Прадпрымальнікі збіраюцца на чарговы форум

Індывідуальныя прадпрымальнікі (ІП) з усіх рэгіёнаў Беларусі збіраюцца на чарговы форум, які пройдзе 1 лютага ў мінскім гатэлі "Пекін".

 



Сустрэча павінна пачацца ў 12.00, яе арганізатарам традыцыйна выступае рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Перспектыва".

Форум прысвечаны ўзаемаадносінам ІП і дзяржавы, а таксама ролі, значэнню і прапановам малога бізнесу ў святле эканамічнай сітуацыі, якая склалася. Удзельнікі сходу прааналізуюць і дадуць ацэнку наяўнаму становішчу індывідуальнага прадпрымальніцтва, спрагназуюць развіццё падзей у гэтай сферы самазанятасці. Акрамя таго, яны выкажуць свае прапановы аб пераадоленні крызісных з'яў, якія ставяць пад пагрозу існаванне беларускага індывідуальнага прадпрымальніцтва як эканамічна актыўнага класа.

На форум запрошаныя чыноўнікі шэрагу міністэрстваў і ведамстваў Беларусі, замежныя дыпламаты. Прадстаўнікі пасольстваў Францыі, Германіі і ЗША пацвердзілі свой удзел, прычым нямецкую дыпмісію будзе прадстаўляць асабіста пасол Петэр Дэтмар.

Персанальнае запрашэнне было накіраванае і Аляксандру Лукашэнку, які сёння знаходзіцца ў Сочы.

За некалькі дзён да форуму старшыня "Перспектывы" Анатоль Шумчанка звярнуўся да прадстаўнікоў грамадскіх і палітычных структур з просьбай не прыходзіць на гэтае мерапрыемства без запрашэння. "Перспектыва" з павагай ставіцца да дэмакратычных сілаў краіны, аднак жадае бачыць вас адзіным цэлым, а не разрозненымі групамі, якія пераследуюць кожная свае мэты", — напісаў Шумчанка на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку".

На папярэднім форуме, які адбыўся 11 студзеня ў гатэлі "Беларусь", здарыліся інцыдэнты з удзелам экс-кандыдата на пасаду прэзідэнта Таццяны Караткевіч і грамадскага актывіста прадпрымальніка Алеся Макаева. Караткевіч агітавала ІП далучацца да яе каманды для ўдзелу ў парламенцкіх выбарах, а Макаеў заклікаў іх да актыўных пратэстаў, пераконваючы, што толькі так можна вырашыць праблемы малога бізнесу. У выніку арганізатары запатрабавалі ад Караткевіч і Макаева пакінуць мерапрыемства.

Форум планавалі правесці 25 студзеня, аднак ён не адбыўся з-за праблем з месцам. Неаднаразовыя спробы арганізатараў арандаваць памяшканне, здольнае змясціць як мінімум 500 чалавек, поспеху не мелі. Дамоўленасці аб арэндзе дасягаліся, але ў апошні момант зрываліся па віне арэндадаўцаў.

Нагадаем, з 1 студзеня, пасля ўваходжання ў сілу ўказа прэзідэнта № 222 "Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі", праца ІП у Беларусі была паралізаваная. Згодна з указам яны павінны рэалізоўваць прадукцыю легпрама, увезеную з краін Мытнага саюза, толькі з суправаджальнымі дакументамі. Аднак расійскія пастаўшчыкі, у якіх закупляюць тавар большасць беларускіх ІП, як правіла, адмаўляюцца выдаваць дакументы аб паходжанні прадукцыі альбо даюць фіктыўныя даведкі. У выніку ІП штрафуюць, у іх канфіскуюць тавар. Паколькі неаднаразовыя просьбы прадпрымальнікаў да ўладаў адмяніць указ пачутыя не былі, з пачатку студзеня пераважная большасць ІП, якія гандлююць таварамі лёгкай прамысловасці, прыпынілі сваю працу з-за немагчымасці выконваць патрабаванні ўказа.

Прадпрымальнікі таксама дамагаюцца адмены ўказа № 48 "Аб мерах па забеспячэнні дзяржаўнага кантролю (нагляду) за выкананнем патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў". Акрамя таго, яны просяць вярнуць ім магчымасць працаваць па адзіным падатку без павышальных каэфіцыентаў, разгледзець пытанне аб выплаце абавязковых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва за фактычна адпрацаваны час, уключыць у працоўныя групы і камісіі па вырашэнні пытання аб далейшай дзейнасці ІП саміх прадпрымальнікаў з ліку членаў саветаў рынкаў.

На фоне пустых рэчавых рынкаў у студзені ў шэрагу гарадоў Беларусі, у тым ліку ва ўсіх абласных цэнтрах, прайшлі стыхійныя акцыі ІП і іх сустрэчы з мясцовымі чыноўнікамі.

Паводле: БелаПАН

Каментаваць