Пратэст сярэдняга класа

У Расіі працягваюцца акцыі пратэсту супраць «пуцінізацыі» дзяржавы. У адрозненні ад Беларусі, на вуліцу з пратэстнымі настроямі выходзяць забяспечаныя людзі, блізкія да сярэдняга класу, інтэлігенцыя. Расіяне цяпер выступаюць за ўласныя правы, беларусы ж пакуль змагаюцца за сваю кішэню.



У Расіі працягваюцца акцыі пратэсту супраць «пуцінізацыі» дзяржавы. У адрозненні ад Беларусі, на вуліцу з пратэстнымі настроямі выходзяць забяспечаныя людзі, блізкія да сярэдняга класу, інтэлігенцыя. Расіяне цяпер выступаюць за ўласныя правы, беларусы ж пакуль змагаюцца за сваю кішэню.


Летась з беларускімі «маўклівымі» акцыямі пратэсту некаторыя звязвалі сціплыя спадзевы на абуджэнне людзей, іх гатоўнасць адстойваць свае правы. Аднак эканамічныя бунты хутка гаснуць — дастаткова ўладам толькі крыху палепшыць дабрабыт ці хаця б стабілізаваць сітуацыю. Што ў прынцыпе і было зроблена, і адразу ж рэйтынгі беларускай улады папаўзлі ўверх.


У Расіі цяпер пратэстуе сярэдні клас, пратэстуе не супраць пустых лядоўняў, бо ў гэтых людзей акурат ёсць што пакласці на бутэрброд, а за выкананне сваіх правоў, магчымасць мець прадстаўнікоў сваіх інтарэсаў у органах дзяржаўнага кіравання.


Падзеі ў Расіі цяпер многія параўноўваюць з беларускімі — вобшукі, затрыманні, новы закон аб мітынгах. Ксенія Сабчак, адна з расійскіх медыйных персон, удзельніца пратэстных акцый, нядаўна бадзёра спявала пра Мядзведзева: «спасибо, что не бот», а цяпер асэнсоўвае рэчаіснасць пасля вобшуку ва ўласнай кватэры і канфіскацыі ўнушальнай сумы грошай. Беларусы ўжо не першы год жывуць ва ўмовах «кроку ўлева, крок управа...», расійскі незадаволены сегмент грамадства толькі звыкаецца. Але ці звыкнецца?


У аўторак на вуліцы Масквы на «Народны марш», паводле ацэнкі арганізатараў, выйшлі не менш за 120 тысяч чалавек. Паліцыя гаворыць пра 18 тысяч удзельнікаў. На мітынгу прадстаўнікі апазіцыі з гумарам пагаджаліся з такой лічбай — за перавышэнне заяўленай колькасці ўдзельнікаў мітынгу ім трэба было б заплаціць высокі штраф. Да слова, спецыяліст па кампутарным зроку Анатоль Кац распрацаваў адмысловую праграму падліку колькасці ўдзельнікаў маніфестацый. Праграма выдала свой вердыкт — у шэсці ўдзельнічалі 54 000 чалавек. Аўтар методыкі ўдакладняе, што максімальная хібнасць можа складаць плюс-мінус 10% з-за таго, што калоны часта спыняліся, а шчыльнасць пасажырапатоку час ад часу змянялася.


З беларускага досведу маскоўскаму шэсцю і мітынгу аўторка можна было б прарочыць разгон, але выглядае на тое, што яшчэ не час. Ды і ўмовы іншыя — расійскі пратэст не базуецца на тых, хто жыве ў сваім, адколатым ад дзяржавы свеце. У выніку дэманстранты не толькі прайшлі па Маскве, але і прынялі «Маніфест свабоднай Расіі» з патрабаваннямі адправіць Пуціна ў адстаўку; падрыхтаваць новы закон аб выбарах, прыняць парламенту новае выбарчае заканадаўства, правесці па новаму закону выбары; новаму парламенту вынесці на рэферэндум праект новай Канстытуцыі, які абмяжоўвае паўнамоцтвы і тэрмін знаходжання на пасадзе прэзідэнта; прыняць новыя законы аб мясцовым самакіраванні і прамых свабодных выбарах губернатараў. Кантроль за гэтымі працэсамі мусяць узяць на сябе наваствораныя грамадзянскія органы, у тым ліку «круглыя сталы». Народ патрабуе дзяржаўных рэформаў. Расійскі левы палітычны дзеяч, лідар руху «Авангард чырвонай моладзі» Сяргей Удальцоў запатрабаваў вызваліць палітвязняў. Ён жа прапанаваў да восені падрыхтаваць «вырашальную акцыю па ўсёй краіне». Грамадскі дзеяч Алена Папова спрагназавала сацыяльны пратэст, які ў сілу эканамічных прычынаў мусіць прыйсці ў Расію прыкладна праз 1,5 гады.


Расійскі палітолаг Дзмітрый Арэшкін піша, што пратэстныя настроі ў расійскім грамадстве — натуральны вынік: «Пуцін загнаў сябе ў кут. Сацыяльная апора сціскаецца як шчыгрынавая скура, эканоміка трашчыць, вертыкаль кінула маляваць карцінкі светлай будучыні і занятая выключна самаабаронай. Усе прадказальна». Разам з тым палітолаг падкрэслівае, што спробы аднавіць «савецкую мадэль татальнага менеджменту» не магчымыя без «тэрору ўверсе і ўнізе, кулямётаў на вуліцы, цэнзуры, «філасофскага парахода» і «жалезнай заслоны». «Па той простай прычыне, што ілжывая сістэма каштоўнасцяў і ілжывая прапаганда асуджаныя на паразу ў сутычцы з фактамі і кваліфікаванымі экспертамі. І вы — калі шчыра — гэта выдатна ўсведамляеце. Інакш навошта адціраць ад выбараў талковых апанентаў, і ў дадатак яшчэ фальсіфікаваць вынікі нават такой выродлівай гонкі? Аднак тэрору не хочацца. Хочацца, каб чысценька. Каб як у Сталіна, але без расстрэлаў. Вось калі б яны першымі пачалі, а мы б толькі вымушаныя былі адказваць... Ну, дзеля захавання законнасці і парадку... Вы мяне зразумелі, калегі? А то нешта апазіцыянераў зашмат развялося», — піша Дзмітрый Арэшкін у «Новой газете».


«Калі меркаваць па тым, як рэагуюць расійскія ўлады, а яны там аўтарытарныя, можна гаварыць пра больш вывераную, чым у Беларусі, пазіцыю. Мне падаецца, што там пакуль маштабна не прымяняецца грубая сіла. Ёсць тактыка біць рублём, ёсць прэвентыўны аўтарытарызм, каб збіць хвалю пратэсту, — параўноўвае беларускі і расійскі супраціў уладам палітолаг Алесь Лагвінец. — Унутры Расіі ёсць больш уласных сродкаў, каб арганізоўваць пратэсты. Тая сума канфіскаваных грошай у Ксеніі Сабчак (1,5 мільёна еўра — аўт.) паказвае, што людзі маюць свой рэсурс, каб заангажоўвацца ў пратэст. Для Беларусі гэта будзе магчымым яшчэ не хутка. Гэты пратэст сярэдняга класа так ці інакш будзе праяўляцца далей, хаця пратсэтоўцы ні там, ні ў нас пакуль не карыстаюцца падтрымкай большасці. Але працэс будзе працягвацца, бо ёсць незадаволенасць уладаю і не бачна шляхоў, каб гэта можна было змяніць. Частка дэмакратаў у Беларусі сочыць за тым, што адбываецца ў Расіі, і, магчыма, будзе нешта запазычваць. Тым больш, некаторыя ў нас кансультуюцца ў расійскіх паліттэхнолгаў. Падзеі ў Расіі могуць павесці Беларусь да збліжэння з Захадам, да надання ўвагі нацыянальнаму чынніку. Увогуле, я перакананы, што Беларусі так ці інакш наканавана развіваць адносіны з Захадам, незалежна ад таго, як будуць развівацца падзеі. Калі ж будзе заходні чыннік, то будзе і патэнцыял да пераменаў унутры Беларусі».


Увогуле, прымаючы да ўвагі страх Аляксандра Лукашэнкі за ўласную ўладу, калі пад бокам у суседзяў пачне разгарацца вогнішча сацыяльных рэвалюцый, можна чакаць узмацнення кантролю над любымі праявамі іншадумства ці несанкцыянаванасці зверху. У прынцыпе, гэта ёсць і цяпер — прыгадаем бязглуздыя затрыманні ў часе канцэртаў, тэатральных пастановак. Але памятаем: няма мяжы дасканаласці, на жаль, і ў кантралюючых функцыях дзяржавы.

Каментаваць