Праекты грамадскасці па Гістарычнаму цэнтру Мінска — на экспертызу

Адміністрацыя Цэнтральнага раёна Мінска вырашыла накіраваць на экспертызу ў Інстытут гісторыі і Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі праектныя прапановы грамадскасці па Гістарычнаму цэнтру Мінска (ГЦМ).



Пра гэта гаворыцца ў лісце намесніка кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёну сталіцы Дзмітрыя Ляшчынскага старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антону Астаповічу.

Аўтар ліста, між іншым, адзначае, што прадстаўленыя таварыствам “Комплексны праект рэканструкцыі, рэстаўрацыі і аднаўлення ГЦМ”, “Эскізны праект сістэмы добраўпарадкавання з выяўленнем і пазначэннем страчанай гістарычнай планіровачанай структуры” ГЦМ, а таксама шматлікія звароты аб парушэннях дзеючага заканадаўства ў галіне гісторыка-культурнай спадчыны “закранаюць фундаментальныя праблемы навуковай рэстаўрацыі і горадабудаўнічай дзейнасці ў ГЦМ і патрабуюць самага сур’ёзнага разгляду на акадэмічным узроўні”.

“Вамі прапануецца фактычна перапісаць гісторыю горада, знішчыўшы ўсё, створанае ў цэнтры пасля 1945 году, і выбудаваць замест гэтага муляж у натуральную велічыню цэнтра Мінска канца XIX — пачатку XX стагоддзяў. Такія радыкальныя рэканструкцыі гістарычнай спадчыны сусветная практыка не ведае, тым больш, што ні адно збудаванне, прапанаванае да аднаўлення, не з’яўлялася гістарычнай каштоўнасцю і не знаходзілася пад аховай дзяржавы. Аднаўляць іх прапануецца па вельмі схематычных архіўных дакументах”, — падкрэсліваецца ў лісце, падрыхтаваным Міхаілам Жыхам — галоўным інжынерам КУП “Мінская спадчына”, створанага рашэннем Мінскага гарвыканкаму ў лютым 2004 года для забеспячэння комплекснага падыходу па рэканструкцыі, рэстаўрацыі, аднаўленню, эксплуатацыі і ўзвядзенню будынкаў у ГЦМ (каля 200 аб’ектаў кварталу “Верхні горад”, Троіцкага і Ракаўскага прадмесцяў, а таксама Замчышча).

У каментары НЧ Антон Астаповіч заявіў, што лічыць абвінавачванні чыноўнікаў безпадстаўнымі. “Прыклады маштабнага аднаўлення цэлых кварталаў страчанай шараговай гарадской забудовы можна назіраць на тэрыторыі нашай суседкі Польшчы, дзе пасля Другой сусветнай вайны з руін былі адроджаныя гістарычныя цэнтры Варшавы, Гданьску, Вроцлаву, Казімежа Дольнага і Замосця. Пасля разбурэння ад паветраных бамбардзіровак паўстала з руін культавая і шараговая забудова больш за 90 германскіх гарадоў, прычым да гэтай пары вядуцца маштабныя працы па аднаўленні кварталаў горада Дрэздэн”, — сказаў Астаповіч.

На ягонае меркаванне, амаральна і некарэктна прад’яўляць прэтэнзіі у адсутнасці навуковага падыходу, калі ігнаруюцца асноўныя прававыя і метадычныя прынцыпы пад час працы на аб’ектах ГЦМ. “Таму ліст з адміністрацыі Цэнтральнага раёну сталіцы толькі сведчыць пра ўзровень адукацыі і  прававой культуры людзей, якія прымаюць рашэнні адносна ГЦМ. У гэтым і ёсць трагедыя айчыннай гісторыка-культурнай спадчыны. Пра гэта сведчыць і намер адправіць нашы праекты на экспертызу ў акадэмію, дзя няма спецыялістаў па рэстаўрацыі і рэгенерацыі гістарычных тэрыторый”, — адзначыў Астаповіч.

Каментаваць