Пралятаючы міма…

«БелКА–2» нарэшце лётае па касмічных прасторах. Пакуль што практычнай карысці ад спадарожніка мала — першыя здымкі Беларусі з космасу мы атрымаем не раней як праз пару тыдняў. Затое прапагандысцкай рыторыкі зашмат.
 

«Мы запусцілі свой спадарожнік. Беларусь стала касмічнай дзяржавай, як мы калісьці і планавалі. Усё ж такі космас — гэта найвышэйшыя тэхналогіі. Мы стварылі і новае прадпрыемства, гатовы ўжо самі вырабляць спадарожнікі», — сказаў Лукашэнка.

Кошт праекта па стварэнні і запуску беларускага спадарожніка складае прыблізна 16–17 мільёнаў долараў. Сярод задач, якія будзе вырашаць БКА, — кантроль за надзвычайнымі сітуацыямі, абнаўленне тапаграфічных карт, экалагічны маніторынг навакольнага асяроддзя.

Не, калі гэты спадарожнік — выключна так сабе, «чыста, каб пахваліцца», калі ласка. Але, пэўна, прасцей было б далучыцца да іншых сістэм. Вось я днямі набыў сабе смартфон. Дык там ёсць і мапы Гугла, і сістэма GPS, і сэрвісы па прагнозе надвор’я, не кажучы ўжо пра фота і відэаздымку. Падаецца, танней было б запусціць у космас мой тэлефон — ён выконвае такія ж функцыі, што і беларускі спадарожнік. Дарэчы, на яго яшчэ і званіць можна, у адрозненне ад спадарожніка.

Але ж нам зайздросцяць сусветныя лідары. Не паспелі мы паляцець у космас, як з-за зайздрасці, не інакш, беларускаму правадыру нядобразычліўцы зладзілі «пралёт» па-за Алімпіядай. Інфармацыя пра тое, што беларускі кіраўнік не зможа наведаць Лондан, з’явілася 24 ліпеня. У «Твітэры» на старонцы першага віцэ-спікера Дзярждумы Расіі, прэзідэнта Алімпійскага камітэта РФ Аляксандра Жукава з’явілася паведамленне: «Прэзідэнту НАК Беларусі А. Лукашэнку аргкамітэт Алімпіяды ў Лондане не даў акрэдытацыю. Спорт — па-за палітыкай? А што рабіць з алімпійскімі каштоўнасцямі і традыцыямі? Кожны школьнік ведае, што ў Грэцыі на час гульняў заключалі перамір’е».

Якая дробненькая помста за нашы сусветныя дасягненні! Варта адзначыць, што ў нас і без усялякіх Алімпіяд ёсць што паглядзець — і вачыма, і з космасу. 12 ліпеня гэтага года, выступаючы на адкрыцці міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», Лукашэнка параўнаў яго з маючай адбыцца Алімпіядай. «Па колькасці ўдзельнікаў і разнастайнасці праграмы «Славянскі базар» можа прэтэндаваць на званне летняй культурнай Алімпіяды», — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, на фестывалі дзейнічае галоўны алімпійскі прынцып: мастацтва, як і спорт, па-за палітыкай, на сцэнічных пляцоўках пануе дух сумленнай барацьбы і шчырага захаплення талентам. «Алімпіяда вельмі адстае ад нашага «Базару», яна палітызаваная, там вельмі шмат праблем. А «Славянскі базар» — гэта астравок вальнадумства, незалежнасці, і ў нашага «Славянскага базару» многаму можна навучыцца», — лічыць беларускі кіраўнік.

Кіраўнік Беларусі, дарэчы, у Лондан і не рваўся. Ды і як ён можа пакінуць краіну ў самы гарачы час? Тут у нас авёс закаласіўся, бульба адцвітае, збожжа сыплецца — як у такі час пакінуць краіну? Хакейная клюшка больш на касу падобная, чым усякія скокі ды прабегі. Тут за дзень і так набегаешся без усялякіх Алімпіяд. Тым больш, што мэты ў нас — самыя алімпійскія.

Афіцыйны лідар заявіў пра неабходнасць сабраць сёлета прыкладна 9 мільёнаў тон зерня. «Я маю на ўвазе зерневыя, зернебабовыя, кукурузу. Для нас гэта перамога і забеспячэнне нашых патрэб практычна па ўсіх кірунках», — дадаў ён.

Ён падкрэсліў, што на пытанне якасці «трэба звярнуць асаблівую ўвагу, нельга страціць збожжа». У гэтай сувязі Лукашэнка адзначыў, што даручыў КДК узяць пад кантроль правядзенне ўборачнай. Кіраўнік дзяржавы таксама паведаміў, што найбліжэйшымі днямі плануе, пачынаючы з паўднёвых раёнаў, азнаёміцца з тым, як ідзе ўборка.

Лукашэнка нагадаў, што «калісьці, каб намалаціць мільён тон, прыкладалі проста каласальныя намаганні». «А сёння мільён тон мы намалацілі, яшчэ не ўцягнуўшыся ў масавую ўборку. Гэта амаль не заўважана», — сказаў ён.

Наш лідар выдатна разумее, што залаты медаль з баршчом не з’ясі і на срэбны медаль масла не намажаш. Таму не трэба нам вашых Алімпіяд: галоўнае — так пакіраваць, каб было што з’есці.

Гэта важней, бо Захад нам усё гадзіць і гадзіць. Колькі разоў казалі, што крызісу ў Беларусі няма і быць не можа, а ён, навалач такая, усё не зразумее. Вось і Нацбанк заварушыўся, гледзячы на такое неразуменне.

Намеснік кіраўніка Нацбанку Сяргей Дубкоў адзначае: «Пад уплывам сусветнага фінансавага крызісу пры праяве дысбалансаў у эканамічным развіцці краіны (напрыклад, якія ўзніклі ў 2011 годзе) магчымыя значныя непрадказальныя ваганні ўзаемных курсаў замежных валют».

Так у лёгкай і ненавязлівай форме Дубкоў папярэдзіў народ пра магчымасць чарговай дэвальвацыі беларускага рубля. Бо калі б курс рубля быў зусім стабільным, што нам гэтыя «ваганні валют»? Вось брытанскі фунт, нягледзячы на ўсе скокі еўра і долара, як быў стабільны, так і застаўся. Што перашкаджае і нам так?

Пэўна, толькі падкопы ворагаў, якія спекулююць на ўсім, чым можна: на Алімпіядзе, на курсах долара і на самым святым — на беларускіх выбарах.

Беларуская эканоміка стабілізавалася пасля глыбокага крызісу плацежаздольнасці, выкліканага палітычнымі рашэннямі. Аднак нядаўна абвешчаныя павышэнні заробкаў у бюджэтнай сферы могуць прывесці да новага ўсплёску макраэканамічнай нестабільнасці пасля парламенцкіх выбараў у верасні, гаворыцца ў справаздачы Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця.

Нашы заробкі, бачце, ім перашкаджаюць! Аднак, сапраўды, трэба ўлічыць, што грошы на ўборачную, грошы на выбары, грошы на падвышэнне заробкаў не бяруцца з неба. «БелКА–2» іх нам не скіне. Так што трэба жыць па сродках, каб не вякаў ЕБРР.
 

Каментаваць