Прафесія — паэт: з нагоды адкрыцця кавальні творчых кадраў

Творчыя колы краіны перуном працяла навіна: у БДУ неўзабаве пачнуць выдаваць дыпломы паэтаў, празаікаў, драматургаў, крытыкаў і перакладчыкаў. У 2010 годзе Інстытут журналістыкі абвясціў пра адкрыццё новай спецыяльнасці — «Літаратурна-мастацкая творчасць». Штогадовы набор складзе 20 чалавек, 5 з якіх паступяць на бюджэтныя месцы. 15 патэнцыйных геніяў будуць абавязаныя плаціць за ars poetica з уласнай кішэні.



Творчыя колы краіны перуном працяла навіна: у БДУ неўзабаве пачнуць выдаваць дыпломы паэтаў, празаікаў, драматургаў, крытыкаў і перакладчыкаў. У 2010 годзе Інстытут журналістыкі абвясціў пра адкрыццё новай спецыяльнасці — «Літаратурна-мастацкая творчасць». Штогадовы набор складзе 20 чалавек, 5 з якіх паступяць на бюджэтныя месцы. 15 патэнцыйных геніяў будуць абавязаныя плаціць за ars poetica з уласнай кішэні.

Наслухаўшыся бясконцых дыскусій пра тое, чым ёсць прафесійная літаратура, я вырашыла пракаментаваць некаторыя самыя папулярныя тэзісы дэбатаў вакол праекта, які ўжо лічаць айчынным адпаведнікам Маскоўскага Літаратурнага інстытута і Вышэйшых літаратурных курсаў пры ім.


Навучыць пісьменніцтву немагчыма. Складнікі сапраўднай творчасці — талент, высокая маральная якасць і руплівая праца. Індывідуальная.

Я прыдумала гульню па гісторыі літаратуры. Адна каманда называе імёны вялікіх пісьменнікаў з гуманітарнай адукацыяй, другая — з тэхнічнай або ўвогуле невукаў. Думаю, шанцы на перамогу абсалютна роўныя.

Навучыць пісьменніцтву рэальна: ёсць методыкі і напрацоўкі. Асабліва гэта тычыцца майстэрства перакладу... Але ў «дарослым жыцці» няважна, якім шляхам ты прыйшоў да выніку: за цябе гаворыць «партфоліо». Гэтак жа дыплом журналіста нідзе ў свеце не гарантуе працаўладкаванне ў СМІ. Іншая праблема са штучным кшталтаваннем літаратараў вынікае з агульнай спецыфікі беларускай вышэйшай адукацыі. У 17–18-гадовым абітурыенце можна разгледзець хіба добрага паэта. Схільнасці да прозы, а пагатоў, драматургіі праяўляюцца значна пазней. Цяжкая акалічнасць ва ўмовах, калі радзіме пільна патрэбныя раманісты і сцэнарысты блакбастэраў…


Знакамітыя пісьменнікі літінстытутаў не сканчалі.

Сярод выпускнікоў Маскоўскага Літінстытута, заснаванага ў 1933 годзе па ініцыятыве Максіма Горкага, — непералічальная колькасць імёнаў, якія гавораць самі за сябе. Тут і новыя класікі (Генадзь Айгі, Бэла Ахмадуліна, Віктар Астаф’еў) і легенды (Аляксандр Галіч), і зоркі (Віктар Пялевін). З сучасных беларускіх літаратараў — Валянцін Акудовіч, Леанід Дранько-Майсюк. Вышэйшыя літаратурныя курсы скончылі Леанід Галубовіч, Віктар Шніп.

Іншая справа, што ў інтэрнэце можна сустрэць два спісы: «Выбітныя выпускнікі Літінстытута» і «Выбітныя выкладчыкі Літінстытута». Толькі ад спіса №2, які сфармуюць на новай кавальні творчых кадраў, залежыць, ці паўстане з часам спіс №1.


У Беларусі ўжо ёсць «кузня творчых кадраў» — філалагічныя факультэты БДУ і БДПУ — і ўсе філфакі краіны з імі. Гадаваць літаратараў на факультэце журналістыкі — мякка кажучы, дзіўна.

Інстытут журналістыкі — адзінае падраздзяленне Дзяржуніверсітэта, дзе ў якасці ўступнага экзамену абітурыенты дагэтуль здаюць сачыненне. З жахам уяўляю сабе групу маладых літаратараў, набраную метадам тэставання па мове і літаратуры, як гэта, верагодней за ўсё, адбылося б на спрадвечным канкурэнце журфака — філфаку БДУ ў яго сучасным стане.

Пры тым, што філалагічны факультэт мае найлепшую базу для падрыхтоўкі пачаткоўцаў да літаратурнай працы, гэты рэсурс марнуецца. Выдатныя выкладчыкі звальняюцца ці раз’язджаюцца па доўгатэрміновых стажыроўках, а сам факультэт на дадзеным этапе — фабрыка па навучанню рускай мове студэнтаў-замежнікаў. На прэстыжнае яшчэ 10 год таму аддзяленне рамана-германскай філалогіі — недабор. Пра новыя, а пагатоў — эксперыментальныя спецыяльнасці няма і мовы.

У той жа час факультэт журналістыкі імкліва пашыраецца і эвалюцыянуе. У піяр-палітыцы робіцца акцэнт на навучанне: а). творчаму пісьму, б). менеджменту СМІ, в). новым медыя-тэхналогіям. Усё гэта не можа не ствараць прывабную карцінку ўстановы ў вачах пішучай моладзі. Ёсць падазрэнні, што хутка само слова «журналістыка» на шыльдзе новага корпуса БДУ на Кальварыйскай будзе замененае на сінонім з агульнейшым значэннем… Ідэалогія?


Дыпламаваны раман…


«…убежать, лишь бы
не видеть эти двенадцать светлых иудиных окон
на Тверской, не слышать стук счетов, звон сребреников,
счет печатных листов»
Восіп Мандэльштам
пра Маскоўскі Літінстытут


Найбольшае занепакаенне ў «недыпламаваных» літаратараў і простых чытачоў выклікаў не сам факт адкрыцця новай спецыяльнасці, а тое, што прэса ўпарта звязвае яго з сацзамовай Аляксандра Лукашэнкі на «беларускую «Вайну і Мір». Абсалютна відавочна: ані тых светачаў, якія ўнушаць юнацтву, што такі твор ужо ёсць, і гэта — «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча, ані тых, хто ўвядзе ў талентавыя вушы, што гістарычныя эпапеі — гэта пазаўчорашняе, а раман як жанр увогуле памёр, да выкладання не дапусцяць. Так ці іначай, першаму крэатыў-набору ў 20 чалавек будзе вельмі няпроста. На гэтых дзяцей загадзя наляпілі цэтлікі «літаратурнага камсамолу», ад якога ў будучыні можна чакаць выключна сервільнага мастацтва.

Застаецца спадзявацца, што, як і было анансавана, палепшыцца хаця б гуманітарная падрыхтоўка студэнтаў журфаку. Бо пакуль што так званая «літаратурная журналістыка», якой там ужо вучаць, пакідае ўражанне клаунады з выкарыстаннем чатырохтомніка Гісторыі беларускай літаратуры ў якасці рэквізіту.
 

Каментаваць