенні парадку ў горадзе Шклове.

Здаецца, што выканаўчая ўлада нашага рэгіёна знайшла выхад у пераадоленні недахопу сродкаў бюджэтнага фінансавання на стварэнне «паказухі», адбіраючы сумленна заробленыя грошы ва ўласных грамадзян, многія з якіх і так ледзь-ледзь выжываюць ва ўмовах крызісу.

Магчыма, лепш было ўзяць за аснову прыклад Латвіі, дзе заробкі дзяржаўных чыноўнікаў скарацілі на 30 працэнтаў, значна паменшыўшы іх колькасць.

Барыс Вырвіч

Каментаваць