Прадаўцы сцяжкоў напалі на абласнога каардынатара Руху «За Свабоду»

Каардынатар Руху «За Свабоду» ў Мінскай вобласці Віталь Амяльковіч зрабіў заўвагу распаўсюджвальнікам сцяжкоў у Слуцку, у адказ тыя пачалі паводзіць сабе агрэсіўна. Давялося выклікаць міліцыю.
«Група маладых людзей, якія прадстаўляліся глуханямымі, у Слуцку прыставалі да мінакоў, спрабуючы прадаць дзяржаўныя чырвона-зялёныя сцяжкі. Я падышоў зрабіў ім заўвагу, запытаўся, ці не незаконная гэта прадпрымальніцкая дзейнасць. У адказ тыя пачалі мяне хапаць за рукі, спрабавалі адцягнуць», — распавёў сайту Pyx.by Віталь Амяльковіч.

Па ягоных словах, у выніку ён выклікаў міліцыю. «Як толькі тыя пабачылі міліцыю, напісалі: «Ён БНФ», — і тыкалі на налепку на тэлефоне з Пагоняй», — адзначыў рухаўскі каардынатар.

Амяльковіч прыгадаў, што гэтыя ж прадаўцы раней прадавалі і расійскія сцяжкі і "каларадскія" стужкі. І агрэсіўна сабе паводзілі, калі ён спрабаваў іх фатаграфаваць.

Міліцыя затрымала прадаўцоў, паехаў у пастарунак і Віталь Амяльковіч, з якога ўзялі тлумачальную. Па ягоных словах, міліцыянты да сітуацыі ставіліся спакойна.


Вольга Быкоўская, pyx.by


Каментаваць