Пратэкцыянізм за наш кошт

“Сыру цяпер з Літвы не прывязеш, — заўважыў знаёмы, калі даведаўся пра падвышэнне мытных пошлін на шэраг імпартуемых харчовых тавараў. Наўрад ці чарговы ўказ кіраўніка Беларусі ўдарыць па індывідуальных аматарах літоўскіх гарганцолы ды ракфору, аднак тое, што для насельніцтва новая заканадаўчая норма выльецца ў падаражанне шэрагу прадуктаў — факт.



“Сыру цяпер з Літвы не прывязеш, — заўважыў знаёмы, калі даведаўся пра падвышэнне мытных пошлін на шэраг імпартуемых харчовых тавараў. Наўрад ці чарговы ўказ кіраўніка Беларусі ўдарыць па індывідуальных аматарах літоўскіх гарганцолы ды ракфору, аднак тое, што для насельніцтва новая заканадаўчая норма выльецца ў падаражанне шэрагу прадуктаў — факт.

Ад 15 лістапада Беларусь увяла тэрмінам на дзевяць месяцаў часовыя падвышаныя стаўкі мытных пошлін на шэраг харчовых тавараў. Памеры ставак замацаваныя ўказам прэзідэнта № 542 ад 15 лістапада 2009 г., перадае агенцтва Прайм-ТАСС. У прыватнасці, стаўка мыта на малочную сыроватку ўсталявана ў памеры 30 працэнтаў ад мытнага кошту тавару (раней 15 працэнтаў), на сыры і тварог — 30 працэнтаў, але не меней за 0,6 еўра за 1 кілаграм (раней 15 працэнтаў і не меней 0,3 еўра за кілаграм). Ажно 180 працэнтаў ад мытнага кошту цяпер давядзецца плаціць тым, хто рызыкне імпартаваць у Беларусь бульбу, цыбулю, капусту, моркву ці буракі. Раней стаўка мыта на бульбу складала 5–15 працэнтаў, на цыбулю, капусту, буракі — 15 працэнтаў.

Акрамя гэтага ў два разы мыты ўзляцелі на імпарт мукі з пшаніцы мяккай і спельты, крупы і мукі грубага памолу, бульбяны крухмал. Стаўка мыта на кандытарскія вырабы з цукру, уключна з белым шакаладам, уведзеная ў памеры 40 працэнтаў, але не меней 0,5 еўра за 1 кілаграм (раней 20 працэнтаў, але не меней 0,25 еўра за 1 кг). За імпарт макаронаў цяпер трэба будзе плаціць 30 працэнтаў ад мытнага кошту тавару замест ранейшых 15-ці працэнтаў, або не меней 0,06 еўра за 1 кілаграм. Для аматараў замежных вітамінаў таксама сюрпрыз: на адзін месяц стаўкі мыта на імпарт таматаў і агуркоў выраслі на 50 працэнтаў ад мытнага кошту (раней мыта складала 15 працэнтаў, або не меней 0,06 еўра за 1 кг).

Пасля азнаямлення з тэкстам указу ў галаву прыходзіць показка пра тое, што “без мяне і бульбу перабраць не могуць. Але беларускія рэаліі такія, што кошты на агуркі-памідоры — справа прэзідэнцкай важнасці, а ўжо чым займаюцца кампетэнтныя ў гэтым міністэрствы і ведамствы — другаснае.

Захады кіраўніцтва краіны ў абароне сваіх вытворцаў зразумелыя. Айчынная сельгаспрадукцыя някепскай якасці, але ўсё ж таматы са Ждановічаў саступаюць у сваёй спеласці і смакавых характарыстыках і, што вельмі важна, пакуль яшчэ ў коштах іспанскім, галандскім ці ўкраінскім, зрэшты, як і шэраг іншых тавараў. Спажывец, які прызвычаіўся да пэўнага набору прадуктаў, звычайна не адмаўляецца ад іх пасля падвышэння кошту, але не ў сённяшніх умовах.

Цяпер адбываецца паступовае пераразмеркаванне структуры спажывання. Любы прадавец прамысловых тавараў скажа, што беларусы сталі набываць куды менш тэхнікі, вопраткі, абутку, чым летась. Заробкі збольшага трацяцца на харчаванне ды іншыя надзённыя патрэбы. Таму натуральна, што шэраг пакупнікоў прагаласуе рублём за айчынны прадукт, хай сабе і ніжэйшы па якасці. Але наіўна было б думаць, што пад шумок падаражання імпартных тавараў кошты на беларускую прадукцыю застануцца на ранейшым узроўні.

“Любы пратэкцыянізм вядзе да павышэння коштаў унутры краіны, — адзначае кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, эканаміст Сяргей Балыкін. — Паслабляецца канкурэнцыя, беларускім вытворцам становіцца лягчэй працаваць на мясцовым рынку, але за кошт спажыўца. Дзяржава заяўляе, што падтрымлівае айчыннага вытворцу, але сваіх грошай яна не мае, таму атрымліваецца, што мы будзем плаціць больш за тое, каб беларускія вытворцы адчувалі сябе лепш.

Беларусы ў працэнтных суадносінах трацяць на тавары першай неабходнасці куды больш за еўрапейцаў. Напрыклад, паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у другім квартале гэтага года расходы на харчаванне складалі 41,5 працэнта ад агульнай сумы сямейнага бюджэту. Адпаведна, падвышэнне мыта на харчовую прадукцыю і, як вынік, цэнаў на яе прывядзе да росту гэтага паказчыка і паніжэння ўзроўню жыцця насельніцтва.

“Трэба разумець, што вытворцамі мы з’яўляемся толькі на працягу працоўнага дня, а ў астатні час — спажыўцамі, і нам давядзецца плаціць з уласнай кішэні за афіцыйныя пралікі. Што б ні сцвярджала статыстка, але краіна ў нас бедная. Можна ўводзіць пратэкцыянісцкія меры да вытворцаў тэхнікі, аўто, бо гэта не прадмет першай неабходнасці, машыны і тэлевізары мы штодня не набываем, — падкрэслівае Сяргей Балыкін.

З іншага боку, ад такіх захадаў церпяць не толькі спажыўцы, але і беларускія вытворцы. Праца ў цяплічных умовах ніяк не стымулюе да скарачэння выдаткаў. У выніку страчваюцца навыкі канкурэнтнай барацьбы, якімі, варта прызнаць, большасць прадпрыемстваў у нас і так не валодае. Таму можна не чакаць, што праз паўгода айчынныя вытворцы харчовых тавараў масава мадэрнізуюцца, заваляць прылаўкі крамаў якаснымі і таннымі аналагамі імпарту ды пойдуць заваёўваць замежныя рынкі з крамянымі памідорамі і элітнымі сырамі.

Каментаваць