Пракаповіч назапашвае пасады

Былы кіраўнік Нацбанку, віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Пётр Пракаповіч назапашвае пасады. Урад змяніў склад шэрагу створаных ім фармаванняў, многія з якіх цяпер ачоліў менавіта Герой Беларусі, якому ідзе ўжо восьмы дзясятак.



Так, Пётр Пятровіч стаў галавою Міжведамаснага савета па дзяржаўнай статыстыцы. У якасці старшыні Пракаповіча ўключылі ў склад Камісіі па пытаннях дзяржаўнага рэгулявання коштаўтварэння пры Савеце Міністраў. Таксама былы банкір і памочнік прэзідэнта стаў першай асобай у Працоўнай групе па спрашчэнні падатковай сістэмы Беларусі.

І гэта яшчэ не ўсё. Пракаповіч уключаны ў склад Валютна-крэдытнай камісіі Савета Міністраў. Апроч таго, ён узначаліў склад Міжведамаснай камісіі для каардынацыі работы рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання ды іншых дзяржаўных арганізацыяў, падначаленых ураду, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама па выкананні Праграмы развіцця лагістычнай сістэмы Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2015 года. І нарэшце, намеснік кіраўніка ўраду стаў старшынёй Каардынацыйнага савета па збліжэнні заканадаўства Беларусі з Міжнароднымі стандартамі фінансавай справаздачнасці.

Трэба нагадаць, што яшчэ Пракаповіч  з падачы кіраўніка дзяржавы адказвае за мадэрнізацыю беларускіх прадпрыемстваў. Ці не зашмат навалілі абавязкаў на чалавека, які пасля адстаўкі з пасады старшыні Нацбанку меў сур’ёзныя праблемы з сэрцам? Ды і проста, як адзін чалавек можа пацягнуць такі шырокі фронт працы?

Сапраўды, у дачыненні да Пракаповіча, які і ўзрост мае сталы, і перанёс цяжкую хваробу, гэта проста выглядае такім нейкім антыгумнным падыходам, — адзначыў у каментары НЧ палітолаг Аляксандр Класкоўскі. — Але калі разабрацца, то большасць гэтых камісій толькі ствараюць нейкую бачнасць дзейнасці. Увогуле гэта чыста савецкі падыход, калі дзеля вырашэння нейкай праблемы абавязкова трэба было ствараць адмысловую камісію. І савецкі ж досвед паказвае, што чым болей пладзілі гэтых камісій, тым горай вырашаліся, а дакладней, зусім не вырашаліся адпаведныя пытанні. Таму, калі падыходзіць з гэтага гледзішча, то можа і не будзе катастрафічнай перагрузкі. Бо гэтыя фармаванні ствараюцца дзеля птушачкі, каб у справаздачы можна было напісаць, што вось мы надаём увагу вырашэнню той ці іншай праблемы”. 

Аляксандр Класкоўскі называе гэта “падыходам з мінулага стагоддзя”. “Беларуская наменклатура і ўся кіроўная сістэма ўвогуле фактычна працуе яшчэ па савецкіх схемах. І пра тое, каб вывучаць і пераймаць нейкі перадавы досвед сучаснага  дзяржаўнага кіравання, гаворкі не ідзе. Па-першае, Беларусь не выкарыстоўвае, напрыклад, магчымасці таго ж Усходняга партнёрства, Дыялогу аб мадэрнізацыі, дзе разглядаюцца і гэтыя пытанні паляпшэння дзяржаўнага кіравання, — адзначае аналітык. — Але гаворка нават не пра тое, што няма актыўнага ўдзелу ў гэтых праграмах, а што сама сістэма, і эканамічная, і палітычная, якую стварыў Лукашэнка, яна несучасная, анахранічная. Таму і жывучыя гэтыя саўковыя метады кіравання, якія ў выпадку стварэння камісій носяць такі пераважна імітацыйны характар”.

Каментаваць