Прапаганда на экспарт

Здаецца, самому Аляксандру Лукашэнку надакучыла тлумачыць еўрапейцам прапісныя для Беларусі рэчы. Ужо шмат гадоў прыязджаюць і прыязджаюць да яго замежныя журналісты. А пытанні, здаецца, адны і тыя ж. Надакучыла ўжо казаць, што ніякіх рэвалюцый у Беларусі не будзе, што мы за нармальныя стасункі з Захадам, але Захад нас не разумее, што няма ў нас палітзняволеных, і што за ўладу трымацца Лукашэнка не будзе: папросяць па-добраму — сыдзе.



Альбо заходнія журналісты задаюць адны і тыя ж пытанні, альбо Аляксандр Лукашэнка адказвае на аднолькавыя пытанні па-рознаму. Тое ці іншае, але адчуванне такое, што Захад «не даганяе», таму яму трэба ўсё тлумачыць некалькі разоў. А значыць што? Значыць, трэба стварыць пастаянную трансляцыю прамоў Аляксандра Лукашэнкі на Захад. Здаецца, ён гэтым і заняўся.

І 28 лістапада, прымаючы старшыню Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзьку, Аляксандр Лукашэнка даручыў пашырыць міжнароднае тэлевяшчанне Беларусі і палепшыць яго якасць. Сапраўды, колькі можна тлумачыць пастаянна адно і тое ж? Таму Лукашэнка пацікавіўся ў Давыдзькі, як наладжана міжнароднае вяшчанне кампаніі: «Я хацеў бы, перш за ўсё, атрымаць ад вас аб’ектыўную інфармацыю аб працы беларускага канала за мяжой. Для нас гэта вельмі важна. Тое, што ўнутры адбываецца, мы гэта бачым, а як бачыцца наш канал, як яго глядзяць за межамі нашай краіны?»

Давыдзька адрапатраваў у вайсковым стылі. Аказваецца, зараз міжнароднае вяшчанне ажыццяўляецца тэлеканалам «Беларусь–ТВ» з трох спадарожнікаў на тэрыторыю ўсёй Еўропы і Паўночнай Афрыкі. Гіпатэтычная колькасць тэлегледачоў складае каля 220 мільёнаў чалавек.

Справа ў тым, што, як гаворыцца на сайце тэлеканала, перш за ўсё ён разлічаны на «замежных тэлегледачоў, асабліва для руска- і беларускамоўных жыхароў постсавецкай прасторы, якія жадаюць аператыўна атрымліваць усебаковую і дакладную інфармацыю аб Беларусі».

Еўропа і Паўночная Афрыка — гэта, здаецца, не «постсавецкая прастора», тут Давыдзька ў школе геаграфію недавучыў. Недавучыў ён і матэматыку, паколькі вяшчанне канала «ажыццяўляецца на беларускай і рускай мовах» — той самы афіцыйны сайт «Беларусь–ТВ». Для адрознення паміж «гіпатэтычным», «патэнцыйным» і рэальным гледачом, трэба адправіць яго ў падарожжа ў Паўночную Афрыку з загадам не вяртацца адтуль да тых часоў, пакуль ён не прывязе з сабою хоць аднаго бедуіна гэтага рэгіёну, які б валодаў беларускай мовай і з гэтай нагоды глядзеў бы «Беларусь–ТВ».

Давыдзька мог бы пахваліцца яшчэ і тым, што з 28 сакавіка 2008 года тэлеканал «Беларусь–ТБ» пачаў вяшчанне на спадарожніку Galaxy 19 (97°W), сігнал якога распаўсюджваецца на тэрыторыі Паўночнай Амерыкі. З гэтага моманту ўладальнікі больш як 2 мільёнаў антэн у ЗША і Канадзе, а таксама жыхары Мексікі, Гватэмалы, Кубы, Дамініканскай Рэспублікі, Пуэрта-Рыка, атрымалі магчымасць глядзець праграмы беларускага канала. Але знайсці беларускамоўнага ў Дамініканскай Рэспубліцы, здаецца, значна цяжэй, чым беларускамоўнага бедуіна.

Таму, здаецца, правільна Лукашэнка прыняў рашэнне значна паменшыць бюджэтную падтрымку беларускіх тэлеканалаў у наступным годзе. Навошта марнаваць грошы на нікому не патрэбныя спадарожнікі? «Хачу вас папярэдзіць, што мы рэфармуем усе структуры, якія карыстаюцца сродкамі з бюджэту. Такіх маса ў краіне, у тым ліку і Белтэлерадыёкампанія. 25–30% скарачэння і павелічэнне эфектыўнасці — гэта непахіснае маё патрабаванне, і вы, напэўна, гэта ўжо адчуваеце», — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Хутка ў нас з’явіцца шмат беспрацоўных карэспандэнтаў БТ. Шкадаваць, шчыра кажучы, ім няма аб чым. Нядаўна БТ спрабавала ў Мінску карэспандэнта знайсці — усяго за 600 тысяч рублёў заробку. Лепш за ў пяць разоў большае ўзнагароджанне прыбіральшчыкам метро пайсці…

Патрэбныя новыя формы і новыя метады працы. Не баўбатаць праз «зомбаскрыню», а вынаходзіць іншае. Вось шведскае рэкламнае агенцтва «Studio Total» атрымала за плюшавы дэсант у Беларусі міжнародную рэкламную ўзнагароду — «Epica Awards 2012». Як паведамляецца на сайце «Epica Awards», шведскай кампаніі было прысуджана золата ў намінацыі «Public Relations». Прычым, прэмія не абы-якая: «Epica Awards» — найбуйнейшы сусветны конкурс рэкламістаў, пераможцу вызначаюць рэдактары 41 часопіса з 34 краінаў свету.

Варта адзначыць, што шведы сваім «плюшавым дэсантам» прапіярылі не толькі самі сабе, але і Беларусь у нейкім сэнсе. Можа, гэта шведам аддаць рэштку грошай і ад Белтэлерадыёкампаніі, і ад піяршчыка лорда Бэла, і ад іншых, хто не здолеў вывесці Беларусь на сусветны ўзровень так, як гэта зрабіла «Studio Total».

Наўрад ці яны прыедуць у Беларусь нават за грашыма, бо расследаванне іх пралёту ўсё ж працягваецца. Генпракуратура Літвы «ў хуткім часе адкажа» на запыт Беларусі адносна расследавання незаконнага перасячэння ў ліпені гэтага года беларускай мяжы з літоўскай тэрыторыі лёгкаматорным самалётам, які пілатаваў шведскі экіпаж. Пра гэта паведаміў 27 лістапада журналістам у сейме намеснік генпракурора Літвы Дарус Раўлушайціс.

«Адкажа тое, што і павінна адказаць у мэтах выканання сваіх міжнародных абавязацельстваў і дагавора аб прававой дапамозе з Беларуссю», — сказаў Раўлушайціс. Паводле яго слоў, падрыхтоўка адказу зацягнулася, таму што трэба было «сабраць матэрыял».

Ды і грошы тут занадта не прываблівыя. На выдаткі выйдзе больш, бо па выніках дзесяці месяцаў 2012 года Беларусь заняла першае месца па росце цэн сярод краін былога СССР.

За студзень—кастрычнік цэны ў Беларусі павялічыліся на 18,1%, у Таджыкістане — на 6,1%, Расіі — на 5,6%, Кыргызстане — на 5%, Казахстане — на 4,6%, Эстоніі — на 3,8%, Літве — на 3,1%, Малдове — на 3%, Латвіі — на 1,6%.

У Арменіі і ва Украіне цэны знізіліся на 0,3%, у Грузіі — на 1,2%, Азербайджане — на 2%. Ва Узбекістане цэны за студзень — верасень павялічыліся на 3,3%, у Туркменістане за першае паўгоддзе — знізіліся на 1,8% (больш свежыя даныя з гэтых дзвюх краін адсутнічаюць). Нават у самаабвешчанай Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспубліцы цэны ўзраслі за дзесяць месяцаў толькі на 9,2%.

Дык хто сказаў, што ў нас няма крызісу? Хай бы Лукашэнка патлумачыў рост цэнаў. Але замежнікаў, здаецца, наш рост цэнаў хваляваць не павінен.
 

Каментаваць