Прадстаўніцтва ЕС ў Мінску зноў заклікала ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне

З нагоды Еўрапейскага і Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання 13 кастрычніка Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Мінску зноў заклікала беларускія ўлады ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне ў якасці кроку да яе канчатковай адмены.



“У свеце захоўваецца ўстойлівая тэндэнцыя да адмены смяротнага пакарання, хоць у апошні час адзначаны шэраг праяў рэгрэсу, што выклікае трывогу. Смяротнае пакаранне не стрымлівае злачыннасць. Смяротнае пакаранне не можа ні павярнуць злачынства назад, ні змякчыць пакуты яго ахвяры. Акрамя таго, зусім не такія рэдкія выпадкі, калі судовая памылка раскрываецца занадта позна, пасля таго, як смяротны прысуд прыведзены ў выкананне”, — гаворыцца ў заяве Прадстаўніцтва ЕС.

У заяве адзначаецца, што ў Беларусі па-ранейшаму прысуджаюць да смяротнага пакарання, і ў цяперашні час два чалавекі знаходзяцца ў камерах смяротнікаў. “Таму Еўрапейскі саюз заклікае беларускія ўлады прыслухацца да закліку Камітэта па правах чалавека ААН і прыпыніць пакарання”, — адзначаецца ў дакуменце.

Еўрапейскі саюз і яго дзяржавы-члены, прадстаўленыя ў Беларусі, гатовы прымаць удзел у шырокай грамадскай дыскусіі па пытаннях адмены смяротнага пакарання і дзяліцца сваім вопытам і ведамі, адзначаецца ў заяве.

Каментаваць