Праезд у метро павысяць да 5 500, у наземным транспарце - да 5 тысяч (відэа)

Мінскія ўлады бліжэйшым часам павялічаць плату за праезд у транспарце, хаця мінчукі да такога ўдару па сваіх кішэнях не гатовыя.



sb.by


Адна паездка ў наземным транспарце абыйдзецца 5000 рублёў, а ў метро — 5500 рублёў. Павышэнне адбудзецца ў снежні, паведамляе finance.tut.by.

У рэгіёнах кошт праезду ў грамадскім транспарце будзе павялічана да 4 тысяч рублёў, а пры набыцці талона ў кіроўцы - да 4500 рублёў, паведаміў гендырэктар Брэстаблаўтатранс Ананій Хвасцюк.

Пра  павышэнне кошту праезду ў сталічным транспарце ўчора заявіў дырэктар дзяржаўнай установы «Сталічны транспарт і сувязь» Валерый Шкуратаў

Планы па павышэнні тарыфаў распрацаваў Мінэканомікі, яны ўжо зацверджаны. «Думаю, што ў бліжэйшы час будуць прынятыя нейкія рашэнні па павышэнню. Бо кошты на цепла - і электраэнергію выраслі больш чым на 40%, а гэта ўсе — выдаткі прадпрыемстваў. Вялікія субсідыі ім ніхто не дасць, вызначаны крыніцы фінансавання, а астатняе трэба збіраць самім. Калі сення не падняць цану, то заўтра няма чым будзе плаціць зарплату, не на што купляць паліва, шыны. Наперадзе зіма, і выдаткі ў гэты перыяд на парадак вышэй», — цытуе Шкуратава БелаПАН.

Аднак мінчукі не гатовыя плаціць такія кошты. Прынамсі, пра тое сведчыць апытанне на вуліцах, якое правяло Еўрарадыё.

Студэнткі Паліна і Рыта: "Ужо чулі, што падаражае. Мы не гатовыя плаціць 5500. Сённяшні кошт нармальны. У Еўропе праезд даражэй, але там і заробкі, і стыпендыі іншыя".

Мінчанка Марына, працуе: "Тры тысячы гатовая плаціць. Але болей, чым зараз, няма куды".

Андрэй, студэнт: "3500 — нармальны кошт праезду. Каб было, як у іншых рэгіёнах. Гатовы і так, як цяпер, плаціць, але не больш. Маё меркаванне — каб студэнтам і навучэнцам зрабілі бясплатны праезд ці ільготу нейкую, бо мы ж пакуль не зарабляем".

Сяргей, працуе: "Праезд можа каштаваць і болей. Але калі болей — каб грошы ішлі на транспарт, не закрывалі дзіркі ў іншых сферах. Маршруткамі людзі карыстаюцца — значыць, гэта іх задавальняе. Дзе я зараз жыву — праезд дарагі, у пераліку на нашы грошы каля 40 тысяч. І людзі ездзяць".

Зараз праезд у метро і ў наземным транспарце каштуе 4 500 рублёў.

Дарэчы, СМІ паведамляюць транспартны казус. Мінскія кантралёры затрымалі ў тралейбусе безбілетніцу ды запрапанавалі ёй разам выйсці на вуліцу дзеля разбіральніцтва. Дзяўчына ж адмовілася выходзіць з кантралёрамі праз дзверы, таму ратавалася ўцёкамі праз акно. Кантралёры не здолелі яе затрымаць – у іх руках засталася толькі дамская сумачка безбілетніцы.

Каментаваць