Праваабаронцаў хочуць скарыстаць

Прыйшла бяда для беларускага кіраўніка, адкуль не чакалі. Раней яго дзяўблі заходнія арганізацыі з пытаннямі пра парушэнні правоў чалавека. Зараз да гэтага далучыцца і братэрская Расія, якая сама цвёрда і ўпэўнена рухаецца па беларускім шляху.



Савет па развіцці грамадзянскай супольнасці пры прэзідэнце РФ абзавёўся новай камісіяй, якая будзе вывучаць сітуацыю з правамі чалавека ў іншых краінах. Плануецца, што гэтыя даклады будуць класціся на стол Пуціну.


Зразумела, што стварэнне новай камісіі — гэта расійскі «адказ Чэмберлену» на шматлікую крытыку з боку ЗША і Еўропы. Гэта адказ на «Акт Магніцкага», на закідоны з нагоды асуджэння «Pussy Riot», на з’яўленне ў Расіі палітычных зняволеных. Расіі неяк трэба адказваць на гэтыя выклікі. І прыкладам для рэагавання стала, як амаль заўсёды, Беларусь.


Ва ўсіх яшчэ не знік з памяці даклад беларускага МЗС «Парушэнні правоў чалавека ў асобных краінах свету ў 2012 годзе». Той самы, які амерыканскі часопіс «Foreign Policy» называў «цікавым чытвом, дзе ўсё пастаўлена з ног на галаву», няправільна названа імя кандыдата ад партыі «Зялёных» на апошніх прэзідэнцкіх выбарах у ЗША Джыл Стайн, і дзе яна фігуруе як мужчына.


Расіяне зрабілі высновы. Па-першае, іх даклады будзе фарміраваць не дзяржаўны орган, а дэ-юрэ грамадскі. Па-другое, каб не было падобных да беларускіх «ляпаў», займацца падрыхтоўкай гэтых дакладаў будуць прафесійныя праваабаронцы.


І самае непрыемнае для Беларусі — кіраўніком камісіі абраны Андрэй Юраў. Гэта той самы Юраў, які з 27 снежня 2010 года ўзначальвае Міжнародную назіральную місію за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, створаную ў сувязі з масавымі парушэннямі правоў чалавека пасля прэзідэнцкіх выбараў. Той, якому 17 сакавіка 2011 года УУС Савецкага раёна Мінска прадпісаў пакінуць Беларусь на працягу 24 гадзін, і які знаходзіцца ў спісе асоб, чыё знаходжанне на тэрыторыі краіны непажаданае. Юраву таксама часова забаронены ўезд у Беларусь.


Тое, што ў гэтай сітуацыі пытанне Беларусі ўзнікне на павестцы дня камісіі — да варажэі не хадзі. Сам жа Юраў пасля свайго абрання пацвердзіў, што «асаблівая ўвага» ў працы камісіі будзе нададзена сітуацыі з правамі чалавека ў прасторы Мытнага саюза і краін СНД. Больш за тое, пры камісіі будзе працаваць спецыяльная экспертная група, магчыма, нават з удзелам беларускіх праваабаронцаў у якасці незалежных міжнародных экспертаў.


Такім чынам, Пуцін будзе больш праінфармаваны пра парушэнне правоў чалавека ў Беларусі.
Але, пры ўсім аптымізме Юрава, наўрад ці ад яго камісіі будзе нейкі плён. Прыкладам, жонкі і родзічы зніклых у Беларусі палітыкаў і аператара ОРТ Дзмітрыя Завадскага неаднаразова звярталіся да Пуціна, каб ён паўплываў на Лукашэнку і паспрыяў расследаванню гэтых спраў. У адказ — цішыня. З аналагічным пасланнем, але ўжо да Дзмітрыя Мядзведзева, звярталіся і жонкі палітычных зняволеных пасля Плошчы–2010. Расійскае пасольства ў Беларусі нават паінфармавала, што перадало Мядзведзеву іх ліст, а пасол Расіі ў Беларусі спадар Сурыкаў прыняў некаторых з іх. Далейшай рэакцыі з расійскага боку не было.


Беларускія праваабаронцы і эксперты лічаць, што ніякай рэакцыі на парушэнні правоў чалавека ў Беларусі не будзе і зараз. Бо вельмі ўжо важны для Расіі Лукашэнка як партнёр па кааліцыі. Па-першае, на ягоным фоне Расія ў галіне правоў чалавека выглядае ледзьве не цнатлівай дзяўчынкай. Па-другое, рыторыка ў адносінах да Захаду ў Расіі значна змянілася і амаль дасягнула ўзроўню «халоднай вайны». У гэтым рэчышчы мець такога «антызаходняга» партнёра, як Лукашэнка, Расіі вельмі выгадна. Маўляў, не мы адны тут успрымаем Захад як злачынцу, а не як «калыску дэмакратыі».


Ёсць у гэтай сітуацыі яшчэ і трэці аспект, пра які распавёў праваабаронца Валянцін Стэфановіч. Па ягоных словах, праваабаронцаў могуць скарыстаць зусім не ў тых мэтах, на якія яны спадзяюцца. «У нас ёсць пэўны досвед супрацоўніцтва з расійска-беларускай камісіяй па правах чалавека. Гэтая камісія таксама была створана пры Савеце па правах чалавека пры прэзідэнце Расіі. Узначальвала яе пэўны час Эла Панфілава. У выніку мы вырашылі сысці адтуль па адной банальнай прычыне: камісія ўспрымала правы чалавека з палітычных пазіцый. То бок, яна ўсяляк прапіхвала Саюзную дзяржаву, адзіную эканамічную прастору, і ў гэтым рэчышчы ўспрымала правы чалавека і іх парушэнні. Мы ж не ўспрымалі Саюзную дзяржаву, таму вымушаныя былі адтуль сысці», — кажа Стэфановіч.


Дый наўрад ці Пуцін не ведае пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Але ж, па меркаванні Стэфановіча, дзеля гэтага ён не стане ахвяраваць нацыянальнымі інтарэсамі Расіі і партнёрствам у шматлікіх сферах, у тым ліку вайсковай. Пуцін, канешне, можа цішком «падколваць» Лукашэнку з нагоды парушэнняў правоў чалавека, згадваць непрыемныя для беларускага прэзідэнта факты, калі спатрэбіцца вывесці «малодшага брата» з раўнавагі. Але так, каб усур’ёз націснуць на яго з мэтай палепшыць сітуацыю ў праваабарончай сферы, — гэтага не будзе.


Таму пазіцыя Расіі будзе заставацца стабільнай: «Ён, канешне ж, сукін сын, але гэта наш сукін сын». Афіцыйная пазіцыя Расіі і надалей будзе палягаць у тым, што Беларусь не з’яўляецца дыктатурай, выбары ў РБ праходзяць у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, а асобныя парушэнні правоў чалавека не вартыя таго шуму, які вакол іх раздуваецца. Расія будзе актыўна абараняць Беларусь на сусветнай арэне, крытыкуючы ЗША і Захаду за санкцыі супраць «сінявокай» і ўсяляк падтрымліваць хаўрусніка.


Папросту таму, што ў галіне выканання правоў чалавека Расія сама цвёрда і ўпэўнена рухаецца па беларускім шляху. Пэўна, ёй цікава, ці зможа яна зайсці настолькі далёка ад сусветных стандартаў, як Беларусь.
 

Каментаваць