Наша сістэма адукацыі ніколі не была такой закрытай, як цяпер

Ці будуць студэнты з Еўропы вучыцца ў беларускіх універсітэтах? Ці можна будзе адчуць павевы акадэмічных свабод? Пра гэта — сябра Грамадскага Балонскага камітэта, прафесар філасофіі Уладзімір ДУНАЕЎ.



Уладзімір Дунаеў


— Як вядома, Беларусь атрымала ад Балонскага камітэту спіс умоў, якія неабходна выканаць, каб стаць часткай агульнай еўрапейскай адукацыйнай прасторы. Балонскі камітэт атрымлівае інфармацыю пра выкананне дарожнай карты, ці ёсць дыялог з Міністэрствам адукацыі?

— Дарожная карта — гэта шэсць напрамкаў, паводле якіх павінна выконвацца рэформа вышэйшай адукацыі ў Беларусі. На наш погляд, самае складанае для Беларусі — імплементацыя фундаментальных акадэмічных каштоўнасцяў, такіх, як акадэмічная свабода і ўніверсітэцкая аўтаномія. Тэарэтычна, мусіць быць нейкі міжнародны механізм маніторынгу, але ён яшчэ не наладжаны. Экспертны камітэт, які павінен займацца рэалізацыяй дарожнай карты ў Беларусі, яшчэ ў стадыі афармлення. Ёсць дзве асобы з боку Мінадукацыі, якія ажыццяўляюць камунікацыю з  экспертным камітэтам. Уся гэтая дзейнасць быццам бы мусіць быць празрыстая. Але пакуль цяжка гаварыць, што механізм працуе, як і сцвярджаць адваротнае. Грамадскі Балонскі камітэт, Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці, пры якой створана камісія па кантролі за рэалізацыяй Дарожнай карты, лічаць, што нельга спадзявацца толькі на афіцыйную інфармацыю. Варта ствараць незалежныя інструменты маніторынгу.

Працаваць можна з адкрытымі крыніцамі — заканадаўства, нарматыўна-прававыя дакументы. А таксама глядзець, як нарматыўныя дакументы рэалізуюцца на практыцы. Некалі яшчэ прарэктар БДУ Міхаіл Жураўкоў публічна заявіў, што ў склад савета ўніверсітэта ўваходзіць каля 30% студэнтаў, а на справе было толькі 10%. Праблема нашай дзяржсістэмы — у тым, што адказы ад Мінадукацыі на запыты часта фармальныя. Свежы прыклад — скандальная сітуацыя са студэнцкімі пратэстамі ў БДУ. Паглядзіце, як адказаў на пытанне журналістаў рэктар Абламейка: «Інфармацыя пра ціск, што нібыта меў месца на студэнтаў БДУ, якая распаўсюджваецца некаторымі інфармацыйнымі рэсурсамі і незарэгістраванымі арганізацыямі, не адпавядае рэчаіснасці. Канкрэтныя факты аб кожным падобным выпадку стануць прадметам разгляду на ўзроўні кіраўніцтва універсітэта» (гаворыцца ў адказе рэктара БДУ на запыт БелаПАН). У нашых умовах гэта празрысты намёк на артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса і на крымінальны пераслед за ўдзел у незарэгістраваных студэнцкіх арганізацыях. У дарожнай карце ёсць пункт аб рэгістрацыі студэнцкіх арганізацый. І наўрад ці нешта можа змяніцца ў гэтым плане да 2017 года, калі цяпер бачым такое стаўленне.

— Беларуская вышэйшая адукацыя будзе прывабная для еўрапейскіх студэнтаў?

— Для еўрапейскіх наўрад ці. Гэта як экстрэмальны турызм. Не думаю, што наша Мінадукацыі разлічвае, што атрымаецца прыцягнуць студэнтаў з Еўропы. У нас разлічваюць у асноўным на азіяцкіх студэнтаў. Цяпер больш за палову з іх — туркмены. Але гэта не свабодная плынь, а арганізаваны набор, бо ёсць пэўныя міждзяржаўныя дамовы. На жаль, туркменскія студэнты — гэта галаўны боль. Сапармурат Ніязаў правёў страшную рэформу сістэмы адукацыі, якая яе і разбурыла. У іх была ўведзеная 9-гадовая сярэдняя і фактычна 2-гадавая вышэйшая адукацыя. Гурбангулы Бердымухамедаў паспрабаваў аднавіць савецкую мадэль, увесці заходнія ўзоры. Але ў пачатку 2000-х гадоў сістэма адукацыі была так падарваная, што цяпер там усё складана. Ну а кітайцы, якія прэтэндуюць на добрую адукацыю, едуць на Захад, а не ў Беларусь. Магчыма, балонскі элемент зробіць супастаўнай архітэктуру адукацыі, але наўрад ці прыўнясе ў бліжэйшай перспектыве нешта істотнае ў якаснае напаўненне.

— Якія рэформы чакаюць Беларусь у частцы гарманізацыі адукацыйных праграм?

— У нас ёсць праблема сярэдняй адукацыі, якая сапраўды не адпавядае еўрапейскім нормам. Адзінаццацігодак у свеце вельмі мала. Звычайна гэта 12–13-гадовае навучанне. Хутка Беларусь далучыцца да міжнароднай сістэмы ацэнкі якасці падрыхтоўкі 15-гадовых школьнікаў. Гэта эфектыўная сістэма ацэнкі, і многія еўрапейскія краіны былі шакаваныя вынікамі. Без нармальнай сярэдняй адукацыі не будзе паспяховай рэформы вышэйшай. Ёсць праблема структуравання навучальных планаў. У Балонскай сістэме не можа быць курсаў, якія завяршаюцца залікамі. Можа быць не больш пяці экзаменаў у семестр. І ўзнікае пытанне: куды не ў шкоду прафесійнай падрыхтоўцы падзець дысцыпліны тыпу «гісторыя Вялікай Айчыннай вайны», «ідэалогія»? Пры гэтым скарачаецца працягласць навучання.

У нас гавораць пра кампетэнтнасны падыход, але без рэформы сістэмы кваліфікацыі гэта — пустыя словы. Працадаўца мусіць распрацоўваць прафесійныя стандарты, а не Міністэрства адукацыі. І ў дарожнай карце першым нумарам стаіць задача распрацаваць нацыянальную рамку кваліфікацый.

У пачатку 2000-х гадоў была спроба рэфармаваць вышэйшую адукацыю ў адпаведнасці з еўрапейскімі трэндамі. Але гэта не атрымалася зрабіць, бо перакройванне праграмы спараджае тое ж беспрацоўе сярод выкладчыкаў. А рэктары не могуць сабе гэта дазволіць.

Цяпер ёсць прынцыповая дырэктыва Балонскага працэсу, што студэнт і працадаўца павінны фармаваць навучальны план. Студэнты мусяць разумець, што ім трэба, каб паспяхова ўладкавацца на працу, і ў адпаведнасці з гэтым фармаваць свой навучальны план.

— Сучасная вышэйшая адукацыя ў Беларусі нярэдка не дае працадаўцам спецыяліста. Часам пра якасць адукацыі нават гаварыць не хочацца.

— Вось на гэты выклік і мусіць адказваць Балонская сістэма. Ніхто не ведае, як замест 5% студэнтаў добра вучыць 80%. І нараджаюцца фантазіі, што, маўляў, у савецкі час прыходзілі ў ВНУ таленавітыя, а цяпер абы-хто. Але справа ў тым, што запыт на вышэйшую адукацыю з боку эканомікі, грамадства ўзрос. І ў нас яшчэ няма і 30% ахопу насельніцтва вышэйшай адукацыяй. У развітых эканоміках першы ўзровень вышэйшай адукацыі патрабуецца практычна ўсюды за выключэннем ручной працы.

Мы ж па-ранейшаму ўспрымаем вышэйшую адукацыю як элітарную, але яна ўжо даўно масавая. Першую прыступку сёння варта разглядаць практычна як абавязковую адукацыю.

— Як вы ацэньваеце моўную падрыхтоўку выкладчыкаў, іх гатоўнасць выкладаць замежнікам?

— Ды з Еўропы ніхто не прыедзе! Не трэба ілюзій. Ну, прыедзе два з паловаю чалавекі. Калі б у нас былі добрыя праграмы на англійскай мове, можна было б чакаць студэнтаў з Азіі. У Беларусі ніколі не было добра з моўнай падрыхтоўкай. Па ўзроўні інтэрналізацыі нават у савецкі час мы не былі ў авангардзе. Для гэтага патрэбныя іншыя традыцыі, больш адкрытая сістэма. У гэтым годзе завяршаецца Дзяржаўная праграма развіцця вышэйшай адукацыі на 2011–2015 гады, адной з яе задач была ўсеагульная падрыхтоўка выпускнікоў па англійскай мове. І дзе можна ўбачыць лічбы выніку? Гэтая праблема тычыцца не толькі выпускнікоў, але і выкладчыкаў.

— Ці здолее наша сістэма адукацыі падцягнуцца да балонскіх стандартаў?

— За тры гады можна шмат чаго зрабіць. Але патрэбная матывацыя. Наша сістэма адукацыі ніколі не была такой закрытай, як цяпер. Можа, прычына ў тым, што ніхто з адміністратараў не верыць у тое, што ўсё будзе выконвацца. Адсюль і памкненне схаваць ад іншых вачэй. І гэта адна з самых сур’ёзных праблем. Другое — замест рэальнай грамадзянскай супольнасці Еўропе падсоўваюць арганізацыі-гонгі. Студэнты, якія хочуць, каб з імі лічыліся, збіраюць подпісы. Іншыя студэнцкія арганізацыі — саветы, студатрады, БРСМ — ніяк на гэта не рэагуюць. І мы бачым карцінку, якую можна прад’яўляць і казаць, што ў нас усё добра. Мы ў 2011 годзе блакавалі ўступленне ў Балонскі працэс, бо беларускія ўлады адкрыта заяўлялі, што ніякіх рэформаў праводзіць не збіраюцца. У 2015 годзе мы настойвалі на тым, каб Беларусь узяла на сябе абавязацельствы па шэрагу патрабаванняў. І ўсе ацэнкі стану беларускай вышэйшай школы і рэкамендацыі па яе мадэрнізацыі, якія змяшчаюцца ў Альтэрнатыўным дакладзе нашага камітэта, знайшлі сваё адлюстраванне ў Дарожнай карце. Наша задача — не перашкодзіць, а зрабіць усё, каб Беларусь стала паўнапраўным сябрам Балонскай сістэмы. Але яшчэ больш важным мы лічым грамадскі ўдзел. Пакуль гэтага не будзе, працэс будзе нежывым і выключна адміністрацыйным.

 

Дарожная карта для Беларусі

1.  Распрацаваць нацыянальную рамку кваліфікацый. Беларусь павінна перайсці на еўрапейскую сістэму крэдытаў (Еўрапейскую сістэму перакладных заліковых адзінак, або ECTS). Нацыянальная каардынацыйная група па распрацоўцы сістэмы кваліфікацый павінна быць створаная да канца 2015 года, а праца над укараненнем сістэмы кваліфікацый павінна пачацца ў першай палове 2016 года.

 

     Ад Беларусі патрабуецца перайсці на ацэнку вучэбнай нагрузкі ў крэдытах, увесці першую ступень (бакалаўра), якая складае 180–240 крэдытаў, і паступова згортваць 5-гадовую ступень бакалаўра, якая існуе цяпер.

 

2.  Беларусь павінна ўзяць на сябе абавязацельствы па забеспячэнні прававой асновы для стварэння незалежнага агенцтва кантролю якасці адукацыі ў адпаведнасці з Еўрапейскімі стандартамі і інструкцыямі. Гэты крок павінен быць зроблены да канца 2017 года.

 

3.  Прывесці заканадаўства ў адпаведнасць з патрабаваннем Лісабонскай канвенцыі аб прызнанні кваліфікацый (дакументаў аб вышэйшай адукацыі). Распрацаваць графік унясення неабходных змяненняў у заканадаўства трэба да канца 2017 года.

 

4.  Да 2017 года павінен быць распрацаваны план забеспячэння аўтаматычнай бясплатнай выдачай Дадатку да дыплома ў фармаце, распрацаваным Саветам Еўропы, Еўрапейскай камісіяй і ЮНЕСКА, на распаўсюджанай мове (не па-руску).

 

5.  Распрацаваць план па забеспячэнні, развіццю і дыверсіфікацыі міжнароднай мабільнасці выкладчыкаў і студэнтаў. Праца над неабходнымі зменамі ў сістэме адукацыі і ў заканадаўстве мусіла пачацца восенню 2015 года, а замацаваны гэтыя змены ў заканадаўстве павінны быць не пазней за сярэдзіну 2017 года.

 

6.  Да канца 2016 года павінны быць перагледжаныя крытэрыі размеркавання студэнтаў-бюджэтнікаў. Размеркаванне павінна быць абмежавана пэўнымі прафесіямі, у дачыненні да якіх у краіне назіраецца нездаволены попыт.

 

     Што тычыцца акадэмічных свабодаў, то да сярэдзіны 2017 года Мінадукацыі павінна прапанаваць парламенту меры па ўключэнні ў нацыянальнае заканадаўства прынцыпаў Вялікай хартыі ўніверсітэтаў і рэкамендацый Савета Еўропы ў дачыненні да адказнасці дзяржавы за забеспячэнне акадэмічнай свабоды і інстытуцыйнай аўтаноміі. Таксама да гэтага часу павінны быць укаранёныя змены, якія забяспечваюць студэнтаў і выкладчыкаў правам свабодна ствараць і рэгістра­ваць арганізацыі.

 

     Справаздача аб выкананні дарожнай карты мусіць быць прадстаўлена ў 2018 годзе.

Кампетэнтнасны падыход грунтуецца на ідэі, што школа павінна забяспечыць не ведамі, а павінна падрыхтаваць да жыцця. Ідэальны выпускнік — гэта не эрудыт з шырокім кругаглядам, а чалавек, які ўмее ставіць перад сабой мэты, дасягаць іх, эфектыўна мець зносіны, жыць у інфармацыйным і полікультурным свеце, рабіць усвядомлены выбар і несці за яго адказнасць, вырашаць праблемы, у тым ліку і нестандартныя, быць гаспадаром свайго жыцця. Кожная з прыведзеных якасцяў называецца «кампетэнтнасцю». Школе ставіцца задача гэтыя кампетэнтнасці фармаваць.

Чытайце таксама: Уладзімір Дунаеў: «Студэнты не з'яўляюцца партнёрамі для рэктарата»

 

Каментаваць